Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве патрабуюць ад улады справаздачы пра рамонт дарог


У Магілёве актывісты грамадзкіх і прафсаюзных арганізацыяў патрабуюць ад выканаўчай улады даць справаздачу пра расходаваньне сродкаў на рамонт дарог абласнога цэнтру. Падпісанты звароту патрабуюць ад старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Цумарава правесьці грамадзкія слуханьні на гэтую тэму.

На думку падпісантаў, сродкі на рамонт гарадзкіх магістраляў марнуюцца, а працы выконваюцца няякасна. Як прыклад згадваюць тое, што апошнія навальніцы падтапілі цэнтральныя вуліцы і размылі маставыя ўмацаваньні.

«Прамігнула паведамленьне, — кажа адзін з ініцыятараў звароту, сябра фонду імя Льва Сапегі Ўладзімер Шанцаў, — што ўжо 12 мільярдаў рублёў гэтак званага дарожнага падатку, які зьбіраюць з аўтамабілістаў, сёлета скарыстана на рамонт дарог у Магілёве. Але куды яны ідуць канкрэтна? У нікуды!», — лічыць Шанцаў.

«Гэтыя грошы марнуюцца», — заяўляе ён: «Неабходна правесьці грамадзкія слуханьні, каб нам расказалі ўсё пра гэты рамонт. Колькі грошай ужо патрачана, хто вінаваты. Калі дэпутаты як абраньнікі народу гэтага ня могуць патрабаваць ад выканаўчай улады, будзем патрабаваць мы».

Яшчэ адзін падпісант звароту, сябра Свабоднага прафсаюзу Юры Новікаў зазначае, што Беларусь не павінна станавіцца Расеяй, у якой дзьве бяды: «дарогі і дурні-начальнікі». На ягоную думку: «Грамадзкасьць павінна ведаць, якая арганізацыя праводзіць у Магілёве рамонт дарог, як яна атрымала падрад на яго і ці праводзіўся нейкі тэндэр на такія працы, ды якая гарантыя даецца на дарогу пасьля рамонту».

Прафсаюзны актывіст зазначае: «Пасьля кожнай зімы магістралі ў Магілёве ператвараюцца ў бездарожжа — як так можа быць? Якасьць рамонту дарог не вытрымлівае крытыкі. А хто за гэта нясе адказнасьць?»

За апошні тыдзень у Магілёве транспартны рух на цэнтральнай вуліцы Першамайскай два разы спыняўся з прычыны вялізных лужын. Пасьля навальніц каналізацыя не ўпраўлялася прымаць вялікія аб’ёмы вады.

XS
SM
MD
LG