Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 16 жніўня: у Менску вучаць хіндзі, ядуць беларускую ежу і раздаюць сабак ды катоў


Кот ля праваслаўнай царквы ў Запясоч'і
Кот ля праваслаўнай царквы ў Запясоч'і

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Падзеі дня:

У Смаргонскім раёне пройдзе фэстываль-кірмаш «Залесьсе запрашае сяброў!» Тэма сёлетняга сьвята — дажынкі: як яны некалі праходзілі ў маёнтку князя Агінскага. Пачатак а 12-й гадзіне ля палаца роду Агінскіх.

У менскім парку імя 50-годзьдзя Вялікага Кастрычніка (цэнтральная алея) грамадзкая арганізацыя «Эгіда» ладзіць дабрачынную акцыю «Давай дапаможам!». Ад 13.00 да 17.00 у парку будуць раздаваць 100 бяздомных катоў і сабак, якімі цяпер апекуюцца валянтэры і якім шукаюць гаспадара. Усе жывёлы прышчэпленыя, большасьць — спакладаныя / стэрылізаваныя. Калі вы хочаце ўзяць жывёліну, захапіце з сабой ланцужок і ашыйнік (для сабак) альбо сумку (для катоў). Пры перадачы жывёл новаму ўладальніку складаецца акт прыёмкі-перадачы, таму пры сабе трэба мець пашпарт.

У Горадні ініцыятыва «Народны рэфэрэндум» пачынае цыкль грамадзкіх слуханьняў, прысьвечаных пытаньням, якія прапаноўваецца вынесьці на плебісцыт. Слуханьні, прысьвечаныя даступнасьці і якасьці адукацыі ў Беларусі, пачнуцца ў 14:00 па адрасе вул. Будзёнага, 48а, пак.100. Удзел возьмуць Аляксандар Мілінкевіч ад Руху «За Свабоду», Аляксей Янукевіч і Ігар Лялькоў ад Партыі БНФ, Тацьцяна Караткевіч ад кампаніі «Гавары праўду». Вядучым экспэртам выступіць прафэсар, член Грамадзкага Балёнскага камітэту, былы прарэктар Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэту Ўладзімер Дунаеў.

У Менску праходзіць тыдзень беларускай кухні.

У Менску адзначаць Дзень Індыі. У парку імя Горкага ад 11:00 да 20:00 можна будзе пабачыць індыйскія танцы, прэзэнтацыю кухні, ёгі і аюрведы. Гасьцей будуць вучыць размаўляць на хіндзі.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1941 — У СССР апублікаваны загад, паводле якога чырвонаармейцы, якія здаліся ў палон, абвяшчаліся здраднікамі, а іх сем’і пазбаўляліся дзяржаўнай падтрымкі.

1945 — У Маскве паміж СССР і Польшчай падпісаная дамова аб савецка-польскай мяжы, у аснову якой была пакладзеная «лінія Керзона», прапанаваная яшчэ ў 1919–1920 гадах. Згодна з дамовай, ад Беларусі да Польшчы адышла амаль уся Беластоцкая вобласьць у складзе 17 раёнаў з абласным цэнтрам і 3 раёны Берасьцейскай вобласьці. У межах польскай дзяржавы апынулася значная колькасьць беларускага насельніцтва.

1960 — Кіпр абвешчаны самастойнай дзяржавай.

1995 — Большасьць насельніцтва Бэрмудзкіх выспаў на рэфэрэндуме прагаласавалі супраць незалежнасьці і за захаваньне статусу брытанскай калёніі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1874 ― Аляксандар Уласаў, беларускі грамадзкі дзеяч, рэдактар-выдавец газэты «Наша ніва», сэнатар у міжваеннай Польскай Рэспубліцы

1878 ― Дамінік Сямашка, беларускі й літоўскі грамадзка-палітычны дзеяч

1903 ― Мікола Абрамчык, прэзыдэнт БНР. Нарадзіўся ў вёсцы Сычавічы цяперашняга Маладачанскага раёну. Вучыўся ў Празе. Стаў адным зь лідэрам беларускае эміграцыі. Раду БНР узначальваў з 1947 году да свае сьмерці — у 1970-м.

1913 ― Мэнахем Бэгін, ураджэнец Берасьця, ізраільскі палітычны дзеяч, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1978 (супольна з прэзыдэнтам Эгіпту Садатам).

1935 — Аляксандр Падлужны, беларускі мовазнаўца

1958 — Мадона, амэрыканская сьпявачка

У гэты дзень памерлі:

1976 ― Ян Станкевіч, беларускі мовазнаўца, гісторык, палітычны дзеяч

1977 ― Элвіс Прэсьлі, амэрыканскі сьпявак, кароль рок-н-ролу

1990 ― Язэп Семяжон, беларускі перакладнік і паэт

Каляндар Бахарэвіча:

16 жніўня 1772 Лёта кажа Гётэ, што ён ня можа разьлічваць ні на што, апрача сяброўства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG