Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вырашылі перачакаць вайну ў вас у Беларусі»


Вольга Шчукіна прынесла для ўкраінцаў дублёнку й шмат іншай вопраткі

Вольга Шчукіна прынесла для ўкраінцаў дублёнку й шмат іншай вопраткі

У Рагачове мясцовыя ўлады й грамадзкія арганізацыі ладзяць дабрачынную акцыю «Сэрвіс добрых спраў» дзеля матэрыяльнай ды іншай дапамогі грамадзянам Украіны, якія прыехалі на Гомельшчыну з Луганскай і Данецкай абласьцей.

Мясцовая служба грамадзянства й міграцыі падае зьвесткі, што з паўднёвага ўсходу Ўкраіны ў Рагачоўскі раён прыехалі звыш ста ўкраінскіх сем’яў. Гэта пераважна ўцекачы з Данецкай і Луганскай абласьцей. Вырашана цягам тыдня зьбіраць адзежу, гігіенічныя сродкі, школьныя прылады, іншыя рэчы для ўкраінцаў ды іхніх дзяцей.

Жыхарка Рагачова Вольга Шчукіна ў клюб заводу «Дыяпраектар» не пайшла. Кажа, далекавата. Прынесла дублёнку, швэдры, кашулі ў раённую арганізацыю Чырвонага Крыжа, на вуліцу Багатырова, 60. Гэта побач зь яе домам:

«Разумееце, мне некалькі заходаў трэба будзе зрабіць. Спачатку ўзяла цёплыя, самыя неабходныя рэчы. Людзям гэтыя рэчы ўжо хутка спатрэбяцца. У мяне ў сям’і хто паправіўся, а хто вырас зь іх. Рэчы добрыя, дыхтоўныя — няхай карыстаюцца. Ад душы нясу. У мяне муж быў украінец».

Кабета нават заплакала, бо два гады таму мужа ня стала, памёр, а добрыя ўспаміны і сваякі ва Ўкраіне засталіся. Таму й імкнецца Вольга дапамагчы чым можа.

Валянтэры ад Чырвонага Крыжа

Валянтэры ад Чырвонага Крыжа

Па горадзе валянтэры Чырвонага Крыжа пачалі разносіць улёткі пра дабрачынную акцыю, у якую ўключыліся таксама мясцовая арганізацыя «Белая Русь», аб’яднаньне «Рука дапамогі», грамадзкая суполка «Прадпрымальнік».

На прыпынку гарадзкога транспарту заводу «Дыяпраектар» гутарым зь яшчэ адной жыхаркай Рагачова, якая назвалася Жанай:

«Мне падаецца, што калі б у нас такое здарылася — ня дай божа, вядома, — то няўжо б украінцы не дапамаглі? Вядома, дапамаглі б! Мы ж усе павінны адзін аднаму дапамагаць».

Рагачоўцаў інфармуюць пра акцыю дапамогі

Рагачоўцаў інфармуюць пра акцыю дапамогі

Кіраўніца раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Вольга Краўцова апавяла, што яшчэ і да абвяшчэньня акцыі ўкраінцы атрымлівалі ў іх дапамагу, бо гараджане й раней прыносілі патрэбныя для ўцекачоў побытавыя рэчы:

«У нашу арганізацыю ўжо восем сем’яў украінцаў зьвярнуліся і атрымалі дапамогу — гэта і адзеньне, і прадукты».

У раёне дзейнічае такі парадак: прыежджыя ўкраінцы зьвяртаюцца ў міграцыйную службу, у службу занятасьці, а тыя накіроўваюць іх у дабрачынныя арганізацыі. Бывае і наадварот.

Сям’я Сяргея і Натальлі з Макееўкі

Сям’я Сяргея і Натальлі з Макееўкі

Украінец з Макееўкі Данецкай вобласьці спадар Сяргей прыйшоў у службу занятасьці, каб тут паставілі пячатку, што ён уладкоўваецца кіроўцам на хлебазавод. Там яму патлумачылі, што, маючы такую пячатку, можна бясплатна прайсьці мэдычную камісію. Аднак у службе занятасьці ўкраінцу патлумачылі, што плаціць ён усё ж мусіць. Ня мае права служба занятасьці вызваліць замежнікаў ад абавязковай платы за мэдычную камісію.

Прадстаўніца гэтай службы паведаміла, што найперш раёну патрэбныя працаўнікі ў вёсцы, дзе не хапае рабочых рук і дзе можна хутчэй займець уласнае жытло:

«У вёсцы патрабуюцца апэратары машыннага даеньня, жывёлаводы, паляводы. У апэратараў машыннага даеньня заробак высокі, але праца цяжкая, і ня кожны зможа. Грамадзяне Ўкраіны ў вёску асабліва ехаць ня хочуць».

Ужо знаёмы нам Сяргей з Макееўкі пасяліўся з жонкай і двума сынамі ў роднай цёткі ў вёсцы Стрэнькі. Працаваць, аднак, зьбіраецца ў самім Рагачове на хлебазаводзе. Жонка пакуль у дэкрэтным адпачынку — глядзіць меншага двухгадовага сына.

Сяргей зь сям’ёй статусу ўцекачоў не прасіў, хоць прыехаў яшчэ месяц таму. Хоча перачакаць у Беларусі зь дзецьмі вайну, разьвязаную тэрарыстамі ў сваёй Данецкай вобласьці:

«Цяжка ехалі — цераз Запарожжа, Днепрапятроўск. Была пагроза абстрэлаў, і ноччу ўжо й стралялі. Небясьпечна было заставацца, бо ў сям’і двое малалетніх дзяцей. Будзем уладкоўвацца на працу часова, пакуль не супакоіцца там, на радзіме».

XS
SM
MD
LG