Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данецку прыхільнікі самаабвешчанай "Данецкай народнай рэспублікі" затрымалі мастака, чальца арт-гурту "Мурзілкі" Сяргея Захарава.

Ён зьнік тыдзень таму. Сваякі і сябры спачатку ня ведалі, дзе ён знаходзіцца, аднак пасьля высьветлілася, што Захараў апынуўся ў закладніках у захопленым сэпаратыстамі будынку Службы бясьпекі Украіны і ў дачыненьні да яго «вядзецца сьледзтва».

Сяргей Захараў стаў вядомым дзякуючы інсталяцыям на вуліцах Данецка, у якіх высьмейваліся цяпер ужо былы «міністар абароны ДНР» Ігар Стралкоў, камандзіры атрадаў так званай Наваросіі і дзеяньні сэпаратыстаў у Данбасе.

Гурт «Мурзілкі» быў заснаваны пасьля першай інсталяцыі, 11 ліпеня, калі намаляваныя на фанэры фігуры сэпаратыстаў адначасова зьявіліся на некалькіх цэнтральных вуліцах. Захараў запрасіў у групу свайго сябра, пісьменьніка Сяргея Мазуркевіча, які цяпер дамагаецца вызваленьня мастака.

Паводле Мазуркевіча, за тыдзень да таго, як выкралі Захарава, старонку арт-гурту «Мурзілкі» ў інтэрнэце невядомыя двойчы выдалялі з сэрвэру. Сайт недаступны і цяпер.

Ці ёсьць нейкая інфармацыя аб тым, што адбываецца цяпер зь Сяргеем Захаравым?

Ён ужо тыдзень знаходзіцца ў будынку СБУ ў горадзе Данецку, у падвалах. Нібыта вядзецца сьледзтва, але я не ўяўляю, якое можа быць сьледзтва ў людзей, якія ня маюць ніякага дачыненьня да праваахоўных органаў або маюць дачыненьне да праваахоўных органаў Расеі. Рэспубліка ДНР як такая існуе толькі ў іх узбуджаным уяўленьні. Нават не зразумела, якімі заканадаўчымі актамі яны кіруюцца. Акрамя гэтага, незразумела, што яму інкрымінуецца, паколькі ніякіх крымінальных дзеяньняў ён не рабіў. Адзінае, што ён рабіў — гэта разьмяшчаў свае творы на цэнтральных вуліцах Данецку. У крайнім выпадку гэта можа быць адміністрацыйнае правапарушэньне, але ніяк не падстава для крымінальнага пакараньня. І на якой падставе 7 дзён чалавек знаходзіцца, можна сказаць, у турме, зусім незразумела.

Пры якіх абставінах мастака затрымалі?

Як гэтым людзям удалося на яго выйсьці, застаецца загадкай, але суседка ўбачыла, як увечары ён прыехаў у сваю майстэрню. Туды зьявіліся чацьвёра ўзброеных людзей і адзін чалавек у цывільным. Пасьля гэтага яго разам з кампутарам і эскізамі забралі ў фургон і адвезьлі ў будынак СБУ.

Колькі інсталяцый зьявілася на вуліцах Данецку?

Першыя некалькі работ зьявіліся 11 ліпеня. Зь іх самая цікавая — Шарыкаў ў форме «ДНР». Былі там і постаці байцоў у розных масках. Гэта была першая акцыя. Наступная прайшла празь некалькі дзён, калі ён адлюстраваў баевіка па мянушцы Матарола, падобным на чорта: з рожкамі, з капыткамі, з хвосьцікам і зь нявестай. Малюнак зьявіўся каля Палаца шлюбу, дзе за некалькі дзён да гэтага Матарола расьпісаўся з гэтай дамай. Сяргей рэагаваў на зьбіты «Боінг», а потым зьявіўся партрэт Стралкова-Гіркіна, які прыстаўляе пісталет да скроні. Ён быў прымацаваны да сьцяны кінатэатра «Камсамолец» у цэнтры Данецку. Гэтая інсталяцыя правісела, напэўна, гадзіны дзьве і адразу трапіла ў інтэрнэт. Я нават у некаторых людзей бачыў такія аватаркі. Апошняя праца — 30 ліпеня.

Гэта была яго рэакцыя на тое, што адбываецца ў горадзе?

Ён атрымаў мастацкую адукацыю, але актыўна не выстаўляўся, карціны не прадаваў. Некалькі апошніх акцый былі выказваньнем яго пратэсту, таму што настроі ў горадзе менавіта такія, як ён намаляваў, але ня ўсе могуць пра гэта сказаць. Ён проста з дапамогай сваіх інсталяцый паказаў, што існуе іншае меркаваньне.

Калі была заснаваная арт-група «Мурзілкі»?

Упершыню я даведаўся пра гэта, калі Сяргей — пасьля таго, як разьмясьціў на вуліцах свае першыя працы — даслаў мне смс, каб я паглядзеў у «Фэйсбуку» фатаграфіі і пачаў іх распаўсюджваць у сеціве. З гэтага моманту я актыўна падключыўся да працы, паколькі я чалавек публічны, займаюся літаратурнай дзейнасьцю, таму ў мяне вялікае кола знаёмых і шмат сяброў у сацыяльных сетках. У акцыях я ўдзельнічаў толькі ў гэтай якасьці. Я цяпер знаходжуся ў бясьпечным месцы, мне гэта лягчэй было зрабіць.

Хто прыдумаў назву і што яна азначае?

Ён сам. Першапачаткова было, па-мойму, проста «Мурзілкі». Я прапанаваў — асабліва зь меркаваньняў кансьпірацыі — зрабіць выгляд, што гэта не адзін чалавек. Але на самой справе гэтая прапанова, па-мойму, саслужыла нам дрэнную службу, бо зараз прыхільнікі «ДНР» спрабуюць у яго даведацца, хто яшчэ быў у групе. Акрамя таго, яны лічаць, што ў яго ёсьць нейкія сувязі з тымі, каго яны называюць «украмі». Яны ня вераць у тое, што чалавек можа па ўласным жаданьні рабіць тое, што рабіў ён. Яны лічаць, што ён атрымліваў ўказаньні аднекуль з «цэнтру».


Матэрыял падрыхтавала Аляксандра Вагнэр

XS
SM
MD
LG