Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Манэўры расейскага канвою: напрамак — Луганск. Відэа


Расейскі гуманітарны канвой сёньня аднавіў рух да мяжы з Украінай. Ён едзе па дарозе, якая вядзе на поўдзень, у кантраляваны сэпаратыстамі Луганск. Пра гэта паведамляе агенцтва Associated Press.

Канвой, які складаецца з прыкладна 300 машынаў, зь вечара аўторка знаходзіўся на вайсковым складзе ў Варонежы, пакуль ішлі спрэчкі наконт таго, дзе і як ён перасячэ расейска-украінскую мяжу.

Адпраўляючы канвой на поўдзень, Расея дэманструе намер не выконваць папярэдняе пагадненьне, паводле якога груз мусіў быў быць дастаўлены ў Харкаўскую вобласьць, мяжа якой кантралюецца ўкраінскімі ўладамі, і дзе ён мог быць правераны прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа. Замест гэтага грузавікі, хутчэй за ўсё, патрапяць ва Ўкраіну праз Луганскую вобласьць, дзе большая частка мяжы кантралюецца сэпаратыстамі.

Масква настойвае на тым, што яе гуманітарная місія ўзгодненая з Чырвоным Крыжам. Прэсавы сакратар Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжу Анастасія Ісюк заявіла сёньня, што перамовы паміж арганізацыяй, Украінай і Расеяй працягваюцца, але яна ня можа паведаміць, куды пойдзе расейскі канвой.

«Пляны ўвесь час мяняюцца, дыскусіі ідуць, і мы ня можам пацьвердзіць напэўна, ці дасягнутая дамоўленасьць,» — сказала Ісюк ў Жэневе. — Практычныя дэталі яшчэ трэба будзе ўдакладніць паміж двума бакамі«.

Прадстаўнікі ўкраінскай улады асьцерагаюцца, што гуманітарная місія РФ можа быць выкарыстаная ў якасьці падставы для стварэньня сталай расейскай прысутнасьці ў рэгіёне, і блытаніна ў дамоўленасьцях падсілкоўвала асьцярогі расейскай інтэрвэнцыі як у Кіеве, гэтак і на Захадзе.

У сераду прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка абвінаваціў Маскву ў плянах «прамога ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны пад выглядам аказаньня гуманітарнай дапамогі.»

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў у сераду, што гуманітарная апэрацыя адбывалася пры поўным супрацоўніцтве з Чырвоным Крыжам, але ня стаў камэнтаваць маршрут канвою.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG