Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея падобная да Саўдэпіі»,— Букоўскі


Уладзімер Букоўскі, архіўнае фота

Уладзімер Букоўскі, архіўнае фота

У новыя часы крамлёўскае кіраўніцтва выкарыстоўвае мэтады, апрабаваныя КДБ паўстагодзьдзя таму, заявіў былы савецкі дысыдэнт Уладзімер Букоўскі ў інтэрвію радыё Свабода.

Матывы паводзінаў Уладзімера Пуціна і прынцыпы фармаваньня расейскай палітыкі спрабуюць разгадаць многія экспэрты і камэнтатары. Чым выкліканая агрэсіўнасьць Расеі ў постсавецкай прасторы? Чым завершыцца ўкраінская прыгода Крамля? Як Расея перажывае сёньняшні смутны час?

Суразмоўца Свабоды — савецкі дысыдэнт і расейскі праваабаронца Ўладзімер Букоўскі, які жыве ў Вялікабрытаніі. На выбарах 2008 году спрабаваў балятавацца на пост прэзыдэнта Расеі, аднак яго кандыдатура не была зарэгістраваная.

— Я з самага пачатку, як толькі адбылася анэксія Крыма, сказаў, што Пуцін загнаў сябе ў пастку: ён назад ісьці ня можа і наперад ісьці ня можа, ён на самой справе на гэтым сабе галаву скруціць. Гэта яшчэ ўвесну было відавочна. У Крамля быў разьлік на масавую народную падтрымку на паўднёвым усходзе Ўкраіны, але разьлік гэты здаваўся наіўным. Наадварот, дзеяньні Расеі прывялі да кансалідацыі Ўкраіны. Калі нават і былі ў Данбасе людзі, якія хацелі б патэнцыйных зьменаў на карысьць расейскамоўнай меншасьці, дык у выніку яны ў большасьці сваёй заявілі пра сваю ляяльнасьць Украіне. Тое ж самае здарыцца і ў Крыме, дарэчы, ужо многія заявілі: «Мы такога разьвіцьця падзей на ўвазе ня мелі». Так што Пуцін сур’ёзна пралічыўся. Цяпер пастка: назад нельга — гэта страта твару і страта прэстыжу, і наперад нельга, таму што няма куды наперад ісьці, няма арміі, няма сілаў. Каб акупаваць Украіну, патрэбная як мінімум паўмільённая баяздольная армія.

— Вы думаеце, толькі ў гэтым прычына, паводле якой Расея не рашаецца на наўпростае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну — толькі негатовасьць арміі? Ідэалягічна Пуцін здольны на гэта?

— Ідэалягічна, вядома, здольны. Для іх гэта звыклая апэрацыя. Чым займалася савецкая ўлада 73 гады свайго жыцьця? Распаўсюджвала рэвалюцыю, паколькі створана была з мэтай правесьці сусьветную пралетарскую рэвалюцыю. Для гэтага ў яе былі ўсе інструмэнты. Роўна па гэтай схеме Расея сёньня дзейнічае ва Ўкраіне, што сьмешна. Савецкага саюзу няма, Камуністычная партыя Савецкага саюзу не ва ўладзе, марксізм ужо даўно не вядучая ідэалёгія Расеі, а дзейнічае Крэмль па тых шаблёнах, якім навучалі ў школах КДБ: яны знайшлі пралетарыят, стварылі народна-дэмакратычную рэспубліку, усё як належыць. У мяне ёсьць сотні дакумэнтаў аб тым, як СССР гэтым займаўся ў краінах трэцяга сьвету. Роўна па гэтай схеме Масква дзейнічае і ва Ўкраіне. Гэта паказвае, наколькі ў іх у Крамлі застарэлае, заскарузлае, шаблённае мысьленьне: як іх навучылі ладзіць пралетарскія рэвалюцыі, так яны і працягваюць, нягледзячы на тое, што гаворка ідзе пра Ўкраіну, а не пра, напрыклад, Нікарагуа. Паглядзіце геаграфію іх пранікненьня — гэта тыпова пралетарскія рэгіёны, Краматорск, Антрацыт, Стаханаў. Вось гэта іх схема, яны па ёй ідуць, паколькі нічога іншага рабіць ня ўмеюць.

— Чаму, калі падобная палітыка відавочна асуджаная на правал, Пуцін карыстаецца такой падтрымкай сярод расейскага насельніцтва?

— Па-першае, мы ня ведаем, якая менавіта гэтая падтрымка. І ня толькі таму, што мэханізм апытаньняў кантралюецца ўладай, але яшчэ і таму, што людзі пабойваюцца адказваць так, як яны думаюць. Яны пераважна абіраюць казаць тое, што ад іх чакаюць. Ды многія і ня маюць ніякага меркаваньня, яны на апытаньне рэагуюць як на нейкі тэст: а ці ведаеце вы? Яны адразу ўзгадваюць, што сказалі па Першым канале... Акрамя гэтага, яшчэ ёсьць момант, на які вельмі правільна адрэагаваў адзін з сацыёлягаў: чым больш няшчаснае жыцьцё, тым больш хочацца чагосьці выбітнага, а самае простае выбітнае — гэта вораг. Стварыць сабе ворага — значыць зацяніць няўдачы свайго жыцьця, ты атрымліваеш нейкую мэту ў жыцьці, нездарма ўсе свае нягоды трываеш. У СССР заўсёды спрабавалі ствараць сабе ворагаў, паколькі жыцьцё ў самой Саўдэпіі было агідным і зусім безнадзейным, ніякага прасьвету. А тут знайшоўся вораг, і ты як бы пры справе, ты ўжо нешта гераічнае зьдзяйсьняеш.

— На Ваш погляд, цяперашняя Расея падобная да той Саўдэпіі, пра якую Вы кажаце?

— Яшчэ як! Асабліва тыя людзі, якія цяпер бегаюць і крычаць: «Крым наш, Крым наш!» Гэта абсалютна савецкія людзі, адзін да аднаго! Вось я прыгадваю палёт Гагарына. Між іншым, час на пачатку 1960-х быў вельмі галодны, нічога не было ў крамах, стаялі ў чарзе па махорку, страшэнна непрыемны быў час. І тут паляцеў Гагарын — радасьць вялікая! Усе гэтыя бабкі ў хустачках бегалі і крычалі сваімі бяззубымі ратамі: «Га-га-а-а-рын! Га-га-а-а-рын! Га-га-а-а-рын!» Вялікае шчасьце! Тое, што хлеба няма, — гэта добра, а вось Гагарын паляцеў — знайшлася замена хлебу. Тое ж самае я прыгадваю падчас акупацыі Вэнгрыі ў 1956-м, акупацыі Чэхаславакіі ў 1968-м годзе. Інтэлігенцыя пратэставала, бунтавала, канешне, а людзі прасьцей, «сярэдні» чалавек на вуліцы, ён на гэта адказваў: «А што, мы іх вызвалілі, а яны, гады, як сябе цяпер паводзяць?» Гэта выдатна: калі ты іх вызваліў, дык няхай яны жывуць, як хочуць, а калі ты хочаш, каб яны жылі, як ты, дык ты іх ня вызваліў — ты іх акупаваў. Потым, а якая табе розьніца: гэтыя краіны далёка, табе то што? Не: «Мы іх скруцілі, гадаў, яны такія няўдзячныя!» І вось на глебе такіх настрояў нейкая радасьць узьнікае, нейкая кансалідацыя. Гэта даволі тыпова для Расеі. І людзі, якія на гэтыя настроі «купляюцца», — тыповыя савецкія людзі.

— А чаму нікуды не падзеўся гэты тыповы савецкі чалавек, чаму ён жывы праз чвэрць стагодзьдзя пасьля скону Савецкага Саюза?

— У 1991 годзе я шмат часу патраціў на тое, каб угаварыць расейскае кіраўніцтва правесьці Нюрнбэргскі працэс або штосьці накшталт Нюрнбэргскага працэсу ў Маскве над камуністычнай сыстэмай, выкласьці ў друк усе архіўныя сакрэты і даказаць адзін да аднаго, што гэтая была злачынная сыстэма. Тады ў людзей адбылося б ўсьведамленьне

не адбылося пакаяньня у расейцаў — значыць, зьявіліся легенды, міты пра тое, як Савецкі саюз мог бы жыць, калі б яго ЦРУ не падарвала або сіяністы

мінулага. Гэта ж балючая рэч: зразумець, што ты ўдзельнічаў у злачынствах супраць чалавецтва, хай у сваёй маленькай эпізадычнай ролі, але ўдзельнічаў. А так, у маленькай ролі, кожны ж савецкі чалавек удзельнічаў. Усьвядоміць гэта чалавеку і цяжка, і горка, і хваравіта. Калі гэта не зрабіць зьверху, судом, дык само сабой гэта не адбудзецца. Не было б і ў Нямеччыне пакаяньня і ўсьведамленьня пасьля нацызму, калі б не было Нюрнбэрга. Але не адбылося пакаяньня у расейцаў — значыць, зьявіліся легенды, міты пра тое, як Савецкі саюз мог бы жыць, калі б яго ЦРУ не падарвала або сіяністы (я ня ведаю, хто там у іх падарваў Савецкі саюз). Зразумець, што гэты рэжым быў асуджаны першапачаткова, што гэта была злачынная дзяржава, — для гэтага патрэбныя балючыя намаганьні. Мы спрабавалі ўгаварыць тагачаснае расейскае кіраўніцтва правесьці такі судовы працэс. Добра, няхай ня суд, хай зьезд міжнароднай камісіі гісторыкаў, але каб гэта было канчаткова, каб вынесьлі гістарычны прысуд савецкаму ладу. Не, не пайшла расейская ўлада на гэта, спалохалася, ды кіраўнікі Расеі і самі былі плоць ад плоці гэтай сыстэмы, так што яны асьцерагаліся, што па іх гэта таксама ўдарыць. Увогуле, пахавалі яны нашу ідэю. А далей пайшлі міты. Імі сёньня поўны інтэрнэт, здымаецца велізарная колькасьць дакумэнтальных фільмаў, амаль пра кожнага савецкага дзеяча ёсьць дакумэнтальны фільм, і кожны зь іх, калі паглядзець на экран, быў крышталёвай душы чалавекам! Але калі яны былі крышталёвай душы людзі, дык хто ж забіў 30-40 мільёнаў нашых з вамі суайчыньнікаў? Лягчэй прыдумляць міты, чым зазірнуць сабе ў душу.

— Вы будуеце гутарку на аналізе вялікага гістарычнага пэрыяду. Вы б назвалі тое, што цяпер адбываецца ў Расеі, новым смутным часам?

— Безумоўна. Але толькі гэты смутны час пачаўся ў 1917 годзе і да гэтага часу ня скончыўся. Былі часы быццам бы і больш спакойныя, але гэта ня значыць, што смутнага часу не было. Ўвесь савецкі этап — гэта штучны пэрыяд, калі смутны час заціснулі ў абцугах з дапамогай ЧК, арміі і гэтак далей, але падспудна ён нікуды не сыходзіў. У нас да гэтага часу грамадзянская вайна ня скончылася ў Расеі, усё яшчэ мы адчуваем яе. Так, вядома, гэта смутны час, але вельмі працяглы смутны час.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG