Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліцэісты пагасьцявалі ў першай лэдзі Польшчы


Ганна Камароўская

Ганна Камароўская

Навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, якія праводзяць летнюю сэсію ў Варшаве, былі за прошаныя ў палац Бэльвэдэр да першай лэдзі польскай дзяржавы Ганны Камароўскай — жонкі прэзыдэнта Браніслава Камароўскага.

Як падае інтэрнэт-старонка пані Камароўскай, сустрэча ў летняй рэзыдэнцыі прэзыдэнта Польшчы прайшла ў нефармальнай абстаноўцы, гаспадыні была расказаная гісторыя ўзьнікненьня коласаўскага ліцэю і расфармаваньня яго на загад Міністэрства адукацыі Беларусі.

Пасля сустрэчы з першай лэдзі дзеці і выкладчыкі пазнаёміліся з выставай, прысвечанай выбітнаму польскаму палітыку і грамадзкаму дзеячу Тадэвушу Мазавецкаму.

Як пададзена на сайце прэзыдэнта Польшчы, Беларускі гуманітарны ліцэй быў створаны зь ініцыятывы навуковай і творчай інтэлігенцыі Беларусі ў верасьні 1990 году ў якасці адзінай школы, дзе ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Выкладчыкамі былі аўтары інавацыйных праектаў рэформы адукацыі і працавалі ў шчыльным кантакце з замежнымі краінамі. У 2003 годзе ліцэй быў забаронены ўладамі па палітычных матывах. Студэнты страцілі будынак, бібліятэку, магчымасьць навучацца ў прымальных умовах. Але школа працягвае функцыянаваць, штогод навучаючы больш за паўсотні старшакласьнікаў ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў. Першапачаткова ўрокі ладзіліся ў раскіданых па ўсім Менску здымных памяшканьнях, а цяпер заняткі адбываюцца ў арандаваным загарадным доме. Традыцыйна дырэкцыя ліцэю арганізуе летнюю школу адукацыйных сэсій за мяжой, падчас чаго студэнты маюць магчымасьць сумяшчаць навуковую праграму і камунікацыю з аднагодкамі. Цягам апошніх гадоў улетку на запрашэньне ўладаў Гданьску і варшаўскага Клубу каталіцкай інтэлігенцыі навучэнцы выяжджалі ў гэтыя гарады, але цяпер іх прымае толькі Варшава.

XS
SM
MD
LG