Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ахоплены беспарадкамі Фэргюсан уводзяць Нацыянальную гвардыю


У ЗША губэрнатар штата Місуры Джэй Ніксан аддаў распараджэньне аб уводзе Нацыянальнай гвардыі ў Фэргюсан, прыгарад Сэнт-Луіса, дзе працягваюцца вулічныя хваляваньні і беспарадкі.

Прычынай беспарадкаў стала забойства мясцовым белым паліцыянтам 18-гадовага чарнаскурага юнака Майкла Браўна.

Губэрнатар Ніксан заявіў, што яго распараджэньне накіраванае на «аднаўленьне міру і парадку» ў Фэргюсане. 17 жніўня ўвечары паліцыя ўжыла сьлезацечны газ і шумавыя гранаты супраць маніфэстантаў, якія працягвалі вулічныя выступы, нягледзячы на набліжэньне камэнданцкай гадзіны, абвешчанай з паўночы.

Мясцовая паліцыя паведамляе, што дэманстранты стралялі па супрацоўніках праваахоўных органаў, а таксама кідалі ў іх бэнзінавыя бомбы. У горадзе разьбіваюць вітрыны крамаў.

Майкл Браўн быў застрэлены 9 жніўня. Паліцыя заяўляе, што юнак аказваў супраціў паліцыянту. Сьведкі сьцьвярджаюць, што Браўн быў застрэлены, калі трымаў рукі ўгару і быў гатовы здацца.

Ускрыцьцё цела паказала, што Браўн атрымаў шэсьць кулявых раненьняў, два зь якіх – у галаву.

Нацыянальная гвардыя Злучаных штатаў – арганізаваны рэзэрв Узброеных сіл ЗША. Фармаваньні НГ існуюць у кожным штаце ЗША. Мае двайное падпарадкаваньне: штату і фэдэральнае.

Служба ў Нацыянальнай гвардыі добраахвотная і сумяшчаецца з працай па асноўнай спэцыяльнасьці.

Нацыянальная гвардыя можа быць прыцягнутая ў надзвычайных сытуацыях губэрнатарам штату для ліквідацыя наступстваў стыхійных бедзтваў, падтрыманьня правапарадку ў выпадку масавых хваляваньняў і ў іншых выпадках. З апошніх падзей Нацыянальная гвардыя ўдзельнічала ў затрыманьні 19-гадовага тэрарыста чачэнскага паходжаньня Джахара Царнаева (які падазраецца ў саўдзеле ў выбухах на Бостанскім маратоне) у красавіку 2013 году, у ліквідацыі масавых беспарадкаў у Лос-Анджэлесе ў 1992 годзе, ахове грамадзкага парадку пасьля тэрарыстычнай атакі 11 верасьня 2001 году, ліквідацыі наступстваў урагану «Катрына».

XS
SM
MD
LG