Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Чэхіі сёньня разьвіталіся зь Юркам Станкевічам — старэйшым прадстаўніком беларускай дыяспары. Ён памёр ва ўзросьце 86 гадоў.

Сёньня дзясяткі беларусаў Чэхіі сабраліся ў праскім касьцёле сьв. Сальватора, каб разьвітацца зь Юркам Станкевічам — старэйшым прадстаўніком беларускай дыяспары. Ля труны — кветкі і вянкі ад родных і блізкіх, ад Рады БНР, ад беларускіх арганізацыяў Чэхіі, ад супрацоўнікаў беларускай рэдакцыі Радыё Свабода.

Пасьля жалобнай імшы былі сказаныя кароткія прамовы. Вячка Станкевіч распавёў пра амэрыканскі пэрыяд жыцьця свайго брата, калі той арганізоўваў ў дыяспары беларускія школкі, і не адно пакаленьне дзяцей, дзякуючы яму, навучыліся пісаць і чытаць па-беларуску. Пра дабрыню і аптымізм Юркі Станкевіча прыгадаў стрыечны брат Мірэк Крыст. Кіраўнік суполкі «Пагоня» Віталь Цімошчанка сказаў, што беларусы згубілі шчырага чалавека і актыўнага дзеяча, а Сяргей Навумчык перадаў спачуваньне ад Рады БНР і яе старшыні Івонкі Сурвілы.

З успамінам пра брата выступае Вячка Станкевіч

З успамінам пра брата выступае Вячка Станкевіч

Месца апошняга спачыну Юркі Станкевіча — могілкі ў Кладне, побач з жонкай.

Юрка Станкевіч нарадзіўся ў 1928 годзе ў Вільні ў сям’і вядомага беларускага дзеяча Янкі Станкевіча і чэшкі Марыі Навакавай. На інжынэра вывучыўся ў ЗША, дзе пазьней і працаваў, атрымаў грамадзянства. На пэнсію пераехаў у Прагу. Сябра Рады БНР, заснавальнік суполкі «Пагоня». Сузаснавальнік і галоўны рэдактар адзінага ў сьвеце часопіса пра Беларусь па- ангельску Belarusian Review, выдаваў таксама электронны часопіс Крывія. Запачаткаваў дзейнасьць у Празе беларускай клюбоўні, якую падтрымліваў фінансава. Напісаў падручнік па гісторыі Беларусі для беларускіх школ за мяжою, уклаў беларускую чытанку. Быў арганізатарам беларускай нядзельнай школы ў Празе.

Імша ў касьцёле сьв.Сальватора

Імша ў касьцёле сьв.Сальватора

«Зь Юркам Станкевічам я пазнаёмілася ў 90-х гадах мінулага стагодзьдзя, калі нашы культурныя ўстановы стараліся дапамагаць новым крохкім постсавецкім рэспублікам у рэалізацыі дэмакратычных пераменаў, — узгадвае перакладчыца і дасьледчыца беларускай культуры Францішка Сокалава. — Беларусам шмат дапамагалі праскія бібліятэкі: Помнік нацыянальнага пісьменства, Нацыянальная і Славянская бібліятэка — гэта было добрае супрацоўніцтва (лекцыі, выставы, сьвяткаваньні 25 сакавіка, і г.д.). Было яшчэ неабходна стварыць таварыства, якое аб’яднала б беларусаў, што даўжэйшы час жылі ў нашай краіне, да новых эмігрантаў і навязаць кантакты беларускіх прадстаўнікоў з нашымі грамадзянамі і палітыкамі.

Ва ўсіх гэтых намаганьня нястомна, самааддана і старанна ўдзельнічаў сп.Юрка. Выйшаўшы на пэнсію, ён пераехаў з ЗША ў Прагу, куды перамясьцілася Радыё Свабода зь беларускай рэдакцыяй. Спадар Юрка шукаў чэскіх грамадзян, якія дапамаглі б яму закласьці адукацыйную і асьветніцкую суполку. Яму гэта ўдалося. Адным з заснавальнікаў таварыства стаў чэскі лінгвіст і літуаніст Томаш Госкавец. Так узьнікла суполка „Скарына“.

Для дзейнасьці ў Празе спадар Юрка меў найлепшыя перадумовы — моўныя і арганізацыйныя. Ягоная маці была чэшкай, падчас вайны ён вучыўся ў чэскай гімназіі (я ведаю гэта ад яго, ён прыгадваў, што ў яго выкладаў Ян Паточка).

Маці Станкевіча, набожная баптыстка, выхавала сваіх дзяцей у хрысьціянскім духу і любові да Радзімы. — Юркаў бацька быў сусьветна вядомы лінгвіст, які жыў і працаваў, не пакладаючы рук, для Беларусі. Яго навуковыя дасягненьні велізарныя. Гэтыя ўплывы стваралі характар Юкі Станкевіча. Ён заўсёды рабіў тое, што лічыў слушным, не зьвяртаючы ўвагі на перашкоды, неразуменьне і варожасьць з боку як ворагаў, так і сяброў.

Спадар Юрка быў вельмі папулярным сярод моладзі. Я жадаю ім, маладым беларусам, заўсёды ўспамінаць пра Юрку Станкевіча, калі перад імі паўстануць спакусы мамэнтальных выгод,» — напісала чэская беларусістка Францішка Сокалава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG