Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея гатовая адмовіцца і ад прамысловых тавараў з Захаду


У дадатак да адмовы ад заходніх харчоў Расея можа адмовіцца і ад прамысловых тавараў з Захаду, у тым ліку аўтамабіляў і лекаў.

Расейскія санкцыі супраць ЗША і Эўразьвязу могуць не абмежавацца забаронай на імпарт прадуктаў харчаваньня, Масква можа ўвесьці абмежаваньні на ўвоз прамысловых тавараў, піша ў панядзелак расейскае дзелавое выданьне «Ведомости» са спасылкай на двух ананімных расейскіх фэдэральных чыноўнікаў.

Паводле суразмоўцаў выданьня, адпаведныя прапановы ўрад ужо накіраваў прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну.

Як зазначыў адзін з чыноўнікаў, калі Эўразьвяз і ЗША ўвялі сэктаральныя санкцыі супраць Расеі, урад празь некалькі дзён накіраваў прэзыдэнту даклад з шырокім сьпісам магчымых санкцый у адказ, але было даручана абмежаваць толькі імпарт прадуктаў харчаваньня.

«Значыць, дадатковыя санкцыі з боку Расеі магчымыя, толькі калі ЭЗ і ЗША зробяць свае санкцыі супраць нас»,— гэтак «Ведомости» прыводзяць словы чыноўніка.

Іншы чыноўнік кажа, што ўрад пакуль ня мае даручэньня прэзыдэнта рыхтаваць дакумэнты аб увядзеньні новых санкцый.

Як піша газэта, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў не выключае магчымых крокаў Масквы ў адказ у выпадку ўзмацненьня жорсткасьці санкцый Захаду. Якімі яны могуць быць, залежыць ад дзеяньняў з боку Захаду, кажа Пяскоў, словы якога прыводзяць «Ведомости».

Адна з магчымых санкцый — поўная ці амаль поўная забарона імпарту аўтамабіляў з недружалюбных краін, кажа фэдэральны чыноўнік. Паводле яго, попыт можа быць забясьпечаны за кошт унутранай вытворчасьці, перш за ўсё прадпрыемстваў, якія працуюць у рэжыме прамысловай зборкі.

Акрамя таго, паводле фэдэральнага чыноўніка, магчымае абмежаваньне на імпарт мэдыцынскіх вырабаў, але пытаньне адчувальнае і патрабуе дадатковага абмеркаваньня, пішуць «Ведомости».

Газэта нагадвае, што аб магчымых дадатковых санкцыях раней папярэджваў прэм’ер Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG