Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мяса, птушкі і малака сёлета ў Беларусі атрымана меней, чым летась. Зь якіх рэзэрваў Беларусь зьбіраецца ў паўтара раза павялічыць экспарт харчоў у Расею?

Вытворчасьць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў Беларусі за першыя сем месяцаў сёлета параўнальна з такім жа пэрыядам летась узрасла ў супастаўляльных цэнах на 7,8%. А аб’ём прадукцыі павялічыўся на 10,9%. Такія дадзеныя зьявіліся сёньня на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь.

Але, як паказваюць іншыя дадзеныя, такі рост адбыўся выключна за кошт адной галіны аграрнага комплексу — расьлінаводзтва. Тут прыбаўка склала адразу 37,1%. А вось сьвініны, ялавічыны, мяса птушкі і малака сёлета атрымана меней, чым летась.

Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук

«Статыстыка — такая хітрая рэч, што калі яе не аналізаваць, то лічбы могуць лёгка ўвесьці ў зман, — кажа Свабодзе экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі Аляксандар Ярашук:

«Расьлінаводзтва надзвычай залежыць ад надвор’я. І тая сьпякота, якая ў нас доўгі час была, спрыяла „прыгожым“ лічбам. А цяпер паглядзім, як яны атрымліваюцца. Сёлета ўборка збожжавых пачалася нашмат раней, чым летась. І праходзіць яна, дзякуючы сухому надвор’ю, больш арганізавана.

Вось дакладныя лічбы: на 1 жніўня ў 2014 годзе ўбралі 58,3% усіх плошчаў, у 2013 годзе — толькі 37,3%. Розьніца — аж 21%. Зразумела, што з большай плошчы і аб’ём зерня будзе большы. І грошай за яго налічаць болей, чым летась. Будуць падроўнівацца апрацаваныя плошчы, і сёлетнія высокія паказьнікі будуць абавязкова скарачацца. І гэта пры тым, што сёлета ўраджаі значна лепшыя, чым летась.

Пакуль аграрыі бойка рапартуюць пра ўборку зерня і зернебабовых. Але яшчэ давядзецца аналізаваць, колькі яго прыпісана. Я магу меркаваць па Менскай вобласьці, дзе было летась прыпісана 20%. А пасьля пачынаюць карміць парсюкоў тым збожжам, якога рэальна не было ў прыродзе, і зьдзіўляюцца, што няма мяса».

А вытворчасьць мяса, як сьведчаць сёньняшнія дадзеныя афіцыйнай статысткі, сапраўды зьмяншаецца: сёлета яе меней параўнальна зь мінулым годам на 6,2%. Малака таксама надаілі меней — на 1,1%.

«І гэта таксама супярэчыць «прыгожым» лічбам, — працягвае Аляксандар Ярашук:

«Нашы ўлады зараз паўсюль заяўляюць, што мы будзем ударнымі тэмпамі карміць Расею. Няма чым карміць. Трэба ж яшчэ выгадаваць і тую жывёліну, каб атрымаць сьвініну ды ялавічыну, мець тое ж малако, і масла зрабіць, і сыры... На жаль, як была наша сельская гаспадарка адстаючай, так і застаецца. Я нават часам думаю — мабыць, было б лепей, каб аб’ёмы вытворчасьці ў нас не ўзрасталі. Бо рэнтабэльнасьць мінусавая. А гэта адбіваецца на цане прадуктаў харчаваньня, якія мы спажываем.

Сёньняшняя статыстыка паказвае дзьве галоўныя рэчы. Першая — улада не мяняе заганную палітыку ў сельскай гаспадарцы. І другая — праз падбор лічбаў паказваць людзям, што сытуацыя ў галіне ня надта дрэнная. Больш за тое, яна нібыта нават адлюстраваная ў лічбах росту. І такое ўражаньне можа быць, пакуль не пачынаеш аналізаваць гэтыя лічбы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG