Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна зможа ўжыць санкцыі супраць Расеі


Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк
Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк

Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон аб санкцыях. Пасьля галасаваньня прэм’ер-міністар Арсені Яцанюк падзякаваў дэпутатам ад імя ўраду і адзначыў, што сёньня парлямэнт паказаў, што «Ўкраіна ўмее сябе абараняць».

Законапраект прадугледжвае 30 розных відаў санкцый. У прыватнасьці, украінскія ўлады змогуць блякаваць актывы дзяржаваў, фізычных і юрыдычных асобаў, абмяжоўваць гандлёвыя апэрацыі, прыпыняць выкананьне фінансавых абавязацельстваў і аказваць іншае эканамічнае ўзьдзеяньне.

Падставай для прыняцьця санкцый могуць стаць дзеяньні замежнай дзяржавы, фізычнай або юрыдычнай асобы, якія ствараюць пагрозу нацыянальным інтарэсам Украіны, яе цэласнасьці і сувэрэнітэту, а таксама прыводзяць да акупацыі тэрыторыі краіны ці парушэньня правоў і свабодаў грамадзян Украіны.

Асобным пунктам у сьпісе магчымых санкцый ставіць забарона, частковая або поўная, палётаў, транзіту рэсурсаў і перавозак грузаў па тэрыторыі Ўкраіны. Таксама магчымая забарона ўваходу судоў ва ўкраінскія порты і заходу самалётаў ў паветраную прастору краіны.

12 жніўня, калі законапраект разглядаўся ў Вярхоўнай Радзе ў першым чытаньні, прэм’ер-міністар Арсені Яцанюк даў зразумець, што законапраект прадугледжвае, у выпадку неабходнасьці, спыненьне расейскага газавага транзыту праз Украіну.

У рамках санкцый таксама магчыма ануляваньне візаў, адмена афіцыйных візытаў, забарона дзейнасьці палітычных партый, спыненьне культурнага абмену і іншае.

Прадстаўляючы сёньня законапраект, Яцанюк паведаміў, што да другога чытаньня ў тэкст дакумэнтаў быў унесены шэраг паправак. «Гэта рамачны законапраект, які дае дзяржаве права абараняць свае інтарэсы, — адзначыў Яцанюк. — Кіраўнік украінскай дзяржавы праз Раду нацыянальнай бясьпекі і абароны будзе мець права ўвесьці шэраг санкцый накшталт тых, якія ўводзяцца нашымі заходнімі партнэрамі — краінамі Эўразьвязу, ЗША і «Вялікай сямёркі».

Законапраект, прыняты Вярхоўнай Радай у першым чытаньні, даваў магчымасьць уладзе спыняць распаўсюд СМІ, якія ўяўляюць сабой пагрозу нацыянальнай бясьпецы.

Крытыкі законапраекту адзначалі, што палажэньні закону могуць быць выкарыстаныя, каб прымусіць замаўчаць іншадумцаў унутры самой Украіны. Міжнародныя праваабаронцы расцанілі гэтыя палажэньні законапраекту, як істотнае адступленьне Ўкраіны ад прынцыпаў свабоды слова.

Паводле Яцанюка, урад пагадзіўся выключыць з пераліку санкцый абмежаваньне і спыненьне прадстаўленьня паслугаў паштовай сувязі, забарону і абмежаваньне тэле- і радыётрансьляцый, абмежаваньне або спыненьне дзейнасьці СМІ і абмежаваньне і спыненьне вытворчасьці друкаваных СМІ і іншай інфармацыйнай прадукцыі. «Мы лічым, што такія рашэньні могуць прымацца выключна судамі Ўкраіны ў адпаведнасьці з законамі і Канстытуцыяй», — сказаў Яцанюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG