Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фясенка: ФСБ робіць ратацыю лідэраў сэпаратыстаў у Данбасе


Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка лічыць, што пранікненьне з Расеі на тэрыторыю Ўкраіны калёны БТРаў нібыта з расейскімі апазнавальнымі знакамі не азначае пачатку адкрытага ўварваньня — такое ўжо было і раней.

На думку экспэрта, пакуль увага сусьветнай грамадзкасьці прыцягнутая да зьмесьціва «Камазаў» гуманітарнага канвою, Масква робіць ператасоўку ў шэрагах лідэраў сэпаратыстаў на Данбасе.

— Ці можна зьвязваць увод ва Ўкраіну калёны ваеннай тэхнікі пасярод дня і з расейскімі апазнавальнымі знакамі з новым этапам канфлікту, у якім Расея будзе дзейнічаць больш нахабна, нават не спрабуючы замаскаваць агрэсію?

— Расейская ваенная тэхніка, праўда, без апазнавальных знакаў, заходзіла на тэрыторыю Ўкраіны ў сьветлы час сутак і раней. Сказаць, што цяпер адбылося нешта прынцыпова новае, нельга. Што тычыцца гэтай калёны, трэба дачакацца дакладнай інфармацыі — ці сапраўды прыйшла калёна, колькасьць адзінак ваеннай тэхнікі, расейскія апазнавальныя знакі. Я б пакуль не драматызаваў сытуацыю. 20 БТРаў — гэта яшчэ не маштабнае ўварваньне. Гэта можа быць звычайнай правакацыяй. Аднак, вядома, любое ўваходжаньне замежнай тэхнікі — гэта надзвычай грубае парушэньне ўкраінскага сувэрэнітэту і элемэнт агрэсіі. Учора, напрыклад, яшчэ зайшла калёна з 20 танкаў з расейскімі экіпажамі. Таму БТРы — гэта ня першы і не апошні факт расейскага ваеннага ўмяшаньня. Аднак, сапраўды, ёсьць рызыка, што ўжо Расея пачынае ўрывацца на нашу тэрыторыю наўпрост. Зь іншага боку, як мне здаецца, калі б Расея хацела нагоды для вайны, хацела б стварыць casus belli, мы б гэта ўжо пабачылі. Тое, што так званы гуманітарны канвой разьмешчаны на мяжы, кажа пра тое, што вядзецца пошук нейкага кампраміснага варыянту перадачы грузу пад кантролем Чырвонага крыжа. Калі груз удасца перадаць належным чынам, то можна будзе гаварыць пра тое, што рызыка сур’ёзнага канфлікту будзе мінімізаваная. Адначасова зьявілася інфармацыя, што рыхтуецца прамая сустрэча Пуціна і Парашэнкі пры пасярэдніцтве прадстаўнікоў Эўразьвязу. Усё гэта — сыгналы, што з улікам надзвычай напружанай сытуацыі на расейска-ўкраінскай мяжы нашы замежныя партнэры робяць усё магчымае, каб не дапусьціць далейшай эскаляцыі канфлікту, і, можа, нават для мірнага ўрэгуляваньня цяперашняй крызіснай сытуацыі.

— Што будзе з гуманітарным грузам? У сеціве зьявіліся https://twitter.com/ARothNYT/status/499893843501006848/photo/1 фатаздымкі, дзе бачна, што знакамітыя фарбаваныя «Камазы» запоўненыя толькі на чвэрць — магчыма, Расея спрабуе зрабіць бачнасьць вялікага аб’ёму дапамогі...

— Я ня бяруся рабіць высновы, колькі там запоўнена і што там менавіта ляжыць. Гэта павінны зрабіць прадстаўнікі Чырвонага крыжа. Цяпер ідуць перамовы пра тое, што гэты груз можа трапіць на тэрыторыю Ўкраіны толькі пасьля кантролю з боку ўкраінскіх памежнікаў і Чырвонага крыжа. Галоўнае, каб гэта не адбылося шляхам нелегальнага і правакацыйнага пранікненьня расейскага гуманітарнага канвою на нашу тэрыторыю.

— З чым зьвязаныя сыходы ў адстаўку лідэраў сэпаратыстаў Ігара Стралкова-Гіркіна і Валерыя Болатава?

— Тут адначасова працуюць некалькі фактараў. Па-першае, ратацыя зьвязаная з тым, што прыбіраюць людзей, якія маюць непасрэднае дачыненьне да Расеі, хочучы стварыць уражаньне, што ў ДНР кіруюць мясцовыя, данецкія. І Барадай, і Безьлер, і Гіркін — гэта расейскія

хочучы стварыць уражаньне, што ў ДНР кіруюць мясцовыя, данецкія

грамадзяне. Іх прыбіраюць і ставяць замест іх мясцовых. Аднак сышоў і Болатаў. І тут можна назваць другі фактар — тое, што сышлі сэпаратысты першай хвалі, людзі якія больш займаліся палітычным піярам, былі фронтмэнамі, публічнымі лідэрамі, аднак рэальна не былі гатовыя да рашэньня сур’ёзных кіраўнічых задач, у тым ліку і ваенных.

Зараз замест былых лідэраў, замест «маўраў, якія зрабілі сваю справу», ставяць людзей, якія будуць вырашаць найперш ваенныя задачы. Важна, што гэтае рашэньне прымалася ў Маскве. Гэты факт паказаў, што ўсе лідэры сэпаратыстаў — марыянэткі, а лялькаводы сядзяць у суседняй краіне. Такім чынам, ФСБ здымае сваіх людзей, спрабуючы вывесьці з-пад удару кагосьці і пазьбегнуць сытуацыяў, нязручных для расейскага кіраўніцтва. Таму гэта плянавая ракіроўка, якая, аднак, зусім ня значыць, што Расея сыходзіць з гэтага рэгіёну.

Спэцыфіка луганскай сытуацыі, дзе кіраваў мясцовы Валерый Болатаў, паказвае, што тыя лідэры, якія пачыналі сэпаратысцкі рух, адчуваюць яго беспэрспэктыўнасьць, страцілі веру ў посьпех. Таму ў Маскве і мяняюць ранейшых лідэраў на людзей, якія будуць выконваць выключна функцыянальныя задачы.

— А чаму лідэры сэпаратыстаў перасталі верыць у посьпех ідэяў ДНР і ЛНР?

— Гэта зьвязана найперш з тым, што ўнутраныя крыніцы сэпаратысцкага руху вычарпаныя. Насельніцтва стамілася ад вайны, і ўзровень падтрымкі імкліва падае. Сваіх сілаў не хапае для супраціву ўкраінскай арміі. Таму тыя лідэры «першай хвалі» пачалі больш настойліва ставіць пытаньне пра ўварваньне Расеі, каб яна наўпрост умяшалася ў гэты канфлікт. А Пуцін пакуль не прыняў канчатковага рашэньня і вырашыў пакуль перафарматаваць кіраўніцтва сэпаратыстаў і нават саму сытуацыю з гэтым канфліктам. Гісторыя з канвоем сьведчыць пра тое, што Пуцін спрабуе пераключыць увагу міжнароднай супольнасьці з вайны на фармальныя гуманітарныя пытаньні.

XS
SM
MD
LG