Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Guardian: Расейскія БТРы ўвайшлі на тэрыторыю Ўкраіны


Расейскія вайскоўцы ў Растоўскай вобласьці непадалёк ад мяжы з Украінай 14 жніўня.

Расейскія вайскоўцы ў Растоўскай вобласьці непадалёк ад мяжы з Украінай 14 жніўня.

Карэспандэнт брытанскай газэты Guardian Шон Уокер паведаміў, што ў той час як расейскі гуманітарны канвой спыніўся непадалёк ад мяжы з Украінай, позна ўвечары на ўкраінскую тэрыторыю заехала калёна з 23 БТРаў і суправаджальных машын.

Гэтая калёна наўрад ці значыць поўнамаштабнае расейскае ўварваньне, але гэта неаспрэчны доказ таго, што доўга сьцьвярджала Ўкраіна – што расейскія войскі дзейнічаюць на ўкраінскай тэрыторыі, піша Guardian.

Як раней паведамляла ВВС, расейская гуманітарная калёна, якая рухалася да мяжы з Украінай, збочыла з фэдэральнай трасы «Дон» (Масква – Растоў-на-Доне – Наварасійск).

Перад прыпынкам канвой рухаўся ў бок расейскага гораду Данецк, які знаходзіцца ў Растоўскай вобласьці каля ўкраінскага памежнага пераходу Ізварына, які цяпер кантралюецца сэпаратыстамі.

Сёньня «Чырвоны Крыж» заявіў, што наладзіў кантакт з канвоем расейскай дапамогі, які накіроўваецца да мяжы з Украінай. Арганізацыя паведаміла ў твітэры, што «любыя практычныя дэталі ўсё яшчэ трэба будзе ўдакладніць».

Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка на брыфінгу ў чацьвер заявіў, што рух гуманітарнага канвою Расеі будзе заблякаваны, калі калёна паспрабуе самавольна ўехаць на тэрыторыю Ўкраіны. Раней на гэтым тыдні міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроўзаяўляў, што Масква пагадзілася на ўсе пажаданьні Кіева па дастаўцы гуманітарнай дапамогі, што ўсе дэталі акцыі ўзгодненыя.

У сераду прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк на пасяджэньні ўраду сказаў, што Ўкраіна сама здольная забясьпечыць сваіх грамадзян і можа прымаць гуманітарную дапамогу выключна ў рамках міжнароднага права і па лініі Чырвонага Крыжа. У Кіеве выказалі засьцярогі, што адпраўлены Масквой канвой будзе выкарыстаны як падстава для ўварваньня расейскіх войскаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG