Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Данбасе мяняюць затрыманых сэпаратыстаў на ўзятых у палон украінскіх вайскоўцаў

Ва Ўкраіне створаны Гуманітарны цэнтар вызваленьня закладнікаў, які будзе займацца абменам і вызваленьнем палонных у Данбасе.

Рашэньне аб яго стварэньні было прынятае пасьля сэрыі абменаў, якія адбыліся пры пасярэдніцтве кіеўскай грамадзкай арганізацыі «Афіцэрскі корпус». Адна з самых прыкметных апэрацый арганізацыі была праведзена ў канцы ліпеня, калі 40-гадовую журналістку пракрамлёўскага сеткавага тэлеканала ANNA-News і блізкую сяброўку «лідэраў ДНР» Аляксандра Барадая і Ігара Гіркіна Вольгу Кулыгіну, затрыманую на адным з памежных пераходаў пры спробе завезьці ва Ўкраіну буйную суму грошай, абмянялі на 17 украінскіх афіцэраў і грамадзянскіх асобаў, якія знаходзіліся ў палоне ў кантралюючага Горлаўку Ігара Безьлера.

Уладзімер Рубан, які каардынаваў гэты абмен, кажа, што яго арганізацыя выступае ў якасьці пасярэдніка, паколькі мае магчымасьць весьці перамовы з прадстаўнікамі самаабвешчаных ЛНР і ДНР, а таксама зь іншымі палявымі камандзірамі, якія дзейнічаюць у рэгіёне. Усяго ж, па падліках нядаўна створанай арганізацыі, у палоне ў сэпаратыстаў знаходзіцца да 800 чалавек.

Тое, што ва Ўкраіне адбываецца абмен палоннымі, — сьведчаньне, што ўзброены канфлікт выходзіць за межы вызначэньня, якое яму дае ўкраінскае заканадаўства: антытэрарыстычная апэрацыя. Гэта ўскосна пацьвярджае і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа. Па словах яго прадстаўніка ў Маскве Вікторыі Зоцікавай, нягледзячы на тое, што арганізацыя не займаецца кваліфікацыяй канфлікту і сама не называе тое, што адбываецца ў Данбасе, вайной, Чырвоны крыж заклікаў прытрымлівацца ў Данбасе міжнароднага права ў дачыненьні да грамадзянскага насельніцтва, параненых і палонных. Уладзімір Рубан, які ўжо некалькі месяцаў абменьвае палонных у Данбасе, называе тое, што адбываецца на ўсходзе Ўкраіны, вайной:

— На гэтай вайне ўжо стаў традыцыйным, хоць гэта нядобрае ў дадзеным выпадку слова, выкуп закладнікаў. Бок Луганскай і Данецкай народных рэспублік бярэ каго-небудзь у палон і прапануе сваякам вызваленьне за грошы: ад 5 да 20 тысяч даляраў. Закладнікаў захопліваюць і з мэтай выкупу. Як правіла, у такіх выпадках гаворка ідзе пра бізнэсмэнаў, і сумы вар’іруюцца да «казачных»: ад 50-100 тысяч і вышэй, да 1 мільёна.

— Даволі вялікая частка закладнікаў — гэта альбо афіцэры ўкраінскай арміі, альбо вайскоўцы. За іх таксама патрабуюць выкуп?

— У некаторых выпадках патрабуюць. Баявыя дзеяньні — гэта ня проста міліцэйская або паліцэйская апэрацыя па вызваленьні кагосьці. Тут фронт. Ўтрымліваюцца цэлыя гарады. Ёсьць людзі з аўтаматамі як з аднаго, так і з другога боку. Адпаведна, з абодвух бакоў гінуць, становяцца параненымі і трапляюць у палон.

— Вы пачалі сваю дзейнасьць з таго, што вызвалілі свайго сябра. Чаму Вы вырашылі працягваць перамовы па абмене іншых палонных і затрыманых?

— Скажу шчыра: я не плянаваў займацца гэтай дзейнасьцю. Гэта быў афіцэр нашай арганізацыі «Афіцэрскі корпус», а, як кіраўнік арганізацыі, я проста быў абавязаны ўдзельнічаць у яго вызваленьні. Дзяржава на той момант разгубілася і ня ведала, як дзейнічаць, абмяжоўвалася бюракратычнымі адпіскамі: так, мы займаемся, так, мы вядзем перамовы, не перашкаджай. А ў мяне быў сталы кантакт з прадстаўнікамі ДНР, і я разумеў, што ніхто не вядзе перамоваў. Тады мне прыйшлося плюнуць на дзяржаву, сабраць афіцэраў, рушыць у Данецк і непасрэдна там уступіць у перамовы. У мяне, вядома, не было прапаноў па абмене. Я ня ведаў і не ўяўляў, як гэта будзе адбывацца. Але я ведаў, што для таго, каб яго выратаваць, неабходна пачаць пра яго размаўляць. Гэта была галоўная мэта. Мы за ўласныя грошы прыехалі ў Данецк, дамовіліся аб тым, што нам забясьпечаць нейкую бясьпеку. Пра мяне навялі даведкі. А потым вызвалілі [дарадцу Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны] Мікалая Якубовіча і яшчэ чатырох цяжкапараненых. Я ж праз два дні выканаў сваё абяцаньне і прывёз у Данецк аднаго зь лідэраў «Аплота» Леаніда Баранава, якога адпусьцілі з залі суда. А далей зьвярталіся сябры, зьвярталіся з абодвух бакоў, з Луганска, з Данецка. Бок «Наваросіі» не хацеў ні з кім іншым мець справы, паколькі ўбачылі, што я рэальна вырашаю пытаньні. Калі мне трэба, то тэлефаную ў ФСБ, СБУ.

— Такія шырокія сувязі ў Вас з часоў службы ў войску?

— Я скончыў Чарнігаўскае лётнае ваеннае вучылішча зьнішчальнікаў. У выведцы з 1987 году. У нашай арганізацыі шмат выведнікаў, прадстаўнікоў Службы бясьпекі Ўкраіны, МУС, арміі. Але такіх, як я, вельмі шмат. Практычна ў кожнага афіцэра ёсьць кантакты, ёсьць сябры ў Расеі, у краінах постсавецкай прасторы. Як правіла, мы альбо вучыліся ў адных ваенных вучылішчах, альбо разам служылі або выконвалі сумесныя баявыя задачы яшчэ ў СССР. Мы ўжо ня хлопчыкі. Таму і кантакты засталіся. Мы не ваюем са сваімі сябрамі. Мы не перадаем выведдадзеных. Мы займаемся выратаваньнем жыцьцяў. І калі для гэтага патрабуецца нейкая дапамога, мы просім пра яе і знаходзім яе...

— Ва ўмовах вайны Вы ўсё ж такі стаіце па розныя бакі ўмоўнага фронту.

— Так, мяне называлі здраднікам з двух бакоў: і ўкраінскі бок, паколькі я маю зносіны з процілеглым бокам, і з процілеглага боку мяне абазвалі здраднікам, бо таксама не зразумелі, каго я абараняю. Людзі на вайне патрабуюць аднабокага бачаньня. Альбо вораг, альбо сябар. Мы ж прытрымліваемся нэўтральнасьці, міратворчасьці. Таму ў нас статус па-за вайной, калі так можна сказаць. Мы на вайне, мы пераходзім лінію фронту, мы рызыкуем атрымаць кулі з абодвух бакоў. Так ужо было: і стралялі, і ў палон траплялі, і празь мінныя палі праходзілі. Але мы вопытныя і, як вэтэраны, ведаем, як дзейнічаць правільна, што можна абяцаць, а што нельга. Мы не даем абяцаньняў ад імя ўрада, украінскай арміі, не даем гарантый з нагоды дзеяньняў, напрыклад, «Луганскай народнай рэспублікі». Мы ў свой час ваявалі і цяпер прытрымліваемся міратворчага статусу. Лягатып у нас такі ж, як у ААН, — бела-блакітны.

— Вы кажаце, што траплялі ў палон. Зь перагаворшчыкам такое таксама здараецца?

— Гэта адбылося падчас першай апэрацыі па вызваленьні палонных. Мы дамагліся вызваленьня закладнікаў, і нам трэба было ехаць у Кіеў, каб дамовіцца аб перадачы з украінскай бокам. Мы зь яшчэ адным афіцэрам купілі квіткі на цягнік Данецк — Кіеў. На вакзале нашы пашпарты заўважылі. І калі праз 4 гадзіны цягнік адпраўляўся, у яго ўвайшлі людзі з аўтаматамі і нас выкралі: надзелі мяшкі на галовы і павезьлі ў абласную адміністрацыю горада Данецка. Прывялі на 3 паверх, паставілі на калені, прыставілі нажы да горла і пісталеты. Трошкі памялі нас, але можна было цярпець. Высьвятлялі, хто мы і адкуль.

— Вас адпусьцілі ў той жа дзень і не трымалі ў падвале, як некаторых іншых закладнікаў?

— Так, у падвале нас не трымалі. Сталі высьвятляць, і мы папрасілі зьвярнуцца да таго атраду, да якога мы прыяжджалі і які забясьпечваў нашу бясьпеку. І пасьля пачалося высьвятленьне паміж гэтымі атрадамі. У рэшце рэшт нас прывезьлі назад на вакзал. Але нам давялося пераначаваць у Данецку. Гэта было 8 траўня. А на наступны дзень, 9 траўня, пасольства Нямеччыны зьвярнулася з просьбай дапамагчы эвакуяваць з Славянска сям’ю немцаў.

— Кажуць, у вас ёсьць ахоўныя граматы ад Андрэя Пургіна з ДНР і Валерыя Болатава з ЛНР. Як вы іх атрымалі?

— У мяне ёсьць пацьверджаньні ад украінскіх уладаў, па якіх я магу прадстаўляць Украіну на перамовах. Сапраўды, такі ж дакумэнт мне ўручылі ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Па гэтых граматах я магу суправаджаць калёны, магу перасоўвацца па тэрыторыі Ўкраіны і канкрэтна ў зоне баявых дзеяньняў. І ўсім камандзірам баявых атрадаў з абодвух бакоў рэкамэндавана спрыяць і садзейнічаць майму перамяшчэньню.

— Пры якіх абставінах Вы такія граматы атрымалі? Для гэтага патрабавалася нейкая праверка?

— Мяне правяралі даўно — яшчэ ў першыя дні. А атрымаў я іх 1,5 месяцы таму. Да гэтага мы езьдзілі бязь іх.

— У чым гэтая праверка складалася?

— Правярала ФСБ, напэўна, па сваіх каналах. Але я і нашы афіцэры да таго часу пасьпелі даказаць справай, як мы дзейнічаем.

— Як Вы пазнаёміліся з кантралюючым Горлаўку Ігарам Безьлерам? Дзякуючы гэтаму знаёмству былі вызваленыя 17 закладнікаў. Як праходзіў працэс перамоваў?

— Спачатку было некалькі нескладаных тэлефонных размоваў. І калі першы абмен з Вольгай Кулыгінай зайшоў у тупік, украінскі бок тры дні не падымаў слухаўку, калі тэлефанаваў Безьлер, і не размаўляў зь ім. У яго, напэўна, не заставалася іншых варыянтаў, і ён праз свайго памочніка запрасіў мяне да сябе. Я тры разы езьдзіў да яго на таксі ў вечаровы час і, на жаль, толькі атрымліваў інфармацыю ад Безьлера, ён мяне вывучаў. Інфармацыю я павінен быў перадаць па сваіх каналах тым, хто займаўся абменам і вызваленьнем Кулыгінай. Але яны, на жаль, няўдала з гэтым справіліся, і іх адхілілі ад абмену. Да гэтага часу я ўжо напрацаваў нейкі досьвед, і мяне паставілі перагаворшчыкам да Безьлера. Потым ён мне паказаў відэа расстрэлу [двух украінскіх афіцэраў], і я быў вымушаны за кароткі час паведаміць пра гэта ў СБУ і атрымаць інфармацыю па далейшых дзеяньнях. Гэта было ў 21:00, а ў 23:45 я павінен быў патэлефанаваць Безьлеру. Я ня змог нікому датэлефанавацца. І а 23:45 я патэлефанаваў яму і паведаміў, што не магу выканаць яго патрабаваньне, нават перадаць інфармацыю, але я буду далей працягваць тэлефанаваць да раніцы. Прасіў яго не расстрэльваць, пачакаць і не расстрэльваць афіцэраў [Безьлер абяцаў расстраляць васьмярых]. У 12 гадзін ён павінен быў пачаць расстрэльваць астатніх. Паводле яго слоў. Дык вось усё гэта пачалося. Потым Безьлер запрасіў мяне, паказаў жывых «расстраляных», але ўзяў зь мяне слова афіцэра, што я нікому не скажу, што яны жывыя. Таму ў мяне атрымалася трайная залежнасьць. Я ня мог жонкам расстраляных сказаць праўду, што іх мужы жывыя. А мець зносіны з жонкамі даводзілася. Яны тэлефанавалі. Гэта складаная псыхалягічная нагрузка. Але потым празь некаторы час Безьлер ня вытрымаў і сам абвясьціў іх жывымі. А далей мы працягвалі. Я быў зацікаўлены выцягнуць афіцэраў. Калі іх было 5 чалавек, украінскі бок даў дабро на абмен, але я прапаноўваў павялічыць гэты лік. Спачатку да 15, а потым да 17. Потым была апэрацыя па вызваленьні.

— У выніку абмену на волі аказваюцца людзі, якія паводле ўкраінскіх законаў павінны паўстаць перад судом. І іх адпускаюць з СІЗА, каб абмяняць на афіцэраў украінскай арміі. Леанід Баранаў, адзін з кіраўнікоў па справах ваеннапалонных і бежанцаў самаабвешчанай ДНР, быў у турме, і потым яго выпусьцілі, каб адбыўся абмен.

— У нас няма такога паняцьця, як абмен ваеннапалоннымі. Мы робім усё, што можам. Што павінна быць на першым месцы: недасканаласьць закону або выратаванае жыцьцё? Выратаванае жыцьцё. Таму я пазьбягаю камэнтаваць недасканаласьць закону, — распавёў Уладзімір Рубан, які займаецца вызваленьнем і абменам палонных у Данбасе. Створаны ім Цэнтар па вызваленьні закладнікаў зьбіраецца каардынаваць працу зь міжнароднымі арганізацыямі АБСЭ, ААН і Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа і, акрамя асноўнай дзейнасьці, плянуе суправаджаць дастаўку гуманітарных грузаў і мэдыкамэнтаў у зону баявых дзеяньняў.

XS
SM
MD
LG