Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-pop: «Нават непамысна на чужым горы зарабляць грошы»


Як вы ставіцеся да таго, што беларусаў вярбуюць ваяваць на паўднёвым усходзе Ўкраіны? Як улады Беларусі павінны ставіцца да такіх вярбоўшчыкаў?

Юнак: «Я ня думаю, што варта ехаць ва Ўкраіну, бо гэта сапсуе нашы адносіны, што беларусы лезуць не ў свае справы. Гэта нібыта справа кожнага чалавека. Але вярбоўку лепш забараніць».

Юначка: «Я ня думаю, што ў кагосьці гэта атрымаецца. Бо нават у нашым гімне першы радок які? „Мы, беларусы, мірныя людзі...“. Гэта не ў характары і не ў мэнтальнасьці беларусаў — ваяваць невядома з кім, невядома за што — не характэрна для беларускага народу, для ягонай мэнтальнасьці».

Спадар сярэдняга веку: «Я ўвогуле супраць вайны, якая б яна ні была, бо вайна ёсьць вайна. Я не разумею людзей, якія туды ідуць, і гэта неабходна спыняць».

Гэта справа кожнага чалавека: хочаш — едзь, а хочаш — не

Юнак: «Увогуле, гэта справа кожнага чалавека: хочаш — едзь, а хочаш — не. А ўраду ўмешвацца... ну, гэта як бы ўмешвацца ў асабістае жыцьцё чалавека. А ўвогуле лепш ня ўмешвацца ва Ўкраіну — няхай там усё само сабой вырашаецца».

Спадар сярэдняга веку: «Я ўвогуле адмоўна да ўсяго стаўлюся і за тое, каб санкцыі супраць Расеі ўжываць, каб гэта ўсё спыніць. А Ўкраіне трэба вайсковую дапамогу даць. А вярбоўка — гэта само сабой: у нас жа артыкул ёсьць, яго трэба выкарыстоўваць. Тых людзей, якія вярбуюць, трэба прыцягваць да адказнасьці».

Юначка: «Калі стаіць такое пытаньне, то нашы ўлады павінны ставіцца да яго вельмі сур’ёзна».

Спадар: «Навошта гэта патрэбна? Яны там самі разабрацца ня могуць. Няхай самі мір паміж сваімі братамі наладжваюць, а не забіваюць адзін аднаго. А ўлады не павінны ніякім чынам умешвацца».

Спадарыня сталага веку: «У мяне там брат зь сям’ёй жыве, і я ведаю, што гэта такое. Я супраць усялякай вярбоўкі і супраць таго, каб людзі ехалі зарабляць грошы на гэтай вайне. Бо гэта нават непамысна, каб людзі зараблялі грошы на чужым горы».

XS
SM
MD
LG