Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cябры верхняй Палаты беларускага парлямэнта, Савету Рэспублікі пазбавілі дэпутаткай недатыкальнасьці «сэнатара» Ганну Шарэйку, якая працавала дырэктарам Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, і далі згоду на яе крымінальны перасьлед. Чаму апошнім часам павялічваецца колькасьць гучных карупцыйных справаў? Ці пагражае рост карупцыі стабільнасьці ўлады? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леў Марголін.

Цыганкоў: Пра што кажа чарговы гучны карупцыйны выпадак? Ці пра тое,што кіраўніцтва краіны сапраўды стала надаваць больш увагі гэтай праблеме? Ці тут больш важныя іншыя прычыны — інфармацыйныя, прапагандысцкія, іншыя?

Марголін: Тут варта адзначыць тры моманты. Першы — гэта моцная карупцыйная «ёмістасьць» пасадаў, якія зьвязаныя з кіраўніцтвам прадпрыемстваў. У час, калі ў Беларусі няма прыватызацыі асноўных фондаў — іхнія кіраўнікі ўсё часьцей прыватызуюць зваротныя фонды, грашовыя і таварныя плыні.

Нельга адкідваць надыход выбараў. Народ, як сьцьвярджалі старажытныя рымляне, патрабуе хлеба і відовішчаў. Калі ў краіне напруга з «хлебам», то трэба даваць больш відовішчаў

Другое — цікава, што гэта ўжо другі запар за кароткі час такі выпадак у Савеце Рэспублікі. Хаця добра вядома, што члены гэтай верхняй палаты фактычна не выбіраюцца, а прызначаюцца. І перад гэтым гэтыя людзі пільна правяраюцца КДБ. І, на маю думку, калі арыштоўваюць гэтых кіраўнікоў — то трэба адначасова арыштоўваць і тых, хто праводзіў гэтую праверку.

Ну і трэцяе — вядома, нельга адкідваць надыход выбараў. Народ, як сьцьвярджалі старажытныя рымляне, патрабуе хлеба і відовішчаў. Калі ў краіне напруга з «хлебам», то трэба даваць больш відовішчаў. Калі эканамічная сытуацыя даволі напружаная, то Лукашэнка вяртаецца да свайго досьведу барацьбы з карупцыяй 20-гадовай даўніны.

Цыганкоў: Але хіба не магчымы той варыянт, што Лукашэнка ўсур’ёз заклапочаны ростам карупцыі, асабліва на фоне украінскіх падзеяў. Можа, беларускае кіраўніцтва адчувае,што для стабільнасьці ўлады і дзяржавы карупцыя ўяўляе сур’ёзную небясьпеку?

Марголін: Ведаеце, я не выключаю,што ўкраінскі досьвед напалохаў Лукашэнку. Але я ня веру, што ён ня ведае пра маштабы карупцыі. Я ведаю выпадкі, калі сілавыя структуры кажуць пра пэўных кіраўнікоў — «у нас на яго ёсьць цэлая шафа матэрыялаў, калі будзе сыгналь зьверху, мы яго адразу арыштуем». Але сыгналу няма.

Таму я думаю, што ўладзе добра вядома пра тое, што тварыцца ўнізе. Але арыштоўваюць толькі тых, якія «крадуць не па чыне», ці проста, каб арыштоўваць кагосьці з пэўнай пэрыядычнасьцю.

Сыстэмнай працы супраць карупцыі я ня бачу. Калі б Лукашэнку напалохалі падзеі ва Ўкраіне, то пачалася б сыстэмная праца. Як гэта рабіць — добра вядома, і неаднойчы ў сьвеце прымянялася. Але ў гэтым пляне нічога ня робіцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG