Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая ўкраінская апазыцыя, перайшоўшы ва ўладу, засталася ў сацыяльных сетках, выкарыстоўваючы іх надалей для сувязі з выбарцамі.

У Беларусі ж старонка чыноўніка ў сацсетцы — выключэньне з правіла. У той час як Аляксандру Лукашэнку нядаўна абнавілі афіцыйны сайт за 300 000 даляраў, але так і не стварылі ніводнай афіцыйнай старонкі ў сацсетках, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падзякаваў двухсоттысячнаму падпісчыку ягонай старонкі ў Фэйсбуку.

У сакавіку гэтага году, калі лідэры Эўрамайдану яшчэ былі апазыцыйнымі палітыкамі, а Пятро Парашэнка быў толькі адным з кандыдатаў у прэзыдэнты, Радыё Свабода складала топ-5 украінскіх палітыкаў у Фэйсбуку паводле колькасьці падпісчыкаў.

За гэтыя паўгады лідэры топу з апазыцыйных лідэраў ператварыліся ў дзяржаўных кіраўнікоў рознага ўзроўню, а Пятро Парашэнка стаў прэзыдэнтам. Аднак усе яны і надалей актыўна выкарыстоўваюць Фэйсбук для публічных зваротаў, афіцыйных публікацый і штодзённай камунікацыі.

Нічога не зьмянілася з 14 лютага толькі на старонцы былога прэм’ер-міністра Мікалая Азарава, дзе апошнім значыцца допіс: «Спасибо всем. Всем хороших выходных и всего самого доброго!».

Радыё Свабода прааналізавала, пра што пішуць сёньняшнія лідэры Ўкраіны ў сацыяльных сетках, хто цяпер узначальвае топ-5 і як зьмянілася колькасьць падпісчыкаў гэтых палітыкаў у Фэйсбуку з часоў перамогі Эўрамайдану. У дужках пазначаная колькасьць падпісчыкаў на пачатак сакавіка 2014 году.

1. Арсені Яцанюк, прэм’ер-міністар Украіны — 243 564 (61 885) падпісчыкаў.

2. Арсен Авакаў, міністар унутраных спраў — 218 729 (51 510) падпісчыкаў

3. Пятро Парашэнка, прэзыдэнт Украіны — 206 450 (59 429) падпісчыкаў

4. Віталь Клічко, мэр Кіева — 98 103 (66 644) падпісчыкаў.

5. Барыс Філатаў, намесьнік губэрнатара Днепрапятроўскай вобласьці — 81 269 падпісчыкаў

__________________________________________

Калі казаць пра беларускіх урадоўцаў і чыноўнікаў рознага ўзроўню, то іх у Фэйсбуку лічаная колькасьць. Найбольш актыўны сярод іх дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Дзевятоўскі, які мае больш за 3000 сяброў і піша пераважна на сацыяльныя ды спартовыя тэмы.

Вадзім Дзевятоўскі хутчэй выключэньне з правілаў. Характэрна, што новы старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Браніслававіч Гой выдаліў сваю старонку ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» праз паўгадзіны пасьля навіны пра яе на сайце «Нашай Нівы».

XS
SM
MD
LG