Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кантралёр Ігнаценка пра адстаўку Якабсона: Не выключаю шлейфу гомельскіх карупцыйных спраў


Аляксандар Якабсон
Аляксандар Якабсон

18 жніўня Аляксандар Лукашэнка сваім указам вызваліў ад пасады старшыні Дзяржкантролю Беларусі Аляксандра Якабсона. Пра гэта паведаміла дзяржаўнае агенцтва Белта. Аляксандар Якабсон, паводле ўказу Лукашэнкі, вызвалены «ў сувязі зь пераводам на іншую працу». Старшынёй Дзяржкантролю Аляксандар Якабсон працаваў са сьнежня 2010 году. Да таго амаль 10 гадоў займаў пасаду старшыні Гомельскага аблвыканкаму. У 1990–1995 гадах Аляксандар Якабсон быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, у якім быў дэпутатам і Аляксандар Лукашэнка.

Магчымыя вэрсіі звальненьня Аляксандра Якабсона пракамэнтаваў Свабодзе Алег Ігнаценка, які ў 1994–1996 гадах працаваў у першай адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі начальнікам галоўнай управы Службы кантролю прэзыдэнта.

«Магчыма, гэта зьвязана зь нечым матэрыяльным, відаць, сутыкнуліся чыесьці інтарэсы. Што да палітычных чыньнікаў, то да гэтага не падобна. Ад тэлеэкрану Якабсона даўно адставілі. Сам па сабе ён фігура даволі харызматычная. У першыя 2 гады, як яго паставілі на гэтую пасаду, яго часта паказвалі па тэлевізіі, і ён імкнуўся прадэманстраваць, што ён працуе, кантралюе, што трымае руку на пульсе. Але калі ягоны аўтарытэт стаў падымацца, то, відаць, далі каманду, каб асабліва Якабсона не высоўваць. А далей ён нідзе не супрацьпастаўляў сябе цяперашняму кіраўніку, нідзе не выстаўляўся — ва ўсякім разе, мінулы год. Таму застаецца нейкая матэрыяльная вэрсія».

Карэспандэнт: «Зусім нядаўна было некалькі карупцыйных спраў у Гомелі, нават завялі справы на некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў. Ці не зьвязаная з гэтым адстаўка Якабсона?»

«Ведаеце, такое сапраўды магчыма. Наколькі я ведаю сытуацыю ў Гомелі, там на працягу апошніх 20 гадоў вельмі сур’ёзна карумпаваная выканаўчая ўлада ў аблвыканкаме. Жылкамунгас, гаспадарчыя ўправы ды іншыя. Там яны пабудавалі сабе кожны па 3–4 лецішчы, прычым не хавалі і не саромеюцца, што зрабілі ўсё гэта за кошт бюджэту. Там шлейф сур’ёзны. І да Якабсона гэтак было, традыцыя карупцыі гомельскіх уладаў даўняя. Мяркую, калі прыйшоў туды Якабсон, глеба для карупцыі была падрыхтаваная. Таму нельга выключаць, што тыя тры чалавекі, якіх зьнялі ў Гомелі, неяк зьвязаныя зь Якабсонам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG