Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Чырвоны Крыж» уступіў у кантакт з расейскім канвоем


«Чырвоны Крыж» заявіў, што наладзіў кантакт з канвоем расейскай дапамогі, які накіроўваецца да мяжы з Украінай. Арганізацыя паведаміла ў твітэры, што «любыя практычныя дэталі ўсё яшчэ трэба будзе ўдакладніць.»

Масква адхіляе прэтэнзіі, што канвой зьяўляецца падставай для адпраўкі ваеннай дапамогі сэпаратыстам, якія змагаюцца з урадавымі войскамі на ўсходзе Ўкраіны.

Так званы гуманітарны канвой, накіраваны Расеяй жыхарам паўднёвага ўсходу Ўкраіны, спыніўся каля гораду Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобласьці. Гэты горад знаходзіцца за 25 кілямэтраў ад мяжы з часткова кантраляванай сэпаратыстамі Луганскай вобласьцю Ўкраіны. Калёна белых «Камазаў», якая суправаджаецца трыма дзесяткамі ваенных машын, запаркавалася ў чаканьні афармленьня дакумэнтаў. Карэспандэнт The New Times паведаміў пра гэта са спасылкай на словы супрацоўніка МНС. Ён ня выключыў, што канвой будзе стаяць тут да 17 жніўня.

Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка на брыфінгу ў чацьвер заявіў, што рух гуманітарнага канвою Расеі будзе заблякаваны, калі калёна паспрабуе самавольна ўехаць на тэрыторыю Ўкраіны. Раней на гэтым тыдні міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заяўляў, што Масква пагадзілася на ўсе пажаданьні Кіева па дастаўцы гуманітарнай дапамогі, што ўсе дэталі акцыі ўзгодненыя. У сераду прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк на пасяджэньні ўраду сказаў, што Ўкраіна сама здольная забясьпечыць сваіх грамадзян і можа прымаць гуманітарную дапамогу выключна ў рамках міжнароднага права і па лініі Чырвонага Крыжа. У Кіеве асьцерагаюцца, што адпраўлены Масквой канвой будзе выкарыстаны як падстава для ўварваньня расейскіх войскаў.

У чацьвер зьявіліся паведамленьні, што з Кіева, Харкава і Днепрапятроўску выйшлі калёны украінскіх грузавікоў з гуманітарнымі грузамі для жыхароў Данбасу.

XS
SM
MD
LG