Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Роснефть» просіць у Расеі больш за $40 мільярдаў з-за санкцыяў


Кампанія «Роснефть» просіць пазычыць ёй з фонду нацыянальнага дабрабыту 1,5 трыльёна рублёў.

Прэзыдэнт «Роснефті» Ігар Сечын зьвярнуўся ва ўрад з просьбай аб фінансавай дапамозе, пішуць расейскія «Ведомости» са спасылкай на «чалавека з нафтавай галіны і чацьвярых фэдэральных чыноўнікаў». Гэта ж вынікае з ліста ад 12 жніўня намесьніка міністра эканамічнага разьвіцьця Алега Фамічова ў Мінэнэрга. У лісьце Міністэрства эканамічнага разьвіцьця па даручэньні старшыні ўрада Дзьмітрыя Мядзьведзева аналізуе прапановы Сечына.

Прадстаўнік ураду ад афіцыйных камэнтароў адмовіўся, запыт у Мінэканамразвіцьця застаўся без адказу. Прэс-служба «Роснефти» камэнтароў па сутнасьці не прадставіла.

Сечын прапануе пяць спосабаў падтрымкі кампаніі, вынікае з ліста Фамічова. Самы дарагі для дзяржавы — выкуп за кошт фонду нацыянальнага дабрабыту новых аблігацыяў кампаніі на 1,5 трыльёна рублёў.

Неабходнасьць такой дапамогі Сечын ў лісьце тлумачыць уведзенымі супраць кампаніі санкцыямі ЗША, распавядаюць суразмоўцы выданьня «Ведомости».

19 ліпеня Мінфін ЗША забараніў амэрыканскім кампаніям, банкам і грамадзянам, а таксама ўсім, хто вядзе апэрацыі праз ЗША, прадстаўляць «Роснефти», «Новатеку» «Газпромбанку» і «Внешэкономбанку» крэдыты і пазыкі больш, чым на 90 дзён, а таксама акцыянэрнае фінансаваньне. Хоць санкцыі, якія абмяжоўваюць прыцягненьне доўгатэрміновага фінансаваньня, увялі толькі ЗША, эўрапейскія банкі і інвэстары дэ-факта да іх далучыліся, таму што многія з іх працуюць на амэрыканскім рынку і ня хочуць праблем з уладамі ЗША, тлумачыў супрацоўнік апарата ўраду Расеі.

Чысты доўг кампаніі «Роснефть» на канец чэрвеня складаў як раз 1,5 трыльёна рублёў (каля $ 44,5 мільярда даляраў).

XS
SM
MD
LG