Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі б я сядзеў у Крамлі, я б думаў не пра слабейшых суседзяў, украінцаў і розных беларусаў ды эстонцаў, а пра тых, хто за нас мацнейшы, з боку якіх небясьпека дыхае ў патыліцу Радзімы-маці. І я марыў бы, як аднойчы гэтыя самыя «кітаёзы», як называюць іх напаўлюбоўна-напаўіранічна ў нашым народзе, стукаюцца ў дзьверы, а мы ім: валіце адсюль, усе месцы занятыя! У вас мільярд і ў нас. А для гэтага я, як гаспадар Крамля, перастану купляць новыя гарматы, а куплю масла, як марыў некалі сам Гандзі…

Чорт, але такі лагодны тон у мяне вычэрпваецца занадта хутка. Не хапае цярплівасьці з гэтым крамлёўскім вісусам. Лепшыя галовы расейскія рукі заломваюць: у краіне мора грошай, зусім шалёных нафтадаляраў, а яна стаіць незаселеная, пустая, занядбаная! І сапраўды. Раз ты магутны дзяржаўны галава, то раскінь мазгамі: каб кітайцы не прыйшлі аднойчы, не разбазарваць трэба свае насельніцкія рэсурсы, а паставіць ураду задачу нараджаць дзяцей. Давесьці лічбу насельніцтва хаця б да паўмільярду – вось гэта задума, вартая мудрага правіцеля. А ў яго ў галаве рыхтык імпэрыялістычныя замашкі на ўзроўні 1914-га: у суседзяў адхапіць кавалак, выкарыстаць іхныя цяжкасьці. І адна зь любімых цытат з самога сябе: «Расейская Фэдэрацыя пры развале Савецкага Саюзу пайшла на беспрэцэдэнтныя ў гісторыі чалавецтва ахвяры – аддала дзясяткі тысяч квадратных кілямэтраў сваіх ісконных тэрыторый». Хай ведаюць! Столькі адарвала ад сябе зь мясам, адкроіла з крывёй: бяры – не хачу! З астатняй тэрыторыяй, якой канца і краю няма, зрэшты, немаведама што рабіць. Газ і нафту толькі здабываць, а шчыльнасьць насельніцтва мізэрная.

Сам урад, канечне, новых расейцаў не нараджае, але няхай з кожнай мамай заключыць пагадненьне: мы табе кватэру (ці гатоўкай заплацім), а ты нам будучыя працоўныя рэсурсы, Іванаў ды Мар’яў... Але правіцель у чорнай кашулі і чорных акулярах, крамлёўскі «агент 007», што зноўку красуецца ў Севастопалі сёньня, робіць такую жыцьцёвую ідэю мёртванароджанай у хвіліну яе ўзьнікненьня: наперадзе расейскім мамам з харчамі дапамагаць патрэба будзе, зь дзіцячымі сумесямі, а не заахвочваць далярам нараджальнасьць узьнімаць. Яго ня лічбы насельніцтва турбуюць, а штось плыткае, мройнае, фатамаргана – свой уласны рэйтынг, які для яго кожны паслужлівы выканаўца намалюе які заўгодна. (Чаго ён сам ня можа ня ведаць.)

Так што, выбачайце, ня будзе аднаго мільярду расейцаў, сябры, і нават пра пяцьсот мільёнаў можна забыць. Азартны крамлёўскі гулец асвойтаўся ў новым казіно «Крым» і ніякіх грошай не пашкадуе. А як магло быць хораша: каб расейцаў стала, хай напачатку толькі сто пяцьдзесят мільёнаў, каб яны паказалі сьвету прыклад мірнага заможнага жыцьця, а ня лезьлі вечна ў бутэльку. Ня будзе.

Пакуль што Расею-матухну выгналі з клюбу вядучых краінаў сьвету. Пуцін узяў ды бразнуў дзьвярыма: нельга ў вышэйшай лізе, пайду ў першую. Але ж гэта ўжо зусім іншы каленкор, гэта ўсё роўна што цябе разжалавалі з генэралаў у маёры. Кэмэран, пішуць газэты, раздражняецца: Пуцін паводзіць сябе так, быццам ён нам патрэбны больш, чым мы яму. Мэркель не хавае непрыемнага зьдзіўленьня: у размовах зь ёю крамлёўскі начальнік гаварыў няпраўду, як можа адзін сусьветны лідэр падманваць другога? Былы дарадца Ельцына Сатараў раіць не даваць веры яго словам: язык дадзены разьведчыку, каб хаваць свае думкі, кажа Сатараў.

Пуцін ня бачыць вартых сабе навокал: «Ці зьяўляюся я дэмакратам чыстай вады? Канечне, я абсалютны і чысты дэмакрат. Але вы ведаеце, у чым бяда? У тым, што я такі адзін, іншых такіх у сьвеце проста няма. Пасьля сьмерці Махатмы Гандзі паразмаўляць няма з кім». Пытаньне толькі: ці пажадаў бы сам Гандзі? Але ў Пуціна такога пытаньня ня ўзьнікла. Між іншым, Гандзі забілі за чатыры з паловай гады да нараджэньня Пуціна. І як ён зь ім зьбіраўся паразмаўляць, цікава?

Адкуль жа сёньня неверагодная самаўпэўненасьць Пуціна? Ад нафтадаляраў, адкуль жа яшчэ! Пакуль ён быў двойчы прэзыдэнтам, нафта ўвесь час даражэла. Калі на адзін тэрмін саступіў сябру Мядзьведзеву прэзыдэнцкае крэсла і пайшоў ва ўрад, здарыўся ўвогуле цуд: цана на нафту падскочыла рэкордна – да 147 даляраў за барэль. Плаціць столькі было не па кішэні, у сьвеце пачаўся крызыс. Вядома, што тады стаў нарэшце мацнець даляр, і нафта патаньнела. Лічыцца, што яна даражэе, калі слабее амэрыканская валюта і наадварот.

Але Расея паступова і няўхільна ўзьнімала галаву. Нафтавыя цэны падагравала ў тым ліку вайна ў Іраку, распачатая ў 2003-м. На добры лад цяпер былы прэзыдэнт Буш павінен «з Крамля зь любоўю» на дзень нараджэньня атрымліваць абавязковы «рускі сувэнір» – бочку ікры, вялікую лыжку і матрошку з бутэлькай «Сталічнай» унутры.

На жаль, ніякіх падарункаў і любові, Пуцін вырашыў, што выйграў у лятарэі самастойна. Пры Гарбачове СССР прадаваў 144 мільёны тонаў сырой нафты. Гэта разам з Туркмэнскай і Азэрбайджанскай ССР, багатымі на сыравіну. Сама Расея стала цяпер экспартаваць 244 мільёны тонаў: адчуйце розьніцу! СССР нафта ня выратавала. А ці выратуе Расею?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG