Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускамоўныя карыстальнікі Фэйсбука атрымліваюць запрашэньне паўдзельнічаць ва ўдасканаленьні перакладу сацыяльнай сеткі на беларускую мову.

«Facebook залежыць ад падтрымкі з боку людзей, як вы, каб дапамагчы захаваць на нашым сайце аўтэнтычную беларускую мову», — гаворыцца ў паведамленьні.

У межах адмысловага прыкладаньня прапануецца прагаласаваць за варыянты перакладу, якія карыстальнік лічыць правільнымі: каментаваць — камэнтаваць, адлюстраваць — паказаць, стужка — хроніка, фатаздымак — фотаздымак — здымак — фота, прыбрана з летапісу — схавана са стужкі — схавана з летапісу, толькі што — зараз — толькі зараз, наведвае — пачаў навучацца, распрацоўшчык — распрацоўнік, запыты — звароты, больш не падабаецца — спыніць гэты пункт сімпатыі, смайлік — усьмешка, упадабаў — падабаецца, камэнтар — заўвага ды багата іншых.

Таксама кожны можа прапанаваць свой варыянт перакладу.

Адзін зь перакладчыкаў сацыяльных сетак «Укантакце» і «Фэйсбук» Усевалад Чорны лічыць, што такія апытаньні для карыстальнікаў — інструмэнт адсочваньня грамадзкай думкі, а выбар таго ці іншага варыянту робяць ужо беларускія перакладчыкі, якія супрацоўнічаюць з сацыяльнай сеткай:

«Сыстэма перакладаў у Фэйсбуку даволі дзіўная, як, зрэшты, і сам Фэйсбук. Фішка ў тым, што ёсьць пэўная колькасьць перакладчыкаў, адзін зь якіх я, якія прапаноўваюць свае варыянты перакладаў. Таксама ёсьць адміністратары, якія могуць зьмяняць і дадаваць пераклады. Галасаваньні ад імя звычайных карыстальнікаў, відаць, патрэбныя ў якасьці апытаньня грамадзкай думкі, якая ў выніку можа паўплываць на рашэньне перакладнікаў. Аднак гэта ня значыць, што любы карыстальнік можа адным клікам зьмяніць пераклад таго ці іншага сэгмэнту», — кажа Ўсевалад Чорны.

Старонка беларускай каманды аўтарызаваных перакладчыкаў Фэйсбука налічвае 16 чалавек.

З апытанкі, якую прапаноўваюць звычайным карыстальнікам, становіцца зразумелым, што большасьць варыянтаў паўстала ў выніку выбару паміж тарашкевіцай і наркамаўкай. Што да перакладу Фэйсбука, то перамагае тарашкевіца, лічыць Усевалад Чорны:

«Відавочная перавага ў бок тарашкевіцы. Толькі часам мне нешта трапляецца на наркамаўцы. Вельмі рэдка. Калі фармальна падыходзіць да пытаньня, то перавагу тарашкевіцы можна патлумачыць пазыцыяй адміністрацыі беларускага перакладу Фэйсбука, якая прымае канчатковае рашэньне што да перакладаў».

Актыўны карыстальнік Фэйсбука, мовазнаўца Ўладзь Кошчанка кажа, што ў галасаваньні па выбары беларускіх словаў і выразаў бярэ ўдзел вельмі мала карыстальнікаў, і ўвогуле толькі каля 50% усяго аб’ёму Фэйсбука перакладзена на беларускую.

«Трэба, каб была каманда, якая б працавала ўвесь час. Але ж гэта трэба асобны праект, грошы, каб людзі працавалі. А так нехта зойдзе, левай нагой зробіць... Атрымліваецца не дэмакратыя, дзе меркаваньне кожнага ўлічваецца, а анархія. Чаму? Калі б мова нармальна функцыянавала, тады не было б праблемаў з такім падыходам, дзе ёсьць варыянты, прыкладна аднолькава прымальныя для ўсіх. У нашай сытуацыі, калі нормы разбураныя і іх некалькі, пачынаецца хаос. Шмат людзей, якія цяпер хочуць карыстацца беларускай мовай, не гаварылі на ёй зь дзяцінства, і таму яны не адчуваюць, што правільна, а што не. Вось слова ёсьць у слоўніку, здаецца і значэньне тое, а ў нейкім кантэксьце беларускамоўны чалавек яго б ніколі ня ўжыў».

Уладзь Кошчанка таксама прызнае, што ў Фэйсбуку больш выразаў і слоў, напісаных клясычным правапісам, але кажа, што асабіста ён супраць гэтага:

«Я за разьвіцьцё мовы, але не такімі мэтадамі. Я слова „камэнты“ не ўжываю, для мяне гэта чужое. Я ня супраць, калі так нехта піша, але нам трэба ўсё ж вызначыцца, нездарма ж „Наша Ніва“ вярнулася да акадэмічнага правапісу. У нашай сытуацыі ня варта разгойдваць човен, трэба, каб была нейкая стабільнасьць. Мэтай павінна быць не ператварэньне мовы ў штандар змаганьня, а ўсталяваньне беларускай мовы ва ўсіх сфэрах жыцьця — сярод чыноўнікаў, міліцыянтаў, рабочых, бандытаў Калі ж кідацца ў скрайнасьці, як з тарашкевіцай, то гэта ператварэньне мовы ў штандар. А ці шмат людзей, гатовых ісьці за штандарам? Ды нямнога. Людзі баяцца такіх рэчаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG