Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: ва Ўкраіну ўвайшла калёна расейскай вайсковай тэхнікі з салдатамі


Калёна расейскай ваеннай тэхнікі, якая складаецца з БТРаў і грузавікоў, перасекла мяжу Ўкраіны на захопленым тэрарыстамі КПП Ізварына.

Пра гэта паведамляе Еспресо.TV са спасылкай на штаб Антытэрарыстычнага цэнтра.

«Выведка пацьвердзіла, што калёна БТРаў і ваенных Уралаў перасекла мяжу і праз часова закрыты ўкраінскі КПП „Ізварына“ ўвайшла на тэрыторыю нашай дзяржавы. Выведка таксама пацьвярджае, што нумарныя і апазнавальныя знакі на тэхніцы былі расейскімі», — паведамілі ў штабе.

Паводле апэратыўных дадзеных, вайскоавая тэхніка рухаецца ў напрамку Маладагвардзейска Луганскай вобласьці.

У штабе адзначылі, што калёна невялікая, аднак падлічыць дакладную колькасьць бронетэхнікі і грузавікоў выведнікам не атрымоўваецца. Паводле папярэдніх дадзеных, у грузавіках знаходзяцца ўзброены салдаты.

Тым часам памежнае ўпраўленьне ФСБ Расеі па Растоўскай вобласьці не пацьвярджае інфармацыю, якая зьявілася ў шэрагу замежных СМІ, аб пераходзе ваеннай тэхнікі праз расейска-ўкраінскі ўчастак дзяржаўнай мяжы, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на прэс-службу ведамства.

Учора ўвечары карэспандэнт брытанскай газэты Guardian Шон Уокер паведаміў, што ў той час як расейскі гуманітарны канвой спыніўся непадалёк ад мяжы з Украінай, позна ўвечары на ўкраінскую тэрыторыю заехала калёна з 23 БТРаў і суправаджальных машын. Гэтая калёна наўрад ці значыць поўнамаштабнае расейскае ўварваньне, але гэта неаспрэчны доказ таго, што доўга сьцьвярджала Ўкраіна — што расейскія войскі дзейнічаюць на ўкраінскай тэрыторыі, піша Guardian.

XS
SM
MD
LG