Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка распачаў новы раўнд ціску на дзяржаўных чыноўнікаў і дырэктарат. Надрукаваны для «грамадзкага абмеркаваньня» праект закону «Аб барацьбе з карупцыяй». Рыхтуецца прэзыдэнцкі дэкрэт «Аб узмацненьні барацьбы зь безгаспадарчасьцю і павышэньні патрабаваньняў да кіраўнічых кадраў усіх узроўняў».

Заводзяцца ўсё новыя крымінальныя справы супраць чыноўнікаў і дырэктарскага корпусу. Вось у чацьвер на пазачарговай сэсіі Савету Рэспублікі яго чальцы далі згоду на ажыцьцяўленьне крымінальнага перасьледу яшчэ аднаго свайго калегі — генэральнага дырэктара «Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі» Ганны Шарэйкі. У той жа дзень, наведваючы Бярозаўская ГРЭС, Лукашэнка запатрабаваў «актывізаваць да краю» крымінальную справу адносна начальнікаў, якія сарвалі рэканструкцыю энэргаблёку.

З чым усё гэта зьвязана? Зразумела, тут ёсьць вялікі кампанэнт папулізму, асабліва з улікам набліжэньня прэзыдэнцкай кампаніі. Таксама барацьба з карупцыяй стала адным з урокаў украінскага крызісу, пра што ня раз казаў сам кіраўнік Беларусі. Але ня толькі гэтыя чыньнікі матывуюць Лукашэнку распачаць новую кампанію.

Відавочна існуе крызіс кіраванасьці. Лукашэнка бачыць, што ягоныя загады ў эканамічнай сфэры элемэнтарна не выконваюцца. Ужо другі год

Відавочна існуе крызіс кіраванасьці. Лукашэнка бачыць, што ягоныя загады ў эканамічнай сфэры элемэнтарна не выконваюцца

запар амаль спыніўся рост валавых паказчыкаў. А адносна вялікае павялічэньне штогод валавога ўнутранага прадукту было ўвесь час прадметам гонару афіцыйнай прапаганды. Куды ні прыяжджае прэзыдэнт, паўсюль беспарадак. Гісторыя з крахам мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны вельмі паказальная.

Ці возьмем, напрыклад, сытуацыю на той жа Бярозаўская ГРЭС. Што так абурыла Лукашэнку? Рэканструкцыя энэргаблёку № 5, якая павінна была завяршыцца ў 2010 годзе, дагэтуль ня скончана. Праектам прадугледжана павелічэньне магутнасьці энэргаблёку з 160 да 240 МВт. У момант прыезду Лукашэнкі гэты агрэгат запусьцілі, каб, як адзначыў сам кіраўнік дзяржавы, пусьціць яму пыл у вочы. Але блёк выдае максымальную нагрузку толькі ў 163 МВт. Вось такая мадэрнізацыя.

І Лукашэнка ліхаманкава шукае выйсьця. Шляхам рынкавых рэформаў ён з шэрагу вядомых прычын пайсьці ня можа. Таму ён імкнецца знайсьці рэзэрвы ў межах існай мадэлі, старой парадыгмы мысьленьня, ідзе звыклым шляхам. Сыстэма ж давала пэўны эфэкт, а вось цяпер не працуе. І ён прыходзіць да простай высновы, што, мусіць, чыноўнікі разьленаваліся, сталі горш працаваць, шмат красьці. Таму і спрабуе нейкім чынам прымусіць намэнклятуру больш старацца, шукае новых рычагоў, каб узмацніць ціск на чынавенства і дырэктарат.

Вось і зьяўляецца праект закону «Аб барацьбе з карупцыяй», праект дэкрэту «Аб узмацненьні барацьбы зь безгаспадарчасьцю і павышэньні патрабаваньняў да кіраўнічых кадраў усіх узроўняў».

Два словы наконт апошняга дакумэнту. Назва гэтага дэкрэту вельмі нагадвае пастановы ЦК КПСС, якіх на гэтую тэму прымалася безьліч. Гэта якраз той дакумэнт, адносна якога сам Лукашэнка ўжыў тэрмін «прыгоннае права» ў дачыненьні да чыноўнікаў. Паводле праекту кіраўнік, які праваліў справу, ня зможа цягам пяці гадоў займаць кіроўную пасаду ня толькі ў дзяржаўных органах, але нават у бізнэс-структурах. Зьвярніце ўвагу, узмацняюцца ня стымулы, а рэпрэсіі і пагрозы.

Пэўныя вынікі гэткія захады даюць. Бо калі б Лукашэнка ўвесь час моцна ня сьцёбаў пугаю, не пужаў чыноўнікаў і не саджаў іх у турму, то, магчыма, эканамічнае жыцьцё ў краіне ўвогуле б спынілася. Бо калі няма стымулаў, то часткова іх можна замяніць адміністратыўным дручком. Але толькі часткова.

У трох міністэрствах нават ня могуць знайсьці намесьнікаў міністраў.

У сьнежні мінулага году на вялікай нарадзе Лукашэнка канстатаваў: «Мяне інфармуюць, што пасьпяховыя кіраўнікі прадпрыемстваў ня хочуць ісьці ва ўладу... Высокапастаўленая пасада, як мне дакладваюць, некаторымі ўспрымаецца як дадатковая нагрузка і крыніца падвышанай небясьпекі». А кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Андрэй Кабякоў праілюстраваў гэтую сытуацыю, расказаўшы, колькі пасад пустуе — у трох міністэрствах нават ня могуць знайсьці намесьнікаў міністраў. Пасьля прыняцьця згаданага прэзыдэнцкага дэкрэту ахвотных заняць адказныя пасады яшчэ паменее. Давядзецца браць абы-каго, у выніку якасьць кадраў пагоршыцца.

З дапамогай адміністрацыйнага ціску можна вырашаць простыя задачы індустрыяльнага этапу. Умоўна кажучы, каб пабудаваць Беламор-канал, Сталін арыштаваў некалькі мільёнаў, даў ім у рукі рыдлёўкі, паставіў ахоўнікаў са стрэльбамі, і яны капалі. Так можна правесьці пасяўную і ўборачную кампанію. Але вырашаць больш складаныя задачы ўжо не ўдаецца. Таму ўся праграма мадэрнізацыі прамысловасьці пасьпяхова правалілася. І ніякія дэкрэты па запрыгоньваньні намэнклятуры тут не дапамогуць.

15.08.2014 г.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG