Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі Беларускага Радыё Рацыя ня могуць трапіць у Беларусь


Праграмнаму дырэктару Беларускага Радыё Рацыя Юрку Ляшчынскаму адмовілі ў атрыманьні беларускай візы. Кіраўнік радыё Яўген Вапа з такой жа прычыны ня можа трапіць у Беларусь ужо некалькі гадоў.

Пра гэта паведамляе Радыё Рацыя. Дакумэнты на атрыманьне аднаразовай візы ў турыстычных мэтах, як і амаль год таму, Юрка Ляшчынскі падаваў у беларускі кансулят у Беластоку. Прычыны адмовы ў кансуляце не паведамляюць.

«Прычына адмовы ў атрыманьні візы можа быць толькі адна, — камэнтуе сытуацыю старшыня Ўправы Радыё Рацыя Яўген Вапа. — Тое, што ёсьць нармальнае беларускае, тое, што ёсьць рэальнае беларускае, ня мае права быць у краіне дыктатуры. І рэальнасьць, і беларускасьць Радыё Рацыя ёсьць асаблівай перашкодай для гэтага рэжыму. Прыгожыя словы беларускага чынавенства пра дапамогу, узаемаразуменьне ёсьць проста пустымі, фальшывымі, фарысэйскімі словамі. Яшчэ раз хлусьня, яшчэ раз прыгоннасьць, яшчэ раз антыбеларускасьць».

Яўген Вапа адзначыў, што на гэтым фоне фальшыва выглядае і прыняцьцё закону «Аб беларусах замежжа», які нібыта дэманструе клопат пра суайчыньнікаў за мяжой. Сам Яўген Вапа ўжо некалькі гадоў ня можа атрымаць дазволу на ўезд у Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG