Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея патрабуе ад Украіны капітуляцыі, – кіеўскі палітоляг


Віктар Каспрук

Віктар Каспрук

Пяць гадзінаў цягнуліся перамовы кіраўнікоў МЗС Расеі, Украіны, Нямеччыны і Францыі ў пытаньні ўрэгуляваньня крызісу на ўсходзе Ўкраіны.

Па выніках перамоваў кіраўнік МЗС ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што размова была складаная, але ёсьць спадзеў, што па некаторых пунктах можа быць дасягнуты прагрэс.

Пра важнасьць перамоваў і пра тое, што магло адбывацца на іх пры зачыненых дзьвярах, Радыё Свабода пагутарыла з украінскім палітолягам Віктарам Каспруком.

– Пра што гаварылі міністры замежных спраў Расеі, Украіны, Нямеччыны і Францыі? Чаму няма паведамленьняў пра посьпех пяцігадзіннай сустрэчы?

– Гэтая сустрэча можа вызначацца як станоўча, так і адмоўна. Плюс можа быць у тым, што бакі пачынаюць дамаўляцца, як дамаўляцца. Справа ў тым, што Расея, нягледзячы на браваду і дэманстрацыю сілы, знаходзіцца не ў такім добрым стане, як тое паказвае яе прэса. Ня толькі Ўкраіна, але і Расея ня можа бясконца кідаць на арэну канфлікту новыя сілы, новую зброю, новых людзей. Да таго ж міжнародная ізаляцыя, у якую трапіла Расея, пачынае паціху дзейнічаць. Зразумела, гэта не такія санкцыі, якія павінны былі б быць, але напярэдадні новай хвалі санкцыяў у Крамлі пачынаюць задумвацца пра тое, чым можа скончыцца для Расеі працяг эскаляцыі канфлікту. Мінус сустрэчы ў тым, што за сталом перамоваў поруч з прадстаўнікамі Расеі і Ўкраіны сядзелі прадстаўнікі краін, якія шмат гадоў заплюшчвалі вочы на тое, што рабіла Расея на постсавецкай прасторы. Ня трэба адмаўляць, што прадстаўнікі і Нямеччыны, і Францыі заўсёды былі настроеныя па-прарасейску. Мажліва, таму прадстаўнік Украіны Павал Клімкін ня хоча агучваць тое, што было сказана на гэтай сустрэчы, бо ёсьць некалькі спрэчных момантаў, якія цяпер лепш не называць.

– Ці можна змадэляваць паводзіны Сяргея Лаўрова падчас сустрэчы? Ці ён прызнае, што гэта Расея ваюе, ці проста кажа, што Расея можа аказаць уплыў на сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны?

– У выпадку з Крымам расейскі прэзыдэнт толькі празь некалькі месяцаў прызнаў, што там былі расейскія вайскоўцы. Відавочна, пакуль Расея ня можа прызнаць, што яе вайскоўцы ваююць на тэрыторыі Ўкраіны. Хоць увесь сьвет гэта ведае і разумее. Але трэба зьвярнуць увагу, што некалькі дзён таму адзін з рупараў ідэалёгіі Крамля Сяргей Дарэнка ў пяціхвілінным роліку сказаў, што Ўкраіна вельмі лёгка можа спыніць гэтую вайну – для гэтага ёй трэба адмовіцца ад НАТО і вярнуцца да статусу нэўтральнай дзяржавы. Гэты ідэалягічны ролік скіроўвае нас да думкі, што Расея пакуль яшчэ не гатовая адступіць ад імпэрскіх прынцыпаў, яна думае, што дацісьне Ўкраіну. Важна, што рупар Расеі практычна прызнаў, што гэта вайна і што яна можа спыніцца, калі ўкраінцы пагодзяцца на капітуляцыю. Я думаю, што падчас учорашняй сустрэчы Сяргей Лаўроў казаў тое самае, што агучыў раней Сяргей Дарэнка. Магчыма, была дасягнутая дамоўленасьць разгледзець нейкія ўкраінскія прапановы, чаго не было раней. Але як яны будуць разгледжаныя – гэта ўжо іншае пытаньне.

– Ці можа адбыцца сустрэча Ўладзімера Пуціна і Пятра Парашэнкі? І ці дасьць яна нейкія вынікі?

– Яна можа адбыцца. Магчыма, што ўчорашняя пяцігадзінная сустрэча і намаганьні знайсьці пункты кампрамісу – гэта была падрыхтоўка да таго, каб такая сустрэча магла рэальна адбыцца. Зь іншага боку, сустрэча Пуціна і Парашэнкі ня будзе мець ніякіх вынікаў, калі Пуцін будзе тупа настойваць на тым, што Ўкраіна мусіць капітуляваць. Пакуль уся ягоная вайна, якая вядзецца зь першых дзён сакавіка, паказвае, што Пуцін ніякім чынам ня хоча адмаўляцца ад ваенных дзеяньняў. Таксама магчыма, што ўчора Сяргей Лаўроў упершыню агучыў тое, што Расея патрабуе ад Украіны прызнаць Крым расейскай тэрыторыяй. Зразумела, што Ўкраіна не пагодзіцца на такую прапанову, і нават калі такая сустрэча адбудзецца, яна ня будзе мець ніякіх вынікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG