Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чым ніжэйшы ўзровень дырэктара, тым яму складаней адкупіцца»


Змаганьне з карупцыяй сярод чыноўнікаў і дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў выглядае асабліва пасьпяховым на ўзроўні раёнаў ці абласьцей.

Уступіў у дзеяньне прысуд былому намесьніку старшыні Барысаўскага райвыканкаму Сяргею Лагно, якога суд Жодзіна прызнаў вінаватым у хабары і махлярстве і асудзіў на 9 год зьняволеньня, скінуўшы год паводле амністыі. Днямі Менскі абласны суд пацьвердзіў гэты прысуд.

Адметна, што справу Сяргея Лагно пачалі расьсьледаваць яшчэ ў мінулым годзе. Чыноўніку інкрымінавалася некалькі злачынных эпізодаў, зьвязаных з карупцыяй. Жыхары Барысава, гледзячы, як замаруджваецца справа Сяргея Лагно, не выключалі, што чыноўнік адкупіцца і выйдзе на волю без суду, але ўрэшце гэтага не адбылося.

Спрацавала тое, што пра справу Лагно шмат пісалі мэдыі, замаўчаць яе не ўдалося

«Спрацавала тое, што пра справу Лагно шмат пісалі мэдыі, замаўчаць яе не ўдалося. Чым ніжэйшы ўзровень, тым, відаць, адкупіцца складаней», — тлумачыць рэдактар недзяржаўнай газэты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас.

Яшчэ адно працяглае расьсьледаваньне наблізілася да судовай разьвязкі ў райцэнтры Крычаў Магілёўскай вобласьці. Сьледчы камітэт паведаміў пра накіраваньне ў пракуратуру справы былога дырэктара заводу «Крычаўцэмэнташыфэр» Леаніда Скоцкага, абвінавачанага ў хабары і службовых злоўжываньнях. Экс-дырэктара таксама затрымалі яшчэ ў 2013 годзе. Мясцовы журналіст Сяргей Няроўны ведае некаторыя падрабязнасьці расьсьледаваньня справы:

«Заводзіліся яшчэ справы на адказных супрацоўнікаў, была такая папярэдняя інфармацыя, але цяпер застаўся ён адзін. А астатнія будуць, відаць, сьведкамі. Гэта таямніца сьледзтва, нам цяжка зразумець, чаму гэтак. Але фігура Скоцкага ў нас — значная, у пэўным сэнсе гэта будзе палітычны працэс. Лукашэнка абвясьціў, што актыўна змагаецца з карупцыяй, і вось Леанід Скоцкі трапіў пад гэтую кампанію. 12 гадоў яму пагражае паводле абвінавачаньня, і, мяркую, гадоў 9 ён атрымае. І людзі кажуць, што гэта будзе заслужана. Рэпутацыя ў яго сярод мясцовых ня вельмі добрая. Мяркую, прысуд яму будзе ўспрыняты добра, што і трэба ўладзе наверсе».

Назіральнікі адзначаюць, што абвінавачаным у карупцыі дырэктарам раённага ці нават абласнога ўзроўню апошнімі часамі, як правіла, не ўдаецца скарыстаць памілаваньне на той падставе, што яны гатовыя пакрыць нанесеныя страты.

Прыкладам, на пачатку ліпеня 8 год зьняволеньня атрымаў за злоўжываньні і махлярства былы гендырэктар «Магілёўдрэва» Андрэй Усаў. У Сьледчым камітэце працягваюцца расьсьледаваньні спраў арыштаваных на пачатку году дырэктара Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі Валянціны Вянцкоўскай і дырэктара Слуцкага мясакамбінату Віктара Тамашэўскага. Абодвух абвінавачваюць у службовых злоўжываньнях. А што канкрэтна зрабілі насуперак закону гэтыя гаспадарнікі?

Нібыта зь менскімі начальнікамі пад мадэрнізацыю зараблялі грошы. У паперах паказвалі адны кошты, а ў рэальнасьці былі іншыя

Валянціна Вянцкоўская, паводле крыніцы ў Слоніме, нібыта атрымлівала гэтак званыя «адкаты» ад пастаўшчыкоў новага абсталяваньня:

«Нібыта зь менскімі начальнікамі пад мадэрнізацыю зараблялі грошы. У паперах паказвалі адны кошты, а ў рэальнасьці былі іншыя. Розьніцу клалі ў кішэні. А каб знайсьці тых пастаўшчыкоў, езьдзіла ў замежныя камандзіроўкі, усю Эўропу, кажуць, аб’езьдзіла. Прычым нікога з сабой ня брала, адна езьдзіла».

Арыштавалі Валянціну Вянцкоўскую, паводле крыніцы, ня ў Слоніме, а ў Менску, у ходзе адмысловай міліцэйскай апэрацыі, і ўтрымліваюць у адной зь менскіх турмаў.

У Менску ж пад вартай трымаюць і былога дырэктара Слуцкага мясакамбінату Віктара Тамашэўскага. Нагадаю, Тамашэўскага арыштавалі ў красавіку, неўзабаве пасьля скандальнага візыту на прадпрыемства Аляксандра Лукашэнкі, які знайшоў у лядоўні прадпрыемства нібыта гнілое мяса. Справу Віктара Тамашэўскага сьледчыя трымаюць у сакрэце, паведаміў Свабодзе журналіст са слуцкай газэты «Інфа-кур’ер». Што кажуць працаўнікі камбінату пра правіну былога дырэктара?

«Ёсьць размовы сярод працаўнікоў, што гэта незаконнае выкарыстаньне сродкаў прадпрыемства ў асабістых мэтах, але мне ў гэта мала верыцца. Мяркую, там зноў «адкаты».

XS
SM
MD
LG