Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пазбавіць узнагарод і выслаць ва Ўкраіну»: Расейскія дэпутаты ўзяліся за Макарэвіча


Дэпутаты Дзярждумы прапануюць пазбавіць сьпевака і кампазытара Андрэя Макарэвіча ўсіх ганаровых званьняў і ордэна «За заслугі перад Айчынай», пішуць сёньня «Известия».

З такой ініцыятывай выступіў дэпутат ад «Адзінай Расеі» Яўген Фёдараў. Ён абвінаваціў Макарэвіча ў здрадзе, антырасейскай прапагандзе і нават у супрацоўніцтве з фашыстамі. «Гэты выбар ён зрабіў досыць даўно, яшчэ калі перайшоў на бок ворагаў Расейскай Фэдэрацыі», заявіў дэпутат. Член камітэту Дзярждумы па культуры Дзьмітры Літвінцаў сказаў, што калі Макарэвічу не падабаецца жыць у Расеі, то яго «варта выслаць ва Ўкраіну, хай ён там і жыве».

На мінулым тыдні Макарэвіч паехаў гастраляваць у Данбас і выступіў з канцэртам у Сьвятагорску, кантраляваным кіеўскім урадам. Многія расейскія грамадзкія дзеячы і палітыкі заявілі, што дзеяньні Макарэвіча носяць антырасейскі характар.

Андрэй Макарэвіч неаднаразова рэзка выказваўся наконт падзеяў ва Ўкраіне і ў Крыме. У сваім лісьце «Пра мярзоту» ён асудзіў расейскія ўлады ў сувязі з украінскімі падзеямі.

Увесну сёлета карыстальнікі інтэрнэту ўжо пачыналі кампанію за пазбаўленьне Макарэвіча дзяржаўных узнагарод — -тады падставай для абурэньня стаў антываенны мітынг, на якім прысутнічаў Макарэвіч. Подпісы пад адпаведнай пэтыцыяй пакінулі больш за 23 тысячы чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG