Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Луганск і Данецк у чаканьні вызваленьня


Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны да гэтага часу ня ведае, колькі людзей загінула ў выніку абстрэлу калёны з цывільнымі на Луганшчыне.

У Кіеве кажуць пра магчымыя «дзясяткі ахвяраў» і просяць не апублікоўваць відэа зь месца здарэньня, таму што яно «жахлівае». Між тым тэрыторыя Данбаса, якую кантралююць прарасейскія баевікі, і далей пакутуе ад гуманітарнага крызысу. У Данецку няма вады, у Луганску і далей адсутнічаюць сьвятло, газ і сувязь.

Калёна жыхароў Луганску, якія выяжджалі ў суправаджэньні ўкраінскіх вайскоўцаў, ішла пад белымі сьцягамі. Нягледзячы на адмысловыя адзнакі, баевікі абстралялі мірных людзей з «Граду» і мінамётаў. Па словах прадстаўніка Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Андрэя Лысенка, колькасьць загінулых дагэтуль невядомая, а кадры зь месца падзеі «жудасныя». «Калёна складалася зь дзьвюх частак. Першая частка — гэта было дарослае насельніцтва, другая частка — дзеці, якіх перавозілі асобна. Баевікі чакалі гэтую калёну і цалкам яе разбамбілі », — паведаміў ён.

Баевікі на Данбасе заявы ўкраінскага боку абвяргаюць. Прадстаўнік сэпаратыстаў сказаў расейскаму «Інтэрфаксу», што заявы РНБА «нічым не падмацаваныя», а факт абстрэлу калёны «дакумэнтальна не засьведчаны».

Экспэрт Цэнтру Разумкова Аляксей Мельнік не выключае, што абстрэл баевікамі калёны менавіта цывільных мог быць выпадковасьцю:

Аляксандар Мельнік

Аляксандар Мельнік

«Колькі будзе доўжыцца гэты канфлікт, столькі будуць гінуць невінаватыя людзі. Гэта магла быць выпадковасьць, але не выпадковасьць у тым, што створана такая сытуацыя, у якой такія трагічныя выпадкі магчымыя», — кажа аналітык.

Зьехаць рэальна, але небясьпечна

Паводле дадзеных РНБА, калёна з жыхароў Луганску арганізоўвалася на працягу некалькіх дзён: людзі адусюль зьбіралі транспартныя сродкі, зьвярнуліся па дапамогу да ўкраінскіх вайскоўцаў. Прапаноў вывезьці людзей з тэрыторыі, кантраляванай баявікамі, за грошы ці і бясплатна, і на дадзены момант не хапае. Арганізоўваюцца пераважна ў сацсетках.

У Луганск, дзе няма сувязі, такую інфармацыю перадаюць праз сваякоў, якія ўжо выехалі. Паводле дадзеных Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, толькі за гэтыя выходныя з гораду выехалі больш за 800 чалавек.

Дзяніс, рэдактар Луганскага сайта «Інфарматар» (які папрасіў не называць прозьвішча зь меркаваньняў бясьпекі), распавёў Радыё Свабода, што зьехаць рэальна, але гарантыяў бясьпекі жадаючым пакінуць горад ніхто не дае. «Гэта цяпер вельмі небясьпечна, на свой страх і рызыку. Ёсьць такія перавозчыкі-сарвігаловы, якія вывозяць », — адзначыў ён.

Таксі з Луганску, падкантрольнага баевікам, у вольнае Шчасьце (а гэта — адлегласьць у 23 кілямэтры) каштуе 2500 грыўняў. Пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» раней паведаміў прадстаўнік Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Дзьмітры Алеў.

Мясцовыя жыхары пазьбягаюць баевікоў

Паводле апошніх зьвестак, украінскім вайскоўцам нібыта ўдалося адбіць у баевікоў частку Луганску, а сілы Антытэрарыстычнай апэрацыі ўжо амаль цалкам атачылі горад. Гуманітарная сытуацыя застаецца складанай: у большасьці раёнаў няма сьвятла і вады, датэлефанавацца да жыхароў Луганску фактычна немагчыма.

Сытуацыя з харчаваньнем, аднак, некрытычная: яго завозяць, хоць і прадаюць па крыху завышаных коштах. У той жа час, як удалося высьветліць Радыё Свабода, людзі амаль не купляюць тыя прадукты, якія дрэнна захоўваюцца або якія трэба гатаваць. У прыватнасьці гэта датычыцца мяса: паколькі ў многіх раёнах няма і газу, і сьвятла, прыгатаваць яго можна хіба што на вогнішчы. Дарэчы, такія мэтады прыгатаваньня ежы ў Луганску таксама ня рэдкасьць.

Гуманітарная дапамога

Гуманітарная дапамога

«Дэфіцытны прадукт цяпер — бульба. Называлі кошт у 10 грыўняў за кіло. Мяса ёсьць, але з прычыны таго, што няма дзе яго захоўваць, фэрмэры яго нават не прывозяць», — распавядае Дзяніс.

Сытуацыя ў Данецку, занятым баевікамі, менш крытычная. Там амаль паўсюль ёсьць сувязь, электраэнэргія і газ. Адначасова пачаліся праблемы з вадой: у горадзе пашкоджаная асноўная фільтравальная станцыя. «Пазаўчора (у нядзелю, 17 жніўня) недзе да 9-й вечара гарадзкі савет папярэджваў нас, што ня будзе вады. Цяпер у адным раёне Данецку няма вады », — распавяла Радыё Свабода жыхарка Данецку Марыя.

І ў Данецку, і ў Луганску мясцовыя жыхары пазьбягаюць кантакту з баевікамі. У Луганску, напрыклад, імкнуцца трымацца далей ад цэнтру, бо менавіта там (у прыватнасьці — на тэрыторыі Ўсходнеўкраінскага нацыянальнага унівэрсытэта імя Даля) — найбольшая колькасьць сэпаратыстаў. Пасьля абеду, а асабліва ўвечары, у абодвух гарадах жыцьцё фактычна замірае: па-першае, дзейнічае ўведзеная баевікамі камэнданцкая гадзіна, па-другое, пачашчаюцца абстрэлы.

Адзін з жыхароў Луганску, зь якім Радыё Свабода ўдалося выйсьці на сувязь, параіў устрымлівацца ад адназначных высноў адносна таго, каго падтрымлівае мясцовае насельніцтва. Паводле яго слоў, цяпер адзінае пытаньне, якое ёсьць у большасьці луганчан, — калі горад вызваліць украінская армія.

XS
SM
MD
LG