Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бандарэнка падаў скаргу на прысуд


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Былы палітвязень, праваабаронца Андрэй Бандарэнка падаў скаргу на прысуд Кастрычніцкага суду Менску, паводле якога ён прызнаны вінаватым у злосным хуліганстве і асуджаны на 3 гады зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пра гэта Свабодзе паведаміў бацька вязьня Валер Бандарэнка, які 12 жніўня сустракаўся з сынам ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага.

«Асабліва вялікіх прэтэнзій у яго да судзьдзя няма, але ўсё ж спадзяецца на больш справядлівы суд. Кажа, з большага, ці такая вялікая ягоная віна? Карацей, спадзяецца на скаргу».

Паводле Валера Бандарэнка ягонага сына па-ранейшаму ўтрымліваюць ў невялікай камэры, разьлічанай на два вязьня. З-за таго, што сусед Бандарэнкі не паліць, праваабаронца таксама кінуў паліць.

«Назаўсёды ці часова ён кінуў гэтую дрэнную звычку, сказаць не магу, час пакажа, але ад сябе магу сказаць, што гэта слушнае рашэньне. Добра, што кінуў паліць», — кажа Валер Бандарэнка.

Меркаваньні беларускіх праваабаронцаў адносна справы Андрэя Бандарэнкі разышліся. У прыватнасьці, Людміла Гразнова і Валер Шчукін мяркуюць, што Бандарэнка стаў ахвярай разыгранай праваахоўнікамі правакацыі, пры гэтым і сам ня яе паддаўся. Між тым праваабаронцы з «Вясны» ня бачаць прычын лічыць, што гэтая справа мае палітычную глебу. Сам Андрэй Бандарэнка ў судзе казаў, што прынамсі адзін з эпізодаў абвінавачаньня быў пастроены спэцслужбамі.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка быў арыштаваны 1 красавіка і з таго часу яго ўтрымліваюць на «Валадарцы».

XS
SM
MD
LG