Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў пілаваць лес ня ўпоперак, а ўдоўжкі


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сёньня загадаў з 2016 году спыніць продаж на экспарт неапрацаванай драўніны.

Наведваючы Рэспубліканскі сэлекцыйна-насеньняводчы цэнтар пад Менскам, ён заявіў:

«Давайце дамовімся: сёлета і ў наступны год вы яшчэ боўтаецеся, а з 2016 году ў вас поўная забарона на пастаўку неапрацаванай драўніны за межы краіны... З 1 студзеня 2016 году вы не пастаўляеце за межы Беларусі сыравіну, а толькі прадукцыю з высокай дададзенай вартасьцю».

«Ёсьць такі выраз: „дайшло да зайчыка“. Менавіта гэтыя словы і хочацца сказаць у якасьці першай рэакцыі на ініцыятыву Лукашэнкі», — адзначае эканаміст Міхась Залескі:

«На сёньняшні дзень Беларусь 50% свайго лесу экспартуе ў краіны, у якіх лесапакрытая плошча большая за нашу. 25% лесу мы экспартуем у краіны, дзе лесапакрытая плошча роўная нашай. І толькі чвэрць лесу мы экспартуем у краіны, якія маюць плошчу лясоў адносна насельніцтва меншую, чым у нас.

Другое — доля кругляка і жэрдак у лясным экспарце Канады, Швэцыі, Фінляндыі складае мізэрныя 0,75–1%. У нас у такі спосаб, калі проста нарэзалі бярвеньня і прадалі, ідзе да трох чвэрцяў лесу.

А эканамічна гэта выглядае так, пра што і кажа Лукашэнка. Уявіце, што ў мяне ёсьць бервяно і ў вас ёсьць бервяно. Калі я яго расьпілую ўпоперак, то атрымаю дровы. А вы, калі расьпілуеце ўдоўжкі, атрымаеце дошкі. І заробіце на гэтым у 10 разоў болей за мяне, патраціўшы роўна столькі ж грошай. Вось гэта і ёсьць дададзеная вартасьць.

Дададзеную вартасьць утвараюць не рукамі, а галавой. Таму Амэрыка — найбагацейшая краіна ў сьвеце. Яна прадае не сыравіну, а тэхналёгіі і стандарты», — канстатуе экспэрт Міхась Залескі.

XS
SM
MD
LG