Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы для «Новороссии» зьбіраюць слоікамі


Спроба легалізацыі прывіднай Наваросіі

Спроба легалізацыі прывіднай Наваросіі

У апошні час шмат для якіх расейскіх гарадоў звыклай карцінай сталі арганізаваныя пікеты ў падтрымку так званай «Новороссии» — віртуальнага канглямэрату самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік».

У апошні час шмат для якіх расейскіх гарадоў звыклай карцінай сталі арганізаваныя пікеты ў падтрымку так званай «Новороссии» — віртуальнага канглямэрату самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік».

У папулярным месцы прамэнаду іркуцянаў, проста пад помнікам славутаму гараджаніну, кінарэжысэру Леаніду Гайдаю (мабыць, для наданьня большай важкасьці справе), усталяваны стракаты намёт. Па пэрымэтры — плякаты ў духу інфармацыйнай вайны пракрамлёўскіх мэдыяў: «Новороссия, мы с тобой!». Для дылетантаў — ілюстратыўная расшыфроўка: суровы шахцёр з кіркай, ахутаны абярэжнай георгіеўскай стужкай, замахваецца на карычневую зьмяюку па мянушцы «неофашизм».

Гайдаю ад такога суседзтва яўна не да сьмеху

Гайдаю ад такога суседзтва яўна не да сьмеху

Зь іншага боку — адрасны заклік: «Иркутск, помоги Новороссии!». Пералік таго, што трэба прынесьці ў штаб, прыкладаецца — грошы, камуфляж, сродкі абароны і г.д. Тут жа — ваяўнічае рэзюмэ: «Всё для фронта! Всё для победы!». Да суседняй лаўкі прымацаваныя сьцягі Расеі і так званай «Данецкай народнай рэспублікі» з аналягічнай расьцяжкай — «Поможем выстоять Новороссии!».

Пад тэнтам сумуе дзяўчына, перад ёй — трохлітровы слоік з надпісам «Гуманитарная помощь Новороссии». На невялікай аддаленасьці дзяжураць «агенты» Наваросіі ў спартовых касьцюмах, якія пільна сочаць за працэсам «капіталізацыі». Зрэшты, асаблівай актыўнасьці з боку мінакоў не назіраецца, хоць на дне слоіка і бачныя папяровыя купюры.

Зборшчыкі збольшага сумуюць

Зборшчыкі збольшага сумуюць

Пікет, мяркуючы па ўсім, санкцыянаваны мясцовымі ўладамі. На гэта прынамсі сьведчаць сьцягі ды эмблемы арганізатараў кампаніі на збор гуманітарнай дапамогі — Прафсаюзу грамадзянаў Расеі, Эўразійскага саюзу моладзі ды іншых. Лунаюць яны ў традыцыйнай зьвязцы з георгіеўскімі стужкамі.

У некаторых офісах потым трапляліся на вочы і размножаныя ўлёткі крыху іншага зьместу, не такога ваяўнічага — пералік матэрыяльнай дапамогі грамадзянам, якія вымушана пакінулі тэрыторыю Ўкраіны.

Дапамога ўцекачам рэклямуецца без размаху

Дапамога ўцекачам рэклямуецца без размаху

Наколькі маральна рабіць заклікі ад імя віртуальнага новаўтварэньня, якога ў прыродзе не існуе ў прынцыпе? Ці разумеюць самі расейцы наступствы ўхваленьня сэпаратызму? Як кажа жыхар Іркуцку, грамадзкі актывіст Анатоль Кудрашоў, такая палітыка можа дрэнна скончыцца для Расеі:

«Ніякай Наваросіі, безумоўна, не існуе. Але справа ў тым, што калі браць назву „Наваросія“ як нейкую рэгіянальную, адносіць яе да нейкай часткі сьвету, то ў прынцыпе нічога страшнага няма. Як, прыкладам, у Расеі ёсьць Урал, альбо Саяны, альбо Прыбайкальле (ня толькі Іркуцкая вобласьць, а і Краснаярскі край некаторыя лічаць Прыбайкальлем), альбо Забайкальле — Бурація і Чыцінская вобласьць. То бок, геаграфічна слова „Наваросія“ можа існаваць. Але як назва дзяржавы — безумоўна, гэта няправільна. Што гэта за дзяржава такая — Наваросія? І ўвогуле хто выступае за гэтую дзяржаву? І ці ня вернецца гэта бумэрангам? У нас у Іркуцкай вобласьці шмат кітайцаў. І вось, напрыклад, гэтыя кітайцы раптам зараз узьнікнуць і скажуць: тут будзе Іркуцкі чайна-таўн. Ім жа ўсё мала тэрыторыі, яны ж жадаюць тэрыторыю пашыраць. Што тады? Аб’явіць можна аб чым заўгодна, але калі такое ўзьнікае ўнутры нейкай дзяржавы, то гэта ўжо сэпаратызм, гэта значыць, што яно расколвае дзяржаву. Таму сэпаратызм у любым выглядзе трэба стрымліваць і ўвогуле яго зьнішчаць. І зноў жа: калі гэта раптам зацьвердзіцца, то гэта непазьбежна адаб’ецца на самой жа Расеі. Тая ж самая Японія, той жа Кітай — усе яны маюць свае тэрытарыяльныя амбіцыі».

На 17 жніўня ў Новасібірску прызначаны «Марш за фэдэралізацыю Сібіры» — своеасаблівая заяўка на парад сувэрэнітэтаў на тэрыторыі ўласна Расеі. Як кажа спадар Кудрашоў, калі трымацца лёгікі, згодна зь якой прэзыдэнт Пуцін і ягонае атачэньне так дбаюць пра сувэрэнітэт нібыта пакрыўджанага Данбасу, то трэба адпаведным чынам рэагаваць і на памкненьні сібіракоў:

«Што тычыцца тэрыторыі Сібіры, то я ведаю нават у нас, у Іркуцку, супольнасьць пэўных людзей, якія кажуць: Сібір павінна ўвогуле аддзяліцца ад Расеі. Калі не палітычна цалкам, то хоць бы атрымаць больш моцную самастойнасьць. І перш за ўсё ў эканамічным пляне. Чаму? Таму што ёсьць на гэта слушныя аргумэнты. Сёньня ўсе прадпрыемствы, якія маюцца ў Іркуцкай вобласьці, „падмятыя“ усялякімі алігархамі з Масквы. І ўсе падаткі, якія спаганяюцца, ідуць адразу ў Маскву. А бюджэт вобласьці — дзіравы. Пры тым, што гэта багаты, супэрбагаты край. Я ўжо не кажу пра Байкал, гэта размова асобная. Другое месца па колькасьці лесу ў краіне; золата, алмазы, Брацкі і Іркуцкі алюмініевые заводы — гіганты, якія забясьпечваюць патрэбы ў прамысловых маштабах. Але ўсе падаткі ідуць туды, у Маскву, а потым мы адтуль выцыганьваем нейкія датацыі. Дайце грошай, каб зрабіць разьвязку на Марата, дайце, каб пабудаваць яшчэ адзін мост праз Ангару. То бок, наш губэрнатар павінен езьдзіць у Маскву і выбіваць грошы на свой рэгіён. Як гэта так? Ну, давайце зробім так, што 80% падаткаў няхай застаюцца ў нашым краі і мы самі будзем яго разьвіваць, а 20% няхай сабе ідуць на армію, на іншае. Як у Фінляндыі зроблена: 8% падаткаў ідзе на фэдэральны ўзровень, а ўсё астатняе яны самі вырашаюць, у мясцовых структурах, куды і колькі ўкладаць. Таму на гэтай глебе ёсьць пэўная плынь людзей, якія лічаць, што Сібір — багаты край, але квітнець Сібіры перашкаджае толькі Масква».

Агітка ў духу Кукрыніксаў

Агітка ў духу Кукрыніксаў

Суразмоўца лічыць, што на хвалі ўседазволенасьці, справакаванай самім жа расейскім кіраўніцтвам, прэтэнзіі да Масквы ўсё больш настойліва будуць вылучаць ня толькі ўнутраныя рэгіёны, але і зьнешнія сілы. Таму праблемы мяцежных тэрыторый Данбасу неўзабаве могуць стаць актуальнымі і для Расеі:

«Гэта ладна — свае, як кажуць, сібірскія федэралісты. Але ж ёсьць і іншыя моманты. Я ўжо казаў пра тых жа кітайцаў, якія толькі сьпяць і мараць што-небудзь адхапіць. Ці тыя ж японцы, якім даўно надакучыла чакаць зрухаў па Курыльскіх выспах. Пры тым, што мясцовыя жыхары можа значна лепш жылі б пры японцах. Бо вось яна, узорная Японія, тут пад бокам, а яны жывуць як у пячорным стагодзьдзі, гэта ж дзікі край! Японцы уклалі б грошы, разьвілі б тэрыторыю і, адпаведна, людзі жылі б лепш. Некаторыя, хто не захацеў бы, пераехалі б з гэтых выспаў на мацярык. Гэта сапраўды сэпаратысцкія прыклады, якія рэальна адлюстроўваюць сытуацыю, яны вельмі вострыя і вельмі небясьпечныя. Гэта, апроч усяго, кепска для дзяржавы, якая афіцыйна кажа: Расея тут ні пры чым! Маўляў, там украінцы, грамадзянская вайна, людзі не жадаюць прыходу да ўлады, як яны называюць, „хунты“ і г.д. Вось людзі і падняліся. Добра, дапусьцім. Але як бы людзі не падняліся, сучасныя танкі, сучасныя ўзбраеньні ды іншае — адкуль усё гэта бярэцца, хто ім усё скідвае? І нават калі гэта не браць на ўвагу, тое, што ў нас робіцца сёньня ў СМІ — гэта проста нейкая істэрычная прапаганда. І гэтая прапаганда таксама вельмі небясьпечная. Бо людзей пачынаюць цкаваць адзін на аднаго. Дайшло да таго, што аб’ектыўную інфармацыю па пытаньні тэрыторыі Данбасу атрымаць з афіцыйных мэдыяў у Расеі амаль што немагчыма. І гэта таксама вельмі небясьпечна. Для самой Расеі, як я лічу. Найперш для Расеі».

Зразумела, што пэўная частка расейцаў паддаецца на заклікі прапаганды ратаваць са зброяй у руках «рускіх братоў ад бандэраўцаў», выпраўляючыся ў мяцежныя рэгіёны Ўкраіны. Але шлях многіх аказаўся зусім ня ўсыпаны гераічнай рамантыкай — некаторыя ўжо вярнуліся дадому пад сумнай таблічкай «груз 200»: Такі катафалк самому давялося назіраць з вакна іркуцкага трамваю.

“Груз 200”: магчыма, з Наваросіі

“Груз 200”: магчыма, з Наваросіі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG