Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры замежных справаў Расеі і Ўкраіны сустрэнуцца ў Бэрліне. Украіна просіць падтрымкі НАТО


Міністры замежных справаў Францыі, Расеі, Нямеччыны ды Ўкраіны на сустрэчы ў Бэрліне 2 ліпеня 2014

Міністры замежных справаў Францыі, Расеі, Нямеччыны ды Ўкраіны на сустрэчы ў Бэрліне 2 ліпеня 2014

Сёньня ў Бэрліне міністры замежных справаў Нямеччыны, Украіны, Расеі і Францыі абмяркуюць украінскі крызіс.

Напярэдадні кіраўнік украінскага МЗС Павал Клімкін выказаў надзею на прагрэс у адносінах з Масквой па выніках гэтай сустрэчы. Ён напісаў у сваім мікраблёгу ў твітэры, што ідэю перамоваў шматбаковага фармату падтрымлівае і Польшча.

У пятніцу Клімкін паведаміў аб прызначанай на 17 жніўня сваёй сустрэчы ў Бэрліне з Франк-Вальтэрам Штайнмаерам, Ляранам Фабіюсам і Сяргеем Лаўровым.

Галоўныя задачы ўкраінскага боку — паводле Клімкіна — спыніць сэпаратыстаў у Данецку і Луганску і вызваліць лётчыцу Надзею Саўчанку ды іншых ўкраінскіх грамадзян, якія знаходзяцца ў зьняволеньні ў Расеі і якіх міністар назваў «палітвязьнямі».

Раней у інтэрвію нямецкаму радыё Deutschlandfunk Павал Клімкін заклікаў НАТО і Эўразьвяз прадставіць Кіеву ваенную падтрымку для барацьбы з сэпаратыстамі на Данбасе.

«Мы маем патрэбу ў ваеннай дапамозе. Калі б мы атрымалі такую дапамогу, нашым вайскоўцам было б лягчэй», — сказаў Клімкін. Павал Клімкін адзначыў, што ЭЗ і НАТА павінны вызначыцца, што яны могуць і павінны зрабіць, калі правілы зламаныя. Клімкін адзначыў, што гаворка ідзе аб анэксіі Крыму і ролі Расеі ў дэстабілізацыі сытуацыі на Данбасе.

У сваім відэазвароце «прэм’ер-міністар ДНР» Аляксандар Захарчанка ў суботу заявіў, што баевікі яго групоўкі атрымалі падмацаваньне з Расеі. Паводле яго, гэта 1200 байцоў, якія праходзілі чатырохмесячны вучэньні на тэрыторыі Расеі, а таксама 30 танкаў і 120 бронемашын.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель хоча тлумачэньняў ад расейскага кіраўніцтва адносна таго, ці сапраўды Расея накіравала для падтрымкі сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны танкі і спэцыяльна навучаных байцоў, як пра гэта сказаў у відэазвароце «прэм’ер» «ДНР».

Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў пастаўках зброі і баевікоў на Данбас. Масква сваё дачыненьне адмаўляе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG