Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская эліта перад выбарам


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Пра зьмены настрояў у расейскай кіроўнай эліце піша ваенна-палітычны экспэрт Юры Фёдараў.

Улада любога аўтарытарнага лідэра трывалая, пакуль ён не робіць буйных памылак і, галоўнае, пакуль не ставіць пад пагрозу інтарэсы кіроўнай эліты. Разумныя ўладары кіруюць доўга і паміраюць у сваіх ложках, падтрымліваючы балянс ўплыву элітных клянаў і адначасова дазваляючы ім клапаціцца аб сваім дабрабыце ў абмен на ляяльнасьць. У гэтым, дарэчы, адзін з сакрэтаў палітычнага даўгалецьця Брэжнева: нават упадаючы ў маразм, ён працягваў пасьпяхова нацкоўваць сваіх паплечнікаў, ня вылучаючы нікога зь іх і застаючыся, такім чынам, для іх адзіным арбітрам.

Да пачатку гэтага года Пуцін задавальняў практычна ўсіх. Генэралы і дырэктарат ваенна-прамысловага комплексу пасьпяхова асвойвалі ваенны бюджэт, які рос год ад году. Сыстэмныя лібэралы спрачаліся з «сілавікамі», але ні тыя, ні іншыя ня дамінавалі ў маскоўскіх калідорах улады. Кіраўнікі МУС і ФСБ, як здаўна павялося, змагаліся паміж сабой і «апякалі» бізнэс, зрэдку адцягваючыся на барацьбу са злачынцамі і тэрарыстамі. Губэрнатары выбівалі ў Маскве бюджэтныя сродкі, памер якіх, як сьцьвярджае пагалоска, прапарцыйны абяцаным адкатам. Пракрамлёўскія палітолягі давалі парады, як лепш павесіць локшыну на вушы замежным лідэрам. Масы радаваліся посьпехам расейскіх спартоўцаў на Алімпіядзе. Не жыцьцё, а казка.

Расейскі істэблішмэнт стаіць перад выбарам: далей падтрымліваць Пуціна альбо шукаць яму альтэрнатыву.

Аднак нішто ня вечна. Сёньня расейскі істэблішмэнт — некалькі тысяч чалавек, якія кантралююць бюракратычны апарат, войска, паліцыю і бізнэс — стаіць перад выбарам: альбо і далей падтрымліваць Пуціна, які абапіраецца на групоўку «крамлёўскіх ястрабаў», альбо шукаць яму альтэрнатыву, здольную пакласьці канец украінскай авантуры і такім чынам спыніць нарастаючы крызіс, які можа прывесьці да распаду краіны. Адразу прадбачу пярэчаньні: не выдавайце жаданае за сапраўднае, Пуцін моцны як ніколі, расейцы ў прыступе масавага мазахізму згуртаваныя вакол свайго прэзыдэнта, яго рэйтынг дасягнуў нябачанага ўзроўню, і, наагул, для вялікаросаў нацыянальны гонар важнейшы за імпартную каўбасу.

Аргумэнты вядомыя, але непераканаўчыя. Рэйтынг Пуціна, сапраўды, высокі. Аднак у сакавіку 1991 году 78% жыхароў тагачаснага СССР прагаласавалі за захаваньне адзінай айчыны. Колькі зь іх выйшла на вуліцу з чырвоным сьцягам, каб даць адпор разбуральнікам вялікай дзяржавы? У сакавіку 1953 году дзесяткі мільёнаў савецкіх грамадзян плакалі, сумуючы з нагоды сьмерці вялікага правадыра ўсіх часоў і народаў, а празь некалькі гадоў многія зь іх з энтузіязмам скідалі з п’едэсталаў сталінскія статуі.

Нарэшце, што значаць настроі мас у расейскай палітыцы? Пасьля 1917 году меркаваньне народу было прынятае пад увагу толькі праз тры чвэрці стагодзьдзя, напярэдадні краху савецкай улады, калі насельніцтва было да мяжы змучанае пустымі паліцамі крамаў і гатова было граміць будынкі абкамаў партыі і ўпраўленьняў КДБ. Пасьля лёс краіны вырашаўся за начнымі абедамі на «блізкай дачы», на тэнісных кортах ў Горках-9 і спарткомплексах Нова-Агарова, у ціхіх даверных гутарках на сьцежках дачных пасёлкаў ўздоўж Рублёўскай шашы і ў саўнах абкамаўскіх (цяпер губэрнатарскіх) паляўнічых хатаў. Насельніцтва пакуль знаходзіцца ў прыемнай ўпэўненасьці, што санкцыі, асабліва расійскія, дапамогуць адрадзіць айчынную прамысловасьць, а расейскае — значыць, выдатнае.

Расейцы ня ведаюць таго, што вядома любому сур’ёзнаму бізнэсоўцу, урадавым эканамістам і дырэктарам абаронных заводаў.

Але расейцы ня ведаюць таго, што вядома любому сур’ёзнаму бізнэсоўцу, урадавым эканамістам і дырэктарам абаронных заводаў. У 2013 годзе рост ВУП склаў 1,3%, сёлета гэты паказчык, хутчэй за ўсё, апусьціцца да нуля. У выніку уведзеных нядаўна санкцый Расея страціць ў 2014 годзе 23 мільярды эўра, або 1,4% свайго ВУП, а ў будучым годзе — 75 мільярдаў эўра, або 4,8% ВУП. [Кіраўнік кампаніі «Роснефть»] Сечын у паніцы запытаў ува ўрада паўтара трыльёны рублёў — «Роснефть» абмежавалі ў прыцягненьні сродкаў з-за мяжы. Адмова ЗША і ЭЗ пастаўляць у Расею сучасныя тэхналёгіі здабычы нафты прадвызначае спад у гэтай галіны ў найбліжэйшыя гады. Заблякаваны экспарт у Расею з ЗША і Эўропы тэхналёгій падвойнага прызначэньня, што прызначаліся, галоўным чынам, для ваеннай прамысловасьці. Гэта азначае крах праграмы пераўзбраеньня арміі. Толькі з ЭЗ гэты экспарт дасягаў 20 мільярдаў эўра штогод, або каля 40% цяперашняга ваеннага бюджэту Расеі. Размовы аб імпартазамяшчэньне або пастаўках з Азіі — казкі, якімі Рагозін супакойвае крамлёўскіх насельнікаў. Можна замяніць нарвэскую сёмгу кракадзілавым мясам з Бразыліі, але мікрасхемы клясы Space і Defense выпускаюць толькі некалькі замежных карпарацый, экспарт якіх знаходзіцца пад жорсткім кантролем.

Праект Наваросіі праваліўся.

Хоць лёс Данбасу пакуль няясны, «праект Наваросіі» праваліўся. Украіна, з Данбасам або безь яго, на доўгія гады стала праціўнікам Расеі. Ужо ў гэтым дзесяцігодзьдзі новая ўкраінская армія стане важным элемэнтам абароннай сыстэмы Захаду, незалежна ад таго, будзе гэтая краіна чальцом НАТО ці не. Адносіны з ЗША і Эўропай безнадзейна сапсаваныя. Менск і Астана ліхаманкава шукаюць абарону ад старэйшага брата. Застаецца Кітай, але пэкінскія лідэры, вядомыя тым, што заўсёды старанна пралічваюць свае дзеяньні, наўрад ці адчуваюць павагу да дзеячаў слабых, ня здольных прадбачыць вынікі сваіх сутаргавых рухаў цела.

Правал Крамля не бачны толькі тым, хто нічога не хоча бачыць. У актыве ў Пуціна — толькі Крым, які цяпер «наш». Гэта нібыта грэе душу кожнага сапраўднага расейца, няхай гэта будзе дзядзька Вася з піўной або губэрнатар з Сібіру. Але, прыехаўшы ў Маскву па грошы на новы мост або рамонт дзіцячых садоў, губэрнатар чуе ў адказ: «І рады б дапамагчы, але грошай няма, сам разумееш, Крым наш!» Нягледзячы на нацыянальны гонар, губэрнатары, у адрозьненьні ад дзядзькі Васі, задумваюцца: Добра, вядома, што Крым наш, але ж і мост патрэбны, і дзіцячыя садкі ... і фірма, якая мост павінна была будаваць, на цешчу запісаная. Нават у расейскім Генштабе, які тэрмінова нарошчвае войскі ў Крыме, ня могуць не разумець, што ў выпадку канфлікту з НАТО паўвостраў ператвараецца ў пастку. Крымскія аэрадромы і ваенна-марскія базы адкрытыя для удараў з мора, а камунікацыі праз Керчанскі праліў ўразьлівыя.

Пуцін і яго дарадцы ня вучацца на ўласных памылках.

Самае страшнае, што Пуцін і яго дарадцы ня вучацца на ўласных памылках. Яны недаацанілі рашучасьць Захаду супрацьстаяць расейскай агрэсіі на Украіне і здольнасьць новай украінскай улады здушыць мяцеж у Данбасе. Тым не менш з упартасьцю, якая пярэчыць здароваму сэнсу, Пуцін працягвае тэрарыстычную вайну супраць Украіны. Прэзыдэнт Расеі не хоча бачыць, што эскаляцыя санкцый прывядзе да татальнага краху расейскай эканомікі, а ўзброенае ўварваньне ўва Ўкраіну вымусіць Захад перайсьці ад стрымліваньня Расеі да яе адкіданьня.

Гэта, зрэшты, задавальняе «крамлёўскіх ястрабаў». Чым вастрэй супрацьстаяньне з Захадам, тым больш рэальнай улады аказваецца ў руках кіраўнікоў органаў бясьпекі і іншых сілавых ведамстваў. Іх мэта — канчаткова зацьвердзіць жорсткі аўтарытарны рэжым з нэафашыстоўскай ідэалёгіяй, ізаляваць краіну ад зьнешняга сьвету, паставіць асноўныя галіны эканомікі пад кантроль некалькіх дзесяткаў дзяржаўных карпарацый. Але шмат хто ў істэблішменце задае сабе пытаньне: а нам гэта трэба? Сібірскія і далёкаўсходнія эліты могуць задаць і іншае пытаньне: навошта нам патрэбная Масква, палітыка якой пагражае цяжкімі наступствамі, калі мы і самі можам прадаваць нафту і газ?

XS
SM
MD
LG