Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка і Мэркель плянуюць сустрэчу кіраўнікоў Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі


Ангела Мэркель і Пятро Парашэнка

Ангела Мэркель і Пятро Парашэнка

Пра сустрэчу ў «нармандзкім фармаце» (Нямеччына, Францыя, Украіна, Расея) на вышэйшым узроўні гаварылася падчас тэлефоннай размовы прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі і канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель.

Пра гэта паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзыдэнта. Падчас размовы Парашэнка падзякаваў Мэркель за намаганьні па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе, у прыватнасьці за правядзеньне чатырохбаковай сустрэчы міністраў замежных ведамстваў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі ў Бэрліне 17 жніўня. Пра перамовы наконт правядзеньня сустрэчы кіраўнікоў чатырох дзяржаваў раней заяўляў глава ўкраінскага МЗС Паўло Клімкін.

Ён таксама паведаміў, што Ангела Мэркель наведае Ўкраіну напярэдадні Дня незалежнасьці — 23 жніўня. Паводле Клімкіна, гэта будзе «незвычайны візыт».

На перамовах у Рызе нямецкі канцлер Ангела Мэркель заявіла, што эканамічныя санкцыі заходніх краін супраць Расеі з-за сытуацыі на Данбасе «маюць працягвацца». Адначасова яна паведаміла, што ў Латвіі не плянуецца разьмяшчэньне базы НАТО.

17 жніўня ў Бэрліне прайшлі перамовы паміж міністрамі замежных справаў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі па сытуацыі ва Ўкраіне. Паводле словаў дыпляматаў, падчас перамоваў быў дасягнуты «пэўны прагрэс». Аднак пра канкрэтныя вынікі сустрэчы не абвяшчалася.

XS
SM
MD
LG