Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вулічныя мастакі размалёўваюць Рагачоў


У Менску забаранілі партрэт Быкава на сьцяне будынку — у Рагачове дазволілі Караткевіча. Пятага жніўня ў Рагачове стартавала чарговая сэсія вандроўнага стрыт-арт-фэстывалю «Must Act — Must Art».

У межах акцыі вулічныя мастакі з розных гарадоў Беларусі рэалізуюць свае ідэі ў гарадзкой прасторы Рагачова. Гэта ўжо чацьвёрты горад у гісторыі праекту, дзе з дазволу мясцовых уладаў мастакі на свой густ выбіраюць фасады жылых будынкаў і ўвасабляюць на іх свае мастацкія ідэі. У мінулым годзе стрыт-арт-мастакі размалёўвалі сьцены хрушчовак у Магілёве і Гомелі.

У гэтым годзе тыдзень малявалі ў Баранавічах, а таксама адзначыліся спробаю намаляваць партрэт Васіля Быкава ў Менску, што скончылася штрафам у 18 мільёнаў. У Рагачове агулам зьявіцца 6 росьпісаў на фасадах шматпавярховікаў і шэраг драбнейшых мастацкіх працаў. Сярод працаў, якія ўжо ўпрыгожылі Рагачоў, можна адзначыць сумесны партрэт вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Старога і яго жонкі Боны Сфорцы.

Не забыліся стрыт-арцеры і пра беларускіх пісьменьнікаў — дзякуючы мастаку Контра фасад пяціпавярховіка ўпрыгожыў вялікі аўтарскі партрэт Уладзімера Караткевіча.

Партрэт Уладзімера Караткевіча зьявіўся ў Рагачове невыпадкова. У гэтым горадзе стаіць дом дзеда пісьменьніка, дзе Караткевіч напісаў многія свае творы. Некаторыя зь іх прысьвечаныя гэтым мясьцінам і тутэйшым людзям. Мясцовыя камунальнікі выдзелілі мастакам аўтапад’ёмнікі, а міліцыя не перашкаджала працаваць нават ноччу, калі з дапамогай праектара наносіліся контуры малюнку.

XS
SM
MD
LG