Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча сабраць Пуціна, Назарбаева і Парашэнку ў Менску


Аляксандр Лукашэнка 13 жніўня абмеркаваў з Уладзімерам Пуціным і Нурсултанам Назарбаевым ініцыятыву сустрэчы ў Менску прэзыдэнтаў Беларусі, Казахстана, Расеі і Ўкраіны.

Тэлефонныя размовы Лукашэнкі і Пуціна цягам учарашняга дня адбываліся двойчы. Прэсавая служба Лукашэнкі паведамляе:

«Прэзыдэнты Беларусі і Расеі глыбока абмеркавалі функцыянаваньне Эўразійскага эканамічнага саюза ва ўмовах ўвядзеньня Расейскай Фэдэрацыяй эмбарга на шэраг катэгорый замежнай прадукцыі і зьвязаныя з гэтым пытаньні транзыту забароненага грузу праз Беларусь».

Пуцін «падрабязна праінфармаваў» Лукашэнку аб праблемах, якія ўзьніклі з дастаўкай гуманітарнага грузу насельніцтву, які пражывае на ўкраінскіх тэрыторыях, дзе вядуцца баявыя дзеяньні.

«Адной з цэнтральных тэм у чарговы раз стала ініцыятыва аб правядзеньні сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі, Казахстана, Расеі, Украіны. Прэзыдэнт Беларусі даўно прапанаваў правесьці яе ў Менску, каб абмеркаваць тыя праблемы, якія могуць паўстаць ва Ўкраіны з Мытным саюзам у сувязі з падпісаньнем пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ і канфрантацыяй, якая працягваецца там. Аб прапрацоўцы такой ідэі Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна заявіў на сустрэчы зь лідэрамі кампартый Расеі і Ўкраіны Генадзем Зюганавым і Пятром Сіманенкам», — адзначае прэс-служба.

Лукашэнка і Пуцін падкрэсьлілі, што ў сустрэчы могуць прыняць удзел і «іншыя зацікаўленыя бакі».

Тэмай будучай сустрэчы стала таксама прадметам абмеркаваньня ў тэлефоннай размове Аляксандра Лукашэнкі і прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.

Лукашэнка праінфармаваў кіраўнікоў Казахстана і Расеі аб праведзенай напярэдадні позна вечарам тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

XS
SM
MD
LG