Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рабочы выдае газэту, каб бараніць правы працоўных


У Магілёве невялікая газэтка, якую выдае працаўнік арматурнага заводу Валадар Цурпанаў для сваіх калегаў па працы, стала нагодай для выкліку ў міліцыю.

Паводле Цурпанава, адміністрацыя прадпрыемства зьвярнулася ў Магілёўскі раённы аддзел міліцыі, каб там «праверылі законнасьць» распаўсюду «Валадарынкі» на заводзе.

Зварот адміністрацыі прадпрыемства ў міліцыю Валадар Цурпанаў разглядае як ціск на яго і пошук прычынаў для звальненьня.

«Я расцэньваю яго як адзін з інструмэнтаў па стварэньні вакол мяне на заводзе неспрыяльнага маральнага асяродзьдзя, — кажа выдавец „Валадарынкі“. — Кіраўніцтва заводу нібы заяўляе мне, што знойдзе на мяне ўправу».

Наклад выданьня Цурпанава — 20 асобнікаў. Паводле выдаўца, ёю ён інфармуе калегаў пра сваё бачаньне сытуацыі на прадпрыемстве з правамі працоўных, а таксама пра звароты да адміністрацыі і кантрольных органаў па абароне гэтых правоў. Распаўсюд газэты на заводзе выдавец ня лічыць незаконным.

Выклік у міліцыю ніяк, кажа Валадар Цурпанаў, не паўплывае на выданьне газэты. Гэтым я працягну займацца і надалей, кажа ён:

«Газэтка ў дадзеным выпадку — гэта сродак, каб засьцерагчыся ад дзеяньняў адміністрацыі па фармаваньні нэгатыўнага стаўленьня да мяне на прадпрыемстве. Пакуль калегі па працы ставяцца да маёй дзейнасьці пазытыўна, але з такім меркаваньнем, што, маўляў, у цябе ўсё роўна нічога не атрымаецца».

Паводле Валадара Цурпанава, ён дамагаецца перадусім паляпшэньня ўмоваў працы для зваршчыкаў. Знайсьці паразуменьне з адміністрацыяй у гэтых пытаньнях яму пакуль не ўдаецца. На прыватным прадпрыемстве, кажа ён, няма прафсаюзу, каб вырашаць пытаньні, якімі цяпер займаецца ён.

Паводле заканадаўства друкаваныя выданьні накладам да 300 экзэмпляраў не патрабуюць дзяржаўнай рэгістрацыі.

XS
SM
MD
LG