Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крым «наш». А Калінінград ужо не?


Аўтары так званых «антысанкцый», якія забаранілі пастаўкі на расейскі рынак прадуктаў заходніх краінаў, выявілі дзіўны клопат пра Крым. У сьпісе дзяржаваў, якія ня могуць больш пастаўляць харчы ў Расею, не аказалася Ўкраіны — нягледзячы на тое, што допуск ўкраінскай прадукцыі і так рэгулярна блякуецца акупацыйнай уладай. І гэта лёгка тлумачыцца менавіта крымскімі інтарэсамі.

Пасьля анэксіі паўвострава хутка высьветлілася, што існуючая лягістыка не дазваляе забясьпечыць Крым расейскімі прадуктамі — справа і ў высокіх цэнах, і ў праблемах з пастаўкамі. І ўкраінскія прадукты, якія былі трыюмфальна выгнаныя акупантамі разам зь дзяржавай, зь якой у Крыма «не было ніякіх сувязяў», досыць хутка вярнуліся на рынак паўвострава.

І, запэўніваю вас, не пакінуць гэты рынак нягледзячы на ўсе прыдзіркі і «санітарныя нормы» імя Анішчанкі. Вядома, можна думаць, што рана ці позна расейскія прадукты заменяць украінскія. Калі ўзровень жыцьця крымчан зраўняецца з узроўнем жыцьця жыхароў суседніх рэгіёнаў Расеі. Калі пабудуюць мост праз Керчанскую пераправу. Калі прадукты з Крыма ня будуць вывозіцца прадпрымальнымі Краснадарскімі прадпрымальнікамі. Словам — спадзяваньні ёсьць, магчымасьці — адсутнічаюць. І на фоне гэтых адсутных магчымасьцяў адмовіцца ад украінскіх прадуктаў азначае запраграмаваць каляпс.

А каляпс у сытуацыі, калі Крым стаў вялізарнай «пацёмкінскай вёскай», якая дэманструе расейскую клопат, проста не дапушчальны. Менавіта таму — а не з-за асаблівай любові да Ўкраіны — тая і ня трапіла ў расейскі сьпіс харчовых ізгояў. А вось Польшчы і Літве пашанцавала нашмат менш. Хоць менавіта гэтыя дзьве краіны забясьпечваюць прадуктамі іншы рэгіён Расеі — Калінінградзкую вобласьць.
Для тых, хто забыўся геаграфію сучаснай Эўропы, нагадаю, што Калінінградзкая вобласьць — экскляў Расеі, аддзелены ад яе асноўнай тэрыторыі тэрыторыямі Беларусі і Літвы, і які мяжуе з Польшчай. Такім чынам, асноўныя імпартныя прадукты на рынку Калінінграда — польскія і літоўскія, пад іх пастаўкі было скіравана ўсё забесьпячэньне вобласьці. Але, паколькі для Крамля Калінінградзкая вобласьць — гэта не «пацёмкінская вёска», а звычайны расейскі рэгіён, аб праблемах, якія могуць паўстаць з прычыны ўвядзеньня санкцый супраць Літвы і Польшчы, ніхто нават і ня ўспомніў. Толькі пасьля таго, як рашэньне было прынятае, у Маскве паабяцалі «асобна» разгледзець калінінградзкую праблему.

Разгледзелі. Міністар сельскай гаспадаркі Расеі Мікалай Фёдараў паабяцаў калінінградцам дапамагаць «імпартазамяшчальным галінам». Віцэ-прэм’ер калінінградзкага ўраду Канстанцін Суслаў выказаўся з захапленьнем: «рэгіён атрымаў унікальны шанец, каб падцягнуцца па аграрнаму сэктару».

Мала хто ўпэўнены ў тым, што Крым, выкарыстаны для ціску на новую Ўкраіну, сапраўды надоўга застанецца ў складзе Расеі

Яшчэ ўчора калінінградзкія журналісты прадказвалі, што для іх роднай вобласьці зробяць выключэньне і перасьцерагалі прадпрымальнікаў рэгіёну ад спакусы ўвозіць «забароненыя прадукты» ў аддзеленую дзяржаўнымі межамі Расею. Але зараз зразумела, што ніякіх выключэньняў ня будзе. На калінінградзкія трывогі ў Маскве адрэагавалі са звыклым цынізмам. Тое, што вобласьць сутыкнецца з дэфіцытам прадуктам, павышэньнем цэн і падаражэньнем харчовага кошыка, нікога ў Маскве не турбуе. Як, зрэшты, і тое, што зараз свае выхадныя дні калінінградцы будуць праводзіць у супэрмаркетах суседніх польскіх і літоўскіх гарадоў пад насьмешлівымі позіркамі гаспадароў. Так, гэта самае звычайнае прыніжэньне. Але не эўрапейцаў — расейцаў. Прыніжэньне, якое яшчэ раз даказвае, наколькі расейскім уладам пляваць на звычайных людзей.

Прычым, як і ў гісторыі з паўднёвакарэйскім «Боінгам», усё гэта не адмыслова. Калінінград проста патрапіў пад руку — а Крым не патрапіў. Пакуль што. Калі паўвостраў будзе знаходзіцца ў складзе Расеі доўгі час, ён перастане быць каханым стварэньнем Уладзімера Пуціна і падзеліць агульны лёс, лёс Калінінграда і Разані, да якіх нікому ніякай справы няма.

І апошняе, таксама калінінградзкае. Хоць Усходняя Прусія была далучана да Савецкага Саюзу пасьля Другой сусьветнай вайны, рэальнае разьвіцьцё рэгіёну пачалося толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў. Практычна да 1975 году, калі Леанід Брэжнеў паставіў свой подпіс пад Хэльсынскім актам, які канчаткова легітымізаваў пасьляваенныя эўрапейскія межы, у Крамля не было поўнай упэўненасьці, што ўсё гэта — назаўсёды. Такім чынам, замест таго, каб марнаваць грошы на сумнеўны рэгіён, зь яго вывозілі ўсё, што толькі можна было вывезьці і фінансавалі па астаткавым кошце.

Калі б простыя крымчане мелі б магчымасьць пагаварыць з прадстаўнікамі расейскай палітычнай эліты, яны б пабачылі, што «Крымнаш» для гэтых людзей — тэлевізійны лёзунг. Мала хто ўпэўнены ў тым, што Крым, выкарыстаны для ціску на новую Ўкраіну, сапраўды надоўга застанецца ў складзе Расеі. А калі няма такой упэўненасьці — то ня будзе і грошай. Наадварот, з Крыма будзе бліжэйшым часам выкачвацца ўсё, што можна — каб калі ўжо і вяртаць «хахлам» паўвостраў, то ў разбураным і спустошаным стане. Зрэшты, разруха і спусташэньне — гэта і лёс тых рэгіёнаў, прыналежнасьць якіх да Расеі ні ў каго сумневаў не выклікае. Так што ў гэтым сэнсе Крыму таксама трэба будзе падзяліць лёс краіны, якая яго акупавала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG