Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская хата» — за 6000 км ад Беларусі


Алег Рудакоў ля «Беларускай хаты»

Алег Рудакоў ля «Беларускай хаты»

Ад сярэдзіны 1990-х, дзякуючы высілкам былога вайскоўца, нараджэнца Полаччыны Алега Рудакова, расейскі Іркуцк стаў узорам актыўнай беларускай дзейнасьці за мяжой. І ўвесь гэты час ці ня самай калярытнай адметнасьцю жыцьця дыяспары была і застаецца «Беларуская хата».

Вуліца Малая Якуцкая, дзе месьцяцца два пакойчыкі «Беларускай хаты», досыць аддаленая ад цэнтральнай часткі Іркуцку. Як удакладняе Алег Рудакоў, на выселках музэй-майстэрня апынуўся не ад добрага жыцьця — а былі часы, калі «хату» можна было называць «палацам»:

У «парадным» пакоі

У «парадным» пакоі

«Было ў мяне спачатку на Чэхава, 2 у Іркуцку ажно 6 кабінэтаў. Зальчык у нас там быў, у нармальных умовах праводзілі паседжаньні рады, навучалі беларускай мове і г.д. Плацілі льготную арэнду гораду, муніцыпальнаму ўтварэньню. Але ўрэшце нас адтуль выціснулі, і цяпер той будынак належыць буйной прадпрымальніцкай структуры пад назвай „Фартуна“. Мы там прабылі 12 гадоў, ад 2000 году да 2012-га, а потым нас фактычна выгналі. Пасьля гэтага мы перамясьціліся ў прыватны дом да аднаго чалавека на вуліцу Польскіх паўстанцаў. Плацілі вялікую арэнду, у нас было чатыры пакоі і кухня, у прынцыпе таксама больш-менш нармальна. Там мы прабылі паўтара года. Але неўзабаве нас і адтуль таксама папрасілі, бо ў гаспадара зьмяніліся пляны, ён вырашыў разьвіваць іншы кірунак, яму стала нецікава, каб мы яму плацілі арэнду. І вось мы перасунуліся сюды. Тут у нас толькі два кабінэты, таму, безумоўна, даводзіцца ўцісквацца. Паколькі трэба было рэзка пераяжджаць, яшчэ да нядаўняга часу сталы стаялі літаральна ў тры паверхі».

Трафэі з вандровак

Трафэі з вандровак

Тым ня меней дарога да «Беларускай хаты» не зарастае. Землякоў з мэтраполіі, апроч гаспадара Алега Рудакова, сустракалі іншыя этнічныя беларусы: унівэрсальная майстрыца Воля Галанава — яе продкі зь ліку рэпрэсаваных у 1930-я гады; пэнсіянэр, а раней прадстаўнік сілавой сфэры Аляксей Церахаў — ягоныя дзяды выехалі ў Сыбір па сталыпінскай рэформе; былы вайсковец, нараджэнец Баранавічаў Алесь Галкін. Разам са спадаром Рудаковым працягваем экскурсію па «Беларускай хаце»:

«Што тут галоўнае. Увогуле гэта музэй-майстэрня „Беларуская хата“. Тут ёсьць лён, мы яго пастаўляем зь Беларусі, з гораду Воршы. У нас ёсьць некалькі майстроў, але самая галоўная майстрыца — Воля Галанава. Воля ў нас тчэ, зараз убачым у другім пакоі кросны. Вось і яе вырабы — усе гэтыя ручнікі Воля сама робіць. То бок — тчэ старажытным спосабам на кроснах. Розныя экспэрымэнты ў Волі, захацела чамусьці трохі ружовага дадаць, але ў асноўным ручнічкі, скажам так, клясычныя. Прыгожа, праўда? Усё выткана ў старых беларускіх традыцыях. Таксама маем невялічкі гандаль, гэткая выстава-продаж. Пакрывалы, вырабы зь лёну, з саломкі. Гэтую кветачку зноў жа зрабіла Воля — 20 гадоў гарантыі, не завяне. Увогуле ўсё з саломы зроблена сваімі рукамі. Апроч таго, ёсьць гліняныя рэчы, нават кошыкі — быў у нас адзін дзядзька, які рабіў сапраўдныя кошыкі, зь якімі добра па грыбы хадзіць, яны празь дзірачкі „дыхаюць“. Асабістыя кніжкі я не прадаю, але ёсьць падвойныя асобнікі — і на расейскай мове, і на беларускай, ёсьць і Якуб Колас, і Васіль Быкаў, гэта кнігі як бы падарачна-гандлёвыя — іншым разам штосьці камусьці прэзэнтую, у іншых выпадках гандлюю».

На паліцах і ў шафах — багатая калекцыя гістарычных трафэяў, здабытых Алегам Рудаковым і ягонымі калегамі падчас этнаграфічных вандровак па мясьцінах, зьвязаных зь беларускімі добраахвотнымі і прымусовымі перасяленцамі. Пра кожную рэч суразмоўца можа расказаць займальную гісторыю:

Майстрыца № 1 — Воля Галанава

Майстрыца № 1 — Воля Галанава

«Ня ўсе завалы яшчэ разгроб, але можаце бачыць, што ў нас ёсьць унікальныя старажытныя рэчы. Усе гэтыя рэчы мы зьбіраем у вандроўках, і пра кожную зь іх я магу распавядаць цікавыя гісторыі. Прыкладам, той стары самавар я купіў у аднаго дзядзькі за 500 расейскіх рублёў. Дзядзька ня вельмі хацеў мне яго аддаваць, бо баяўся, што прадзешавіць. Кажа, гэта ж каляровы мэтал, і калі так, то самавар мусіць дорага каштаваць. Ледзь угаварыў, што нікому ён не патрэбны, бо ў ім зусім мала вагі. Але ён усё роўна сумняваўся. А вось пра гэты кацёл, напрыклад, дакладна расказваюць гісторыю, што ён прыехаў зь Беларусі. Сюды яго перавезьлі падчас перасяленьня яшчэ ў 1909 годзе. Да самага апошняга моманту, пакуль я яго не забраў, ім карысталіся. Праўда, варылі ўжо толькі цялятам. А раней гатавалі на ўсю сям’ю, бо перасяляліся сюды цэлымі сем’ямі, радамі. І вось яго прывезьлі зь Беларусі. Ён вельмі цяжкі, можна „качацца“. Я, прынамсі, падымаю, магу паказаць».

Тры ў адным: кабінэт, майстэрня, склад

Тры ў адным: кабінэт, майстэрня, склад

Як кажа Алег Рудакоў, з-за дэфіцыту плошчаў у «Беларускай хаце» многія экспанаты даводзіцца раздаваць па іншых установах. Ён не выключае, што самыя цікавыя рэчы калі-небудзь вернуцца ў Беларусь, адкуль яны стагодзьдзе таму прыехалі ў суровы край разам зь беларускімі авантурыстамі:

«На Чэхава, 2 у нас быў асобны музэйчык — там і куфры былі, і ўсё іншае, але з-за недахопу месца шмат якія экспанаты я аддаў Алене Сіпаковай у офіс Іркуцкага таварыства беларускай культуры на вуліцы Літвінава, некаторыя рэчы перадаў у іншы музэй па дарозе на Баяндай, дзе ў агульным комплексе аднаўляюць беларускую хату. Трошкі даводзіцца раздаваць, бо няма фізычна куды падзець усе тыя экспанаты. Шкада, канечне, але нічога ня зробіш. І ўсё ж калі апошні раз езьдзілі з Воляй у вандроўку, ня вытрымалі, прынялі ў падарунак абрус, зроблены старажытным спосабам. Яго вязала кручком яшчэ маці бабулі, якая нам яго аддала. А прозьвішча той цётачкі — Рудзя, амаль што Рудакова. Робяць такія своеасаблівыя карункі. У людзей гэта ўсё ляжыць, а нам жа ўсё дужа цікава. Калі пачынаем даведвацца, аддаюць — маўляў, ужо старое, зашмальцаванае, забірайце. Практычна з кожнай вандроўкі звычайна што-небудзь атрымліваецца ўзяць. Гэта ўсё роўна ўрэшце альбо выкінуць, альбо папсуюць. А тут ужо нейкім чынам захаваецца. Калі шмат назьбіраем, думаю, будзем ужо ў Беларусь назад адпраўляць, у беларускія музэі».

Працоўнае месца з выхадам у віртуальны сьвет

Працоўнае месца з выхадам у віртуальны сьвет

Калі ў парадным пакоі, аздобленым бел-чырвона-белым сьцягам, на разгляд і продаж выстаўленыя традыцыйныя беларускія вырабы, то астатняе памяшканьне, словамі Алега Рудакова, выконвае функцыі «тры ў адным» — майстэрні, складу і кабінэту:

«Другі пакой збольшага працоўны. Тут стаяць кросны, на якіх тчэ Воля. З апошняга — невялічкая валізка, торбачка. Воля некалькі зрабіла, іх ахвотна набываюць, і некаторыя модніцы ў Іркуцку ўжо ходзяць з валізачкамі, зробленымі на кроснах. То бок — ручная праца. Тут у нас салома, якую кожны год зьбіраем, засталася яшчэ зь мінулага году. Так выглядае неапрацаваная — яе трэба рэзаць, рыхтаваць да працы, а там тырчыць апрацаваная. Што зь яе ўрэшце атрымліваецца — бачылі, дзе гатовыя вырабы. Тут мае асабістыя кніжкі. Увогуле ў мяне няма ні машыны, ні кватэры, ні лецішча, але ў мяне ёсьць кнігі. Гэта адзінае багацьце, якое я маю. Насамрэч гэта працоўны кабінэт, і мы сюды нікога, акрамя вас, асабліва не запускаем. Як ужо казаў, тут нашы кросны — знайшоўся чалавек, які па старых чарцяжах зрабіў станок, яму ўжо гадоў 12. Кросны ў Волі заўжды працоўныя, толькі што скончыла на замову працу — вясельны ручнік. На іншым стале Воля займаецца шыцьцём, а вось тут — ужо маё працоўнае месца. Сяджу на кампутары, на якім застаўкай бяжыць „Жыве Беларусь!“, і іншым разам дасылаю лісты ў Фэйсбуку, калі хто піша. На Чэхава ўсё было круцей — у мяне быў свой вялікі кабінэт. На Паўстанцаў таксама быў прыстойны кабінэт, ну, а тут у нас ужо адзін пакой на двух і месца вельмі мала. Таму пакуль шмат што запакавана ў скрынях — ня ўсё разгроб фізычна, дый ставіць асабліва няма куды».

Цяпер «Беларуская хата» — яшчэ і асноўны офіс для Алега Рудакова. Сёлета ён канчаткова выйшаў з шэрагаў Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, якое стварыў у сярэдзіне 1990-х і ўзначальваў на працягу наступных 17 гадоў. Але пра аргумэнты на карысьць такога рашэньня — у наступных матэрыялах Свабоды.

Беларуская грамада на прыступках «хаты»

Беларуская грамада на прыступках «хаты»

Нараджэнец Баранавічаў Алесь Галкін

Нараджэнец Баранавічаў Алесь Галкін

Іркуцкі беларус Аляксей Церахаў

Іркуцкі беларус Аляксей Церахаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG