Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З-за моцнай залевы раніцай 14 жніўня ў Мінску, якая паралізавала рух на многіх вуліцах і праспэктах, МНС увяло ў дзеяньне плян «Пасэйдон».

«МНС вядзе маніторынг сытуацыі ў рэжыме онлайн. Яна можа зьмяняцца кожныя 3–5 хвілін», — паведаміў БелаПАН прэсавы сакратар Менскага гарадзкога ўпраўленьня Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Віталь Дэмбоўскі.

Паводле яго слоў, ратавальнікам, у прыватнасьці, давялося аказваць дапамогу пасажырам тралейбуса, які захрас у вадзе пад мастом на вуліцы Русіянава ў мікрараёне Уручча. Было эвакуявана 12 чалавек, якіх ратавальнікі даставілі ў бясьпечныя месцы.

«Таксама ва ўзмоцненым рэжыме працуюць гарадзкія службы. „Гаррамаўтадар“ там, дзе неабходна, ачышчае ліўневую каналізацыю ад галінак, лістоты і бруду», — сказаў Дэмбоўскі.

Ён таксама паведаміў, што ў выпадку неабходнасьці ратавальнікі гатовыя адпампоўваць ваду з падвальных памяшканьняў будынкаў, але пакуль няма патрэбы.

«Адпампоўваць ваду з вуліц бессэнсоўна, бо пасьля адпампоўкі яна зноў сьцякае ў забітую ліўневую каналізацыю», — патлумачыў прэс-сакратар.

Паводле дадзеных карыстальнікаў сацсетак, затопленымі апынуліся бульвар Тараса Шаўчэнкі, вуліцы Валгаградзкая, Веры Харужай, ўчасткі праспэктаў Машэрава, Незалежнасьці, Нямігі, мікрараёна Каменная Горка, Малінаўка, вуліцы Карла Лібкнэхта, Максіма Багдановіча, у раёне станцый мэтро «Пушкінская», «Парк Чалюскінцаў» і многія іншыя месцы.

XS
SM
MD
LG