Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб чыноўнікі памяталі, хто іхні адзіны гаспадар, валадар іхняй кар’еры і дастатку»


Кіраўнік Беларусі вызваліў Аляксандра Якабсона ад пасады старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю «ў сувязі зь пераводам на іншую працу». Ці шмат залежыць ад канкрэтнай асобы чыноўніка ў сёньняшняй беларускай сыстэме ўлады? Чаму апошнім часам пачасьціліся кадравыя зьмены, Аляксандар Лукашэнка ўсё часьцей гаворыць пра барацьбу з карупцыяй?

На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт па дзяржаўным кіраваньні, аналітык праекту BIPART (Беларускі інстытут рэформы і трансфармацыі публічнага адміністраваньня) Іна Рамашэўская.

Цыганкоў: У сёньняшняй сыстэме беларускай улады, якую аналітыкі называюць аўтарытарнай — ці шмат залежыць ад асобы таго ці іншага кіраўніка? Ці звольнены Аляксандар Якабсон быў толькі адным зь вінцікаў сыстэмы, ці гэта тая пасада, на якой стаіць чалавек, якога можна назваць аўтарытэтным і ўплывовым?

Рамашэўская: Якабсон асабіста мне запомніўся сваімі «рэвалюцыйнымі выказваньнямі» напрыканцы папярэдняга году, калі яму даручылі разабрацца з правалам мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай прамысловасьці. Тады я ад яго пачула рэдкае па сьмеласьці прызнаньне — што пры распрацоўцы пляну мадэрнізацыі наагул не праводзілася ацэнка эканамічнай эфэктыўнасьці — ні вывучэньне рынкаў збыту, ні ацэнкі дастатковасьці кадравага складу, нічога.

Што тычыцца карупцыі, то я гэта лічу цалкам прапагандысцкай кампаніяй, у немалой ступені справакаванай сытуацыяй ва Ўкраіне

Ягоны так званы ўплыў цяжка ацаніць. Гэта будзе больш заўважна па той пасадзе, на якую ён будзе «пераведзены» — калі гэта, вядома, ня проста фармулёўка.

Аднак той факт, што зусім нядаўна быў прыняты ўказ, згодна зь якім дзеля будучых праектаў мадэрнізацыі неабходна будзе правесьці працэдуру due diligence — менавіта тую самую ацэнку эканамічнага патэнцыялу праекту — сьведчыць пра тое, што ўплыў Якабсона існаваў.

Цыганкоў: Апошнія месяцы Аляксандар Лукашэнка актывізаваў барацьбу з карупцыяй, пачасьціліся кадравыя зьмены. Пра што гэта кажа? Ці пра тое, што кіраўніцтва краіны сапраўды стала аддаваць больш увагі праблеме кадраў і карупцыі? Ці тут больш важныя іншыя прычыны — інфармацыйныя, прапагандысцкія, надыход выбараў?

Рамашэўская: У цэлым прэзыдэнт патрабуе ад вышэйшых чыноўнікаў аднаго — аднавіць эканамічны рост, то бок запусьціць «унікальную» эканамічную мадэль Беларусі. Да той ступені, да якой яны абяцаюць гэта зрабіць — яны маюць уплыў. Усе, хто выступае за рэформы, нават абмежаваныя — рызыкуюць выклікаць агонь на сябе.

Што тычыцца карупцыі, то я гэта лічу цалкам прапагандысцкай кампаніяй, у немалой ступені справакаванай сытуацыяй ва Ўкраіне. Памятаеце, прэзыдэнт інтэрпрэтаваў яе як «пратэст насельніцтва, даведзенага да адчаю карупцыяй»?

Ну, і ў некаторай, значна меншай ступені гэта такая кампанія па дысцыплінаваньні чыноўнікаў, каб яны памяталі, хто іхні адзіны гаспадар, валадар іхняй кар’еры і дастатку.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG