Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімер Хільмановіч: «Амаль кожная вёска на Гарадзеншчыне мае свайго рупліўца беларушчыны»


Уладімер Хільмановіч

Уладімер Хільмановіч

Гардзенскі краязнаўца Ўладзімер Хільмановіч у сэрыі «Гарадзенская бібліятэка» выпусьціў «Каляндарны краязнаўчы даведнік Гарадзеншчыны».

Над выданьнем аўтар працаваў блізу 20 год. У даведніку, сярод іншага, сабраныя зьвесткі пра 600 найбольш выбітных асобаў Гарадзеншчыны, падаюцца даты адметных гістарычных падзеяў.

Карэспандэнт: «Такое выданьне на Гарадзеншчыне цяперашнім часам — рэдкая зьява. Калі ласка, прадстаўце яго. У чым яго адметнасьць?»

Хільмановіч: «Канцэпцыя майго календара ў тым, што гэта ўнівэрсальны даведнік, які прыдатны на кожны дзень. Гэта, па сутнасьці, летапіс датаў нараджэньняў і сьмерцяў выдатных людзей, летапіс гістарычных падзеяў. Вельмі важна было адлюстраваць, што амаль кожная вёска на Гарадзеншчыне мае свайго цікавага чалавека, які прычыніўся да беларушчыны».

Карэспандэнт: «Якімі крытэрамі вы карысталіся пра складаньні календара?»

Хільмановіч: «У мяне быў такі крытэр, што вы ня знойдзеце тут ні герояў сацыялістычнай працы, ні чырвоных камандзіраў савецкіх. Хоць, магчыма, і сярод іх былі вартыя людзі, але яны адлюстраваныя ў іншых даведніках.

А я пастараўся адлюстраваць тут прозьвішчы ўдзельнікаў паўстаньняў, удзельнікаў антыбальшавіцкага супраціву, а таксама рупліўцаў беларушчыны, якіх ужо няма з намі. Прыблізна ў каляндары інфармацыя пра 600 асобаў, якія былі зьвязаныя лёсам з Гарадзеншчынай. Што да асобаў, то я думаю, што гэта найбольш поўны даведнік па асобах Гарадзеншчыны».

Карэспандэнт: «Што было найбольш складаным у працы над календаром?»

Хільмановіч: «Складанасьцяў шмат. Па-першае, блытаніна старога і новага стыляў. У календарах гэта вялікая бяда, бо мноства даведнікаў падае розныя даты з-за розьніцы ў стылях. Па-другое, супярэчлівыя дадзеныя ў розных выданьнях, крыніцах. Дзе я назіраў такія разыходжаньні, а іх вельмі шмат, бралася за аснову больш аўтарытэтная, правераная крыніца, якая вартая даверу».

Карэспандэнт: «Я наколькі заўважыў, у календары не прапушчаны ніводзін дзень году...»

Хільмановіч: «Так, безумоўна. На кожны дзень знайшлася мінімум адна, дзьве, а ў сярэднім па чатыры падзеі...»

Карэспандэнт: «Сёньня ў нас 14 жніўня. Можа, пабачым, што кажа ваш каляндар?»

Хільмановіч: «Сёньня якраз была падпісана Крэўская унія ў 1385 годзе, якая істотна зьмяніла лёс Вялікага Княства. У гэты ж дзень 1889 году памёр Аляксандар Гінтаўт-Дзевалтоўскі — беларускі рэлігійны дзеяч, удзельнік нацыянальнага вызвольнага руху на Гарадзеншчыне. У гэты дзень у Асьвенціме загінуў у 1941 годзе Максыміліян Кольбэ. Чаму ён у даведніку? Бо ён служыў у гарадзенскім кляштары францішканцаў. І сучасная дата: у Крэўскім замку і на Янавай гары пад Крэвам у 1985 годзе былі адзначаныя 600-я ўгодкі Крэўскай уніі. Гэта былі найбольш масавыя грамадзкія акцыі».

Карэспандэнт: «Звычайна календары выходзяць напрыканцы году, магчыма — на пачатку. А ваш зьявіўся неяк ледзьве не ў сярэдзіне...»

Хільмановіч: «Менавіта так выйшла, бо ён не прывязаны да пачатку каляндарнага году. І гэта ня столькі каляндар, колькі даведнік, які прыдатны на кожны год. Вядома, у ідэале было б цудоўна выдаваць перакідныя календары на кожны год, але магчымасьцяў так стала іх выдаваць папросту няма».

XS
SM
MD
LG