Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветная арганізацыя аховы здароўя прызнала распаўсюд вірусу сьмяротнай ліхаманкі Эбола ў заходняй Афрыцы надзвычайнай сытуацыяй міжнароднага значэньня.

За апошнія двое сутак ад гэтай ліхаманкі памерла 56 чалавек. Пачынаючы з сакавіка ад гэтага сьмяротнага віруса пайшлі з жыцьця 1069 чалавек, а ўсяго ад моманту, як вірус ліхаманкі Эбола быў адкрыты, памерлі каля 2500. Агульная колькасьць інфікаваных дасягнула 1975 чалавек, паведамляе Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя.

Цяпер ліхаманка буяе ў чатырох афрыканскіх краінах — Гвінэі, Лібэрыі, Сьера-Леонэ і Нігерыі. Але дайшла яна ўжо і да Эўропы — 12 жніўня ў Мадрыдзе памёр гішпанскі сьвятар Міхель Пахарэс, які заразіўся вірусам у Лібэрыі. У Нямеччыне з сымптомамі, характэрнымі для сьмяротнай ліхаманкі, шпіталізавалі 28-гадовага мужчыну, які прыляцеў зь Сьера-Леонэ.

Ці дабярэцца вірус да Беларусі? Міністэрства аховы здароўя запэўнівае, што папераджальныя захады робяцца яшчэ з сакавіка. У нацыянальным аэрапорце ўсталяваныя адмысловыя прылады для вымярэньня тэмпэратуры на адлегласьці, кшталту цеплавізараў. Цень чалавека з нармальнай тэмпэратурай — чорнага колеру, з павышанай — чырвонага.

Дацэнт Мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, лекар-інфэкцыяніст Мікола Галабародзька кажа:

«Ліхаманка Эбола адносіцца да групы інфэкцыяў, якія называюцца віруснымі гемарагічнымі ліхаманкамі. Іх даволі шмат, і некаторыя даволі лёгкія. Скажам, ёсьць гемарагічная ліхаманка з ныркавым сындромам, яна сустракаецца ў Беларусі. Але частка гэтых гемарагічных ліхаманак — вельмі небясьпечныя. Яны так і называюцца — „небясьпечныя гемарагічныя ліхаманкі“. У іх даволі невялікі пэрыяд інкубацыі: то бок, калі чалавек быў у кантакце і заразіўся, то ён даволі хутка пачынае хварэць сам. І першая прыкмета — гэта якраз-такі падвышэньне тэмпэратуры, менавіта ліхаманка. Каб даляцець з Афрыкі да Беларусі, спатрэбіцца ня дзьве гадзіны, а значна больш. Таму сымптомы павінны праявіцца за гэты час.

Калі ёсьць такія сымптомы і чалавек прыбывае з рэгіёну, дзе ёсьць гэтая небясьпечная гемарагічная ліхаманка Эбола, то, вядома, яго трэба ізаляваць і назіраць, у што гэта выльецца».

Навукоўцы мяркуюць, што пераносчыкі ліхаманкі Эбола — дзікія жывёлы (першапачаткова хваробу зарэгістравалі ў глухіх афрыканскіх вёсках, у трапічных лясах). Галоўныя пераносчыкі — пладаядныя кажаны сямейства крыланавых, а таксама малпы цынамолгус, шымпанзэ, гарылы і антылёпы.

А вось кажаны, якія водзяцца ў Беларусі, ня могуць пераносіць вірус Эбола. Няма ніякіх падставаў апасацца, у кантынэнтальную Эўропу рукакрылыя не залятаюць, сьцьвярджае загадчык лябараторыі аптымізацыі экасыстэм праблем Палесься Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат біялягічных навук Віктар Дзям’янчык.

Але беларускія навукоўцы дасьведчаныя, што тычыцца самых экзатычных вірусаў, кажа кандыдат мэдычных навук Мікола Галабародзька:

«Беларусь у пляне вірусалёгіі, увогуле мікрабіялёгіі — даволі прасунутая краіна, і цяпер, і раней. Яшчэ ў часы Савецкага Саюзу ў нас у лябараторыях Інстытуту мікрабіялёгіі захоўваліся якраз вірусы небясьпечных гемарагічных ліхаманак, і гэта было, бадай, адзінае месца ў Савецкім Саюзе, дзе працавалі з гэтымі вірусамі. Так што нейкі досьвед ёсьць. Адзінае — гэты досьвед ня тычыцца тэрапіі і вынікаў лячэньня».

А вось экзатычныя хваробы ў Беларусь часам завозяць падарожнікі, і лекары-інфэкцыяністы лячыць іх умеюць:

«Сутыкаліся, канечне. Беларусы, можа, падарожнічаюць ня так часта, як эўрапейцы і амэрыканцы, але цяпер усё болей і болей. Такіх супэрэкзатычных інфэкцыяў у нас ня так шмат, але штогод мы маем завозную малярыю, часам мы маем лейшманіёз, іншыя. То бок завозныя інфэкцыі ёсьць».

На пытаньне, ці можа небясьпечны вірус Эбола ўсё ж такі праскочыць у Беларусь, Мікола Галабародзька адказаў так:

«Пагроза нібыта далёкая, але захады робяцца ўсім сьветам даволі жорсткія. Спадзяюся, што не прапусьцім».

XS
SM
MD
LG