Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра сваё бачаньне будучыні Паўночнаатлянтычнага альянсу пішуць у артыкуле ў The Wall Street Journal генэральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмунсэн і камандуючы аб'яднанымі сіламі НАТО ў Эўропе Філіп Брыдлоў.

«Расейская агрэсія ясна дала зразумець: нам патрэбны больш падрыхтаваны, хуткі і гнуткі альянс» – адзначаюць яны.

Мы абодва расьлі ў ценю «халоднай вайны» па розныя бакі Атлянтыкі, і мы абодва памятаем той выдатны дзень, калі абрынулася Бэрлінская сьцяна. Да гэтага часу НАТО не давала «халоднай вайне» ператварыцца ў «гарачую». Пасьля падзеньня Сьцяны вайна ў Эўропе стала нечым, што цяжка сабе ўявіць: былыя праціўнікі сталі саюзьнікамі альянсу, і мы выбудоўвалі новае партнэрства з Расеяй.

Агрэсія Расеі супраць Украіны кінула выклік беспрэцэдэнтнаму пэрыяду без вайны. Упершыню з канца Другой сусьветнай вайны эўрапейская краіна сілай захапіла частку тэрыторыі іншай дзяржавы. Штодзень мы бачым доказы падрыўной расейскага прысутнасьці ўва Ўкраіне, канцэнтрацыю войскаў вакол межаў і цынічную спробу Расеі прымерыць тогу пастаўніка гуманітарнай дапамогі. Трагічная катастрофа малайзійскага самалёта ясна паказала глябальныя наступствы дзеяньняў Расеі.

Аднак пагрозы 2014 адрозьніваюцца ад небясьпекі «халоднай вайны», іх больш і яны больш падступныя. На поўдні віруе нестабільнасьць: дуга крызісу працягнулася ад Паўночнай Афрыкі да Блізкага Ўсходу. Між тым Расея зьвяртаецца да гібрыдных баявых дзеяньняў, яна праводзіць раптоўныя вучэньні, задзейнічае сакрэтныя спэцпадразьдзяленьні і кантрабандай правозіць ракеты.

У гэтым зьменлівым сьвеце асноватворная місія НАТО застаецца ранейшай: абарона тэрыторыі, насельніцтва і агульных каштоўнасьцяў усіх яго чальцоў. Наша прыхільнасьць прынцыпу калектыўнай бясьпекі непахісная.

Мы ўжо падвоілі колькасьць рэйдаў паветранага патруляваньня, разгарнулі дадатковыя караблі ў Чорным і Балтыйскім марах, правялі больш вучэньняў ува Ўсходняй Эўропе. Усе 28 краін-чальцоў бяруць удзел у гэтых абарончых высілках.

Празь некалькі тыдняў на саміце НАТО ўва Ўэльсе мы прымем неабходныя меры, каб зрабіць альянс больш падрыхтаваным, хуткім і гнуткім для супрацьстаяньня пагрозам будучыні, адкуль бы яны ні зыходзілі.

Плян па забесьпячэньні гатоўнасьці павінен складацца з трох кампанэнтаў.

Па-першае, мы павінны разьвіць ужо прынятыя намі меры па гарантаваньні бясьпекі саюзьнікаў НАТО і падоўжыць іх на больш працяглы пэрыяд.

Па-другое, нам трэба, каб сілы НАТО знаходзіліся ва Ўсходняй Эўропе столькі, колькі неабходна, мы таксама маем патрэбу ў паляпшэньні збору і абмену выведнымі дадзенымі, у абноўленых плянах арганізацыі абароны і пашыраным навучальным пляне зь вялікай колькасьцю манэўраў рознага тыпу, якія будуць праводзіцца часьцей і ў большай колькасьці месцаў.

Па-трэцяе, мы павінны мадэрнізаваць кампанэнты нашых сілаў хуткага рэагаваньня – Корпус рэагаваньня НАТО, – каб яны маглі быць разгорнутыя яшчэ хутчэй, пры першых жа прыкметах крызісу, да пачатку канфлікту.

Гэтыя зьмены запатрабуюць істотных інвэстыцый у сучасныя ўзброеныя сілы. Саміт ува Ўэльсе зьяўляецца выдатнай магчымасьцю зьмяніць тэндэнцыю зьніжэньня абаронных бюджэтаў і падзяліць адказнасьць за бясьпеку больш справядліва.

Мы перакананыя, што дадзеныя меры неабходныя для адаптацыі да небясьпечнага сьвету і рэакцыі на падвойную гульню Расеі.

Мы па-ранейшаму заклікаем Расею зрабіць разумны выбар: адвесьці войскі, адмовіцца ад тактыкі гібрыднай вайны і сумесна з сусьветнай супольнасьцю і ўкраінскім урадам прыступіць да пошуку палітычнага выхаду з крызісу. Тым часам мы павінны зрабіць правільны выбар для НАТО: пераканацца, што альянс гатовы, хоча і можа абараніць амаль мільярд нашых грамадзян. Гэта наша мэта нумар адзін на саміце ва Ўэльсе, і мы адзіныя ў сваёй рашучасьці. Мы адправім недвухсэнсоўны сыгнал: сёньня і ў будучыні НАТО азначае – адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG