Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дык хто лідэрам сыбірскіх беларусаў?


У некалі згуртаваных шэрагах Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК) — заўважныя зьмены. Колішні старшыня Алег Рудакоў пасьля 17 гадоў на чале арганізацыі летась адмовіўся пераабірацца на чарговы тэрмін, а сёлета ўвогуле выйшаў зь ліку сяброў ІТБК. Новая кіраўніца Алена Сіпакова спрабуе адысьці ад ранейшага «аўтарытарнага» стылю кіраваньня.

Удзел у дзясятках касьцюмаваных фэстываляў і карнавалаў, арганізацыя нацыянальных сьвятаў, выступы на разнастайных пляцоўках зрабілі за апошнія амаль два дзесяткі гадоў брэнд ІТБК пазнавальным далёка па-за межамі Іркуцку. Але нечакана для бальшыні сябраў арганізацыі Алег Рудакоў дыстанцыяваўся ад таварыства, засяродзіўшыся на дзейнасьці моладзевага клюбу «Крывічы». Сваё рашэньне ён тлумачыць наступным чынам:

«17 гадоў я быў кіраўніком. Будучы чалавекам дэмакратычных поглядаў, я разумеў: бясконца гэта працягвацца ня можа. Мяне ўжо нават пачалі параўноўваць з Лукашэнкам — ё-маё, што за фігня? Лукашэнка там у Беларусі „бацька“, а ты ў нас у Іркуцку такі ж „бацька“, нязьменна кіруеш столькі гадоў. І я сказаў: не, кіраваць столькі ня буду, я сыду. Ніхто не паверыў. А я ўзяў і сышоў, адмовіўся. Пры гэтым знайшоў чалавека, фігуру, якая мае даволі моцную амбітнасьць. Таму што перш за ўсё ў чалавека павінна быць моцнае жаданьне штосьці рабіць.

17 гадоў я быў кіраўніком. Я разумеў: бясконца гэта працягвацца ня можа. Мяне ўжо нават пачалі параўноўваць з Лукашэнкам — ё-маё, што за фігня?

Безумоўна, ёсьць пытаньні. Калі ў краіне пачалася перабудова, адзін разумны чалавек слушна сказаў: перабудова была проста неабходная, іншая справа — як яна магла прайсьці, каб было лепей. Ну вось яна прайшла так, з сумнеўнай прыватызацыяй і г.д., то бок не зусім так, як хацелася. Зразумела, магла прайсьці крыху інакш. Але яна была патрэбная. Тое самае і зараз: было трэба, каб я сышоў, а новы чалавек прыйшоў. Каб стаў новы чалавек, сабралася трошкі абноўленая каманда, каб прыцягвалася больш новых людзей да актыву. А каб я не сышоў, то менш было б актыўных людзей у кіраўніцтве, у Іркуцку. Напрыклад, тая самая Алена, можа, ужо не захацела б трэцім разам пераабірацца на пасаду старшыні гарадзкога іркуцкага таварыства. Сказала б: колькі гадоў ужо ў гэтым статусе — маючы на ўвазе, што ў цені Рудакова ёй быць ня хочацца, ёй ужо мала месца, трэба выйсьці на сваю самастойную прастору. Таму я зразумеў, што ёсьць пэўныя людзі, якія могуць перахапіць гэты рэй і весьці далей. Яны ўжо маюць пэўнае ўнутранае выхаваньне, і гэтае выхаваньне будуць ператвараць у справы».

Алена Сіпакова, якая ад мінулага году ўзначаліла Іркуцкае таварыства беларускай культуры, таксама лічыць, што кадравае абнаўленьне ў кіраўніцтве пойдзе на карысьць усяму беларускаму руху. Але падкрэсьлівае, што закладзены спадаром Рудаковым курс застанецца збольшага нязьменны:

«Так атрымалася, што я пераемніца, а значыць, як было, так і будзе. Нават калі ўзяць апошнія сьвяты — Купальле Алега і якім кіравала я, то ў СМІ прайшло, што гэта было першае Купальле, якое правяла Сіпакова. На самой справе ня першае: у 2009 годзе, калі я была яшчэ старшынёй Іркуцкага гарадзкога аддзяленьня (у нас 12 аддзяленьняў па вобласьці, у тым ліку ў Іркуцку), Алега не было ў Іркуцку, ён зьехаў, мы сабраліся з нашай гарадзкой радай і ўсё зрабілі. Кажу пра Купальле, бо гэта знакавае сьвята для арганізацыі. То бок спачатку было сьвята, потым мы перазімавалі, прыйшла вясна, адбыўся ўстаноўчы сход, і таварыства рэарганізавалася. Фактычна наш сябра Аляксей Кухта тады сьціпла заўважыў, што, па ідэі, трэба было б сход правесьці, насьпела, як кажуць...

У актыве людзі ўсе патрыятычныя. Хоць Алег і кажа, што гэта маладая каманда, старшыня сабрала маладых аднадумцаў, — нічога яна не маладая, гэта ўсе чальцы, якія былі пры Алегу, якія з Алегам працавалі. Ну, магчыма, ня так актыўна яны працавалі, бо, уласна кажучы, Алег не даваў людзям такой магчымасьці. Рознагалосьсі ў нашых цяперашніх пазыцыях грунтуюцца якраз на тым, што ён кажа: арганізацыю павінен прадстаўляць адзін чалавек. А я кажу, што трэба, каб прадстаўлялі ўсе. Таму што розныя людзі, яны з розных прычын сюды прыйшлі. Яны розныя ў жыцьці, нават калі ўлічваць, што хтосьці ў ХХ стагодзьдзі прыехаў, хтосьці нашчадак беларусаў, хтосьці проста цікавіцца беларускай культурай. Ім жа таксама патрэбна рэалізацыя сваіх памкненьняў!»

Алег Рудакоў: ІТБК будзе вымушанае што-небудзь рабіць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:52 0:00

Алег Рудакоў не шкадуе, што ягоны лёс склаўся такім чынам. Найперш, зьявілася магчымасьць больш часу прысьвяціць этнаграфічным вандроўкам па мясьцінах Іркуцкай вобласьці, зьвязаных зь беларускімі перасяленцамі, а таксама заняцца аўтэнтычнымі сьпевамі ў гурце «Крывічы». Па-другое, зьнятая з ІТБК ягоная пэрсанальная апека дазволіць рэалізавацца іншым беларускім актывістам:

«Я лічу, што гэта абсалютна лягічна і правільна, проста, можа, не такім чынам варта было рабіць. То бок я перакананы, што трэба было сысьці цалкам, але я плянаваў сысьці крыху мякчэй. Ну, але атрымалася трошачкі са скандальчыкам. Зрэшты, без асаблівай розьніцы, гэта таксама нармальна, а можа, нават і лепш: можна было б і далей цягнуць гэтую гуму, а можна — раз, адрэзаць, і ўсё. На сёньняшні момант, атрымліваецца, у нас больш узьнікае актыўнасьці, больш узьнікае актыўных пунктаў беларускасьці. І тое ж самае ІТБК яны будуць цягнуць, яны вымушаныя гэта рабіць, таму што, калі на тое пайшло, не завяршылі грант, які ім дала адміністрацыя.

На „Дажынкі“ даюць 60 тысяч расейскіх рублёў — ачмурэць можна, мне за цэлы год калі столькі давалі, я быў вельмі шчасьлівы. То бок яны аўтаматычна атрымліваюць грошы і мусяць гэтыя грошы хоць неяк адпрацаваць. Значыць, будуць рабіць, бо хоць нешта рабіць вымушаныя. Да таго ж Алена — чалавек даволі амбітны, у яе хапае характару. Безумоўна, ёй бы хацелася, каб той жа Рудакоў ці яшчэ нехта рабіў штосьці, а яна б была толькі старшынёй — яе б запрашалі на нейкія пасяджэньні, яна б там сядзела, гэта было б лепей. Але Рудакова зараз ня будзе, і трэба неяк варушыцца самой. Як яна зараз кажа (у яе, відаць, ёсьць такая мара), трэба разьмеркаваць нейкія кірункі сярод сяброў, каб кожны адказваў за свой кавалак. Такога ня будзе. Можна паспрабаваць дамагчыся, але ўсё роўна старшыня — гэта юрыдычна адказны чалавек, які павінен усё кантраляваць».

Алена Сіпакова прызнае, што мае намер выбудоўваць справу паводле дэмакратычнага прынцыпу добраахвотнасьці, а ня так, як гэта прызвычаіўся рабіць Алег Рудакоў, яе папярэднік на пасадзе старшыні ІТБК:

«Увогуле цяжка кіраваць некамэрцыйнай арганізацыяй, бо людзі сюды прыходзяць на покліч уласнага сэрца. Ты ім ня можаш сказаць, чаму ты робіш так, а ня так. Здараецца — чалавек сказаў, што нешта зробіць, а ўрэшце не зрабіў. Ну як я магу зь ім размаўляць? Я ж яго не магу звольніць, я не магу яму вымову абвясьціць, рублём пакараць. Канечне, не магу. Таму неяк ціснуць на яго, што так нельга, на яго сумленьне, не выпадае. Розныя, зразумела, бываюць мэтады. Але мая задача цяпер палягае якраз у тым, каб кожны ўзяўся за нейкі кавалак працы і быў за яе адказны, каб гэты кірунак разьвіваў.

Алена Сіпакова пра вулічны карнавал у Іркуцку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:23 0:00

Пакуль гэты год прайшоў дастаткова дэмакратычна, я давала людзям права выбару. Ня ўсе, само сабой, з гэтым выбарам вызначыліся; адпаведна, штосьці, дзесьці і камусьці даводзіцца навязваць. Але, па вялікім рахунку, наша каманда адбылася, за гэтыя гады нашы сябры дастаткова моцна зьядналіся, і некаторыя мерапрыемствы праходзяць цалкам адладжана. Кожны ведае: гэты за посуд адказвае, гэты адказвае за гукавую апаратуру, гэты адказвае за абзвон — сам чалавек за тыдзень ужо прыходзіць і кажа, што буду абтэлефаноўваць, запрашаць. Нехта прэс-рэліз рыхтуе, нехта афішу робіць. То бок усё сыстэматызавана».

Як кажа Алег Рудакоў, у любым разе колькасьць асобаў, якія хочуць рупіцца аб беларускай справе, толькі павялічваецца, а таму гэта станоўча адаб’ецца на ўсім беларускім жыцьці ў рэгіёне. Неабыякавыя сыбірскія беларусы, якія назіраюць за разьвіцьцём падзеяў збоку, хочуць спадзявацца, што гэта сапраўды так.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG