Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Рубцоў, чалавек-майка: «Мой адказ уладзе — галадоўка да канца»


Супраць гомельскага грамадзкага актывіста Юрыя Рубцова, які перасьледуецца ўладамі за майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь», спрабуюць завесьці другую крымінальную справу — гэтым разам за пагрозу судзьдзі. За абразу судзьдзі Кірыла Палулеха Рубцова ўжо выклікалі ў Менск у Савецкі аддзел Сьледчага камітэту. З актывістам гутарыў наш карэспандэнт.

Пасьля двух арыштаў у Менску й Гомелі, працяглай галадоўкі і лекаваньня ў шпіталі Юры Рубцоў выйшаў на працу. Але дзень таму актывіста выклікалі позвай у сталіцу, у Савецкі аддзел Сьледчага камітэту, з прычыны распачатай у дачыненьні да актывіста крымінальнай справы нібыта за абразу раённага судзьдзі Кірыла Палулеха. У красавіку пасьля Чарнобыльскага шляху той на падставе міліцэйскіх пратаколаў пакараў Рубцова 25-суткавым арыштам.

Пытаюся ў актывіста: што ж здарылася такое, што праз амаль чатыры месяцы пасьля суду ў Савецкім раёне Менску яго падводзяць пад крымінальны артыкул, прычым не пад адзін?

Праз пратакол судовага паседжаньня можна абвінаваціць любога чалавека. Пратакол можна зьмяніць, бо суд не бярэ нават пад увагу дыктафонны запіс, які вядзе адвакат. Не прымае ў якасьці доказу. Суд не вядзе сам аўдыёзапіс паседжаньня. Фактычна суды вядуць пратаколы так, як хочуць

Рубцоў: «Відаць, доўга вырашалі, распачынаць крымінальную справу ці не. І нарэшце вырашылі ўзбудзіць на падставе пратаколу судовага паседжаньня, у якім мае словы скажоныя. Атрымалася, што нібыта я абразіў судзьдзю. Пратакол судовага паседжаньня, як я зразумеў, гэта наагул хітрая штуковіна ў судовай сыстэме. Атрымліваецца, што праз пратакол судовага паседжаньня можна абвінаваціць любога чалавека. Пратакол можна зьмяніць, бо суд не бярэ нават пад увагу дыктафонны запіс, які вядзе адвакат. Не прымае ў якасьці доказу. Суд не вядзе сам аўдыёзапіс паседжаньня. Фактычна суды вядуць пратаколы так, як хочуць».

Дык што канкрэтна Рубцоў сказаў судзьдзі, што той напісаў заяву пра абразу?

Рубцоў: «Я судзьдзі сказаў — ня памятаю, пасьля якой фразы, і ў пратаколе гэта ня згадваецца, — наступнае: судзьдзі, які прымаюць незаконныя рашэньні, — падонкі. У пратаколе судовага паседжаньня гэтых маіх словаў няма — там сказана па-іншаму: судзьдзі выносяць незаконныя рашэньні, і ты, судзьдзя, падонак. Практычна было закрытае судовае паседжаньне, бо ў залю нікога не пускалі, нягледзячы на тое, што многія хацелі прысутнічаць».

Суразмоўнік кажа, што з адвакатам напісаў шэраг заўваг на пратакол, аднак судзьдзя Палулех іх адхіліў.

Рубцоў: «У пратаколе судовага паседжаньня зьмененыя дзьве фразы. Гэта тое, што я нібыта абазваў судзьдзю „падонкам“. І тое, што я, калі адседжу суткі і выйду, то знайду судзьдзю і адпомшчу. Думаю: ну, калі такая фраза ў пратаколе ёсьць, то чаму зачапіліся толькі за абразу? Можна ж было адразу весьці справу па двух артыкулах? Напэўна, разьлічвалі, што я зьеду, мяне абвесьцяць у вышук і на гэтым усё скончыцца. А калі пабачылі, што нікуды не зьбіраюся ўцякаць, зьяўляюся па позвах, вяду сябе спакойна, то зразумелі, што я нікуды не зьбіраюся. Таму вырашылі напалохаць мяне, намякнуць, каб я зьехаў з краіны».

Юры ўдакладняе, што абвінавачаньне паводле артыкула аб пагрозе судзьдзі яму яшчэ ня выстаўлена. Ёсьць толькі запыт сьледчага ад 12 жніўня ў Савецкі РАУС г. Менску пра тое, ці разглядалася сытуацыя наконт пагрозы судзьдзі з боку Рубцова. Але і ў новых умовах актывіст не зьбіраецца ўхіляцца ад разгляду сваёй крымінальнай справы ў судзе:

«Я сьвядома іду на гэты суд і задаволены, што ён будзе. Па факце суд будзе нада мною, афіцыйна нада мною. Але па сутнасьці ён будзе над судовай сыстэмай нашай краіны. Таму мне б хацелася, каб на ім было як мага больш незаангажаваных людзей. І я пайду на яго, каб сказаць, што ўсе спосабы махінацыяў вядомыя. Мне будзе няёмка перад сабою, сваім сумленьнем спыніцца на паўдарозе, хоць я разумею, што рашэньне адносна мяне ўжо прынятае. І што суд гэты будзе ўсяго толькі спэктакль. Я буду ў ім удзельнічаць, але ня ў той ролі, якую мне падрыхтавалі, а ў іншай. І ў якасьці блазна будзе судовая сыстэма ў краіне».

Маё супрацьстаяньне й пратэст можа быць толькі адным: гэта — галадоўка. І галадоўка мая будзе да канца. Я ня буду размаўляць з аніводным супрацоўнікам сілавых структураў, з аніводным пракурорам альбо сьледчым

Рубцоў перакананы, што вынікам разгляду распачатай у дачыненьні да яго крымінальнай справы стане рэальнае зьняволеньне, да якога ён маральна падрыхтаваны:

«Разумею, што бессэнсоўна падаваць апэляцыі, хоць адвакат, магчыма, і будзе іх падаваць, і я буду падпісваць гэтыя дакумэнты. Маё супрацьстаяньне й пратэст можа быць толькі адным: гэта — галадоўка. І галадоўка мая будзе да канца. Я ня буду размаўляць з аніводным супрацоўнікам сілавых структураў, з аніводным пракурорам альбо сьледчым. Толькі поўны байкот усім супрацоўнікам сілавых структураў! Усе размовы толькі з адвакатам. І галадоўка, галадоўка да самай сьмерці. Я гатовы да гэтага. Зьехаць можна. І прымуць, не адмовяць. Але што гэта дасьць? Гэта ўладам толькі й трэба».

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка, які дапамагае Юрыю Рубцову пісаць лісты й заявы па справе, нагадвае пра абставіны яго перасьледу:

«У красавіку пасьля Чарнобыльскага шляху судзьдзя Савецкага суду Палулех судзіў Юрыя Рубцова напаўголага. Майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь» зь яго садралі. Судзьдзя распарадзіўся ў залю нікога не пускаць, апрача міліцыянтаў-ахоўнікаў. І калі судзьдзя Палулех адмераў Рубцову 25 сутак арышту, той і заявіў:"Судзьдзі, якія выносяць такія рашэньні, — падонкі«. У пратаколе ж запісана: «Гэта ня суд, а судзілішча, а ты (на судзьдзю) — падонак». З гэтага і ўзьнікла першая крымінальная справа.

Падставай для другой крымінальнай справы сталі запісаныя ў пратаколе праз тры дні нібыта сказаныя Рубцовым словы: «Я выйду і знайду, дзе ты жывеш, і ты ў мяне адкажаш за ўсё». Насамрэч Рубцоў сказаў: «Я адсежу і выйду, а судзьдзі, якія выносяць незаконныя рашэньні, няхай жывуць са сваім нячыстым сумленьнем».

Рубцоў з адвакатам, як толькі прачыталі пратакол, зрабілі на яго заўвагі і пра згаданыя рэмаркі, і пра шмат якія яшчэ. Аднак судзьдзя не прыняў гэтых заўваг і пратакол ня выправіў. Аўдыёзапіс у беларускіх судах не вядзецца. Нікога з журналістаў і менскіх удзельнікаў Чарнобыльскага шляху на судовае паседжаньне не пусьцілі. Цяпер актывіста перасьледуюць яшчэ й за тое, што нібыта пагражаў судзьдзі. А сьведкі — склад суду і міліцыянты, якія зьдзекаваліся зь Юрыя Рубцова".

Тым часам сьледчы ўзяў з Рубцова падпіску пра нявыезд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG