Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі гісторыяў маладых беларусаў, якія пакінулі радзіму, каб вучыцца і рэалізавацца за мяжой.

Чаму актыўная частка моладзі імкнецца зьехаць зь Беларусі і ці захоўваюць новыя беларускія эмігранты ў іншых краінах нацыянальную ідэнтычнасьць? Пра асаблівасьці эміграцыі моладзі Радыё Свабода пагутарыла зь некалькімі маладымі беларусамі, якія цяпер жывуць у Расеі і на Захадзе.

«З майго выпуску ў ліцэі за мяжу зьехала чалавек 20»

Сяргей

Сяргей

«У мяне ёсьць мара — вярнуцца дамоў, маючы дастаткова вопыту, аўтарытэту і грошай, каб штосьці там зьмяніць», — кажа Сяргей, які скончыў у мінулым годзе Маскоўскі фізыка-тэхнічны інстытут (МФТІ).

Але пакуль гэта толькі мары. На сёньняшні дзень ягоныя пляны на будучыню зьвязаныя з Захадам. Сяргей кажа, што ў Беларусь вяртацца няма сэнсу: нягледзячы на тое, што МФТІ лічыцца адным з найлепшых тэхнічных унівэрсытэтаў у сьвеце, беларусы, якія яго скончылі, дома нікому не патрэбныя. Але і заставацца ў Расеі ў яго няма ніякага жаданьня: Масква ня вельмі прыстасаваная для нармальнага жыцьця, кажа Сяргей, а што да «палітычнага жыцьця — там такое ж дно, як і ў нас».

У свой час рашэньне пакінуць радзіму было зьвязана, па-першае, зь нізкім узроўнем адукацыі і заробкаў у Беларусі, а па-другое — з палітычным асяродзьдзем. Сяргей заўсёды прытрымліваўся актыўнай грамадзянскай пазыцыі, ня раз браў удзел у апазыцыйных мітынгах.

«Мне вельмі не падабалася ідэя аднойчы завітаць у якое-небудзь Акрэсьціна. Каб пазьбегнуць гэтага, ёсьць толькі два шляхі: ці спыніць любую сацыяльную дзейнасьць, ці зьехаць з краіны», — канстатуе ён.

Увесь час, што жыве ў Расеі, Сяргей падкрэсьлівае, што ён беларус, а ў ягоным пакоі заўсёды вісіць бела-чырвона-белы сьцяг. «Сярод сяброў-расейцаў увесь гэты час праводжу беларусізацыю: распавядаю пра мову і гісторыю нашай краіны, сьпяваю ім песьні па-беларуску. На застольлях яны нават падпяваюць», — кажа Сяргей.

Між тым Сяргей прызнае, што амаль ня ведае беларусаў, якія б актыўна адстойвалі сваю нацыянальную ідэнтычнасьць у Маскве — пры тым, што толькі ў МФТІ навучаецца больш за 100 грамадзян РБ. «Часьцей за ўсё яны ціхенька сядзяць па сваіх пакоях, спрабуюць як мага хутчэй атрымаць расейскае грамадзянства і забыцца пра тое, што калісьці жылі ў іншай краіне», — кажа ён.

Таксама Сяргей адзначае, што з кожным годам знаёмых і сяброў па ліцэі БДУ, якія пазьяжджалі за мяжу, становіцца ўсё болей. «З майго выпуску ў розныя краіны разам са мной зьехала чалавек 20. Цяпер, напэўна, гэтая лічба падвоілася, а то і патроілася. Наагул, у мяне амаль няма знаёмых, якія б не хацелі пакінуць краіну», — кажа ён.

«У Беларусі няма магчымасьцяў для рэалізацыі»

Вера

Вера

«Маладым патрэбныя магчымасьці, пэрспэктывы, — кажа Вера, якая ў мінулым годзе скончыла Школу-студыю МХАТ. — Усе жадаюць добра жыць, займацца любімай справай, атрымліваць ад гэтага задавальненьне і прыбытак. Маладым патрэбна свабода, каб крылы расправіць! Патрэбен выбар!»

Жывучы ў Расеі, Вера не забывае пра тое, што яна беларуска, і рада распавядаць усім пра сваю радзіму:

«Я імкнуся сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі. І вельмі крыўдна часам — у прыватнасьці, за тое, што мы так неасьцярожна ставімся да нашай культуры і мовы... І я, вядома, таксама ня чыстая на руку ў гэтым пляне», — з жалем адзначае Вера.

Вера зьехала ў Расею ўсьлед за маці, якая, працуючы доктарам у Беларусі, ня мела магчымасьцяў зарабляць гэтулькі, каб утрымліваць дваіх дзяцей. Спачатку Вера перавялася з БДУ ў Інстытут замежных моў у Санкт-Пецярбургу, а потым зьмяніла спэцыяльнасьць і зьехала ў Маскву.

Вяртацца ў Беларусь Вера не плянуе, перш за ўсё — у сувязі са спэцыфікай сваёй прафэсійнай дзейнасьці. «На жаль, я ня бачу ў Беларусі магчымасьцяў рэалізацыі для маладой акторкі ў тым маштабе, які б мяне задавальняў», — адзначае яна.

«За мяжой я прыношу Беларусі больш карысьці, чым дома»

Маладыя беларусы, калі зьяжджаюць вучыцца за мяжу, не абавязкова плянуюць потым заставацца там жыць. Марыя кажа, што, паступаючы ў ЭГУ дзесяць гадоў назад, пра эміграцыю зусім ня думала. Але пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту засталася за мяжой і цяпер працуе ў прававым аддзеле аднаго з найбуйнейшых эўрапейскіх інвэстыцыйных банкаў UBS.

«Прыйшло выразнае ўсьведамленьне, што ў дадзены часовы і прасторавы момант, будучы за межамі Беларусі, я прыношу ёй больш карысьці, чым магла б, калі б вярнулася», — канстатуе яна.

Але не заўсёды маладыя людзі спачатку зьяжджаюць за мяжу вучыцца.

«Дамагчыся ўсяго самому, сваёй галавой, сваімі рукамі і нагамі»

Тацяна

Тацяна

Тацяна зьехала ў ЗША не вучыцца, а адразу жыць і працаваць, таму што ня бачыла ў Беларусі сваёй будучыні. Цяпер яна ўжо тры гады жыве ў Сан-Францыска і працуе ў кампаніі, якая стварае праграмнае забесьпячэньне.

На яе погляд, беларуская моладзь імкнецца эміграваць таму, што спадзяецца знайсьці за мяжой свабоду і вялікія магчымасьці.

«У ЗША ёсьць адна вялікая магчымасьць — гэта дамагчыся ўсяго самому, сваёй галавой, сваімі рукамі і нагамі, ня маючы за сьпінаю мамы і таты ці дзядзькавых знаёмых. Я ведаю вельмі шмат людзей, якія прыехалі ў Амэрыку практычна бязь ведаў мовы, і цяпер гэта пасьпяховыя людзі зь сем’ямі, сваімі хатамі і добрым бізнэсам ці працай», — кажа яна.

Вялікія магчымасьці — гэта адна з праяваў свабоды. Але, паводле Тацяны, свабода можа выяўляцца шмат у чым: у паводзінах, у адсутнасьці страху, у адкрытасьці і нават у адзежы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG