Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дораны конь», «траянскі конь», «воўк у авечай скуры» ці «пуцінскі трук». Гэтыя выразы сустракаюцца практычна ў кожнай заходняй публікацыі пра расейскі гуманітарны канвой.

Што гэта — дапамога мірным жыхарам, спроба пераўзброіць паўстанцаў ці прыкрыцьцё для вайсковага ўварваньня? «Магчыма, — прагназуе выданьне Independent, — насоўваецца вайна паміж Расеяй і Ўкраінай. Расейскі канвой з гуманітарнай дапамогай газэта называе тыповым элемэнтам пуцінскага тэатру, дзе ніхто дакладна ня ведае, што знаходзіцца за заслонай. Гэта сур’ёзная пагроза сувэрэнітэту Ўкраіны, мяркуе выданьне.

«Гэты канвой — траянскі конь Пуціна?» — задаецца пытаньнем Globe and Mail. Аўтары выданьня лічаць, што Кіеў справядліва забараняе некантраляваны ўезд доўгай калёны машын, накіраваных Крамлём.

«Тут шмат падазрэньняў і недаверу, — пракамэнтаваў сытуацыю выданьню The New York Times палітоляг Канстанцін фон Эгэрт. — Пры такіх абставінах да канвою ставяцца як да ваўка ў авечай скуры».

Але, паводле яго, у гэтага канфлікту ёсьць іншы бок. Калі лёс канвою будзе доўга заставацца нявырашаным, гэта можа справакаваць узброенае сутыкненьне паміж Расеяй і Ўкраінай, якога спрабуюць пазбегнуць ўсе бакі.

The Daily Beast асцерагаецца, што пагроза расейскага ўварваньня стала больш рэальнай з-за адступленьня ўкраінскай арміі ад расейскай мяжы і страты кантролю над 100-кілямэтровым яе адрэзкам. «Вядома, самае трывожнае — ня тое, што расейскія „міратворчыя“ войскі пранікнуць ва Ўкраіну пад выглядам аднаго „гуманітарнага канвою“, а тое, што проста хлынуць праз доўгі адрэзак неахоўваемай мяжы і зробяць сваю прысутнасьць няўхільным фактам, перш, чым Украіна пасьпее зрэагаваць ваеннымі або дыпламатычнымі сродкамі», — заключае выданьне.

«Пуцінскі трук з гуманітарным канвоем Захад вывеў на чыстую ваду», — сьцьвярджае Time. Як нагадвае карэспандэнт часопісу Сайман Шустэр, нягледзячы на спробы расейскага боку надаць грузавікам канвою максімальна міралюбны выгляд, прадстаўленьне аказалася недастаткова пераканаўчым: ЗША і іх саюзьнікі папярэдзілі, што расейскі канвой — «воўк у авечай шкуры», а Кіеў заявіў, што ня ўпусціць яго ў краіну.

Мэта гэтага канвою, верагодна, больш складаная чым гуманітарная дапамога, аднак яна зьвязана, хутчэй, з унутранай палітыкай Расеі, а не зь яе ваеннымі плянамі. У Расеі колькасьць прыхільнікаў гуманітарнай падтрымкі Ўсходняй Украіны ад траўня трымаецца на ўзроўні 90%, тады як грамадская падтрымка ідэі ўварваньня падае — і Крэмль ня можа гэта ігнараваць.

«Гэта вельмі разумны ход Пуціна, — мяркуе Мэцью Ражанскі з Цэнтра Вільсана. — Ён дазваляе праілюстраваць „крайнасьці“ заходняга падыходу, згодна зь якім любое дзеяньне Расеі агрэсіўнае і контрпрадуктыўнае».

У большасьці выпадкаў гэтая пазіцыя была дакладнай, аднак канвой з гуманітарнай дапамогай здаецца рэдкім выключэньнем з правіла. «Ён дазволіў бы Пуціну захаваць твар перад сваім электаратам, адказаўшы на патрабаваньні грамадзтва накіраваць расейскую гуманітарную місію ва Ўкраіну. Цяпер жа гэта здаецца немагчымым без выкарыстаньня ваеннай сілы. Уваходзіла гэта ў пляны Пуціна ці не, але недавер Захаду яго да гэтага наблізіў», — робіць выснову Шустэр.

На думку аглядальніка Der Spiegel Морыца Гатмана, у сытуацыі з гуманітарным канвоем Пуцін «хоча паўстаць у вобразе выратавальніка і адначасова выставіць напаказ бессардэчнасьць Захаду і ўкраінскага ўраду».

Кіеў і многія заходнія палітыкі асьцерагаюцца, што аднабаковая «гуманітарная місія» Расеі можа стаць прадвесьнікам расейскай акупацыі Ўсходняй Украіны. У прыватнасці, Масква магла б кантрабандай правезьці ў канвоі ўзбраеньне для апалчэнцаў ці паслаць сваіх вайскоўцаў усьлед за канвоем для яго «абароны», — піша выданьне.

«Тое, што зараз спрабуе зрабіць Пуцін, трактуецца на мове міжнароднага права як легалізацыя агрэсіі», — заяўляе былы дарадца расейскага прэзыдэнта Андрэй Іларыёнаў. Адпраўка «гуманітарных канвояў» і «падраздзяленняў МНС» зьяўляецца, паводле ягоных словаў, часткай стратэгіі па «захопу чужых тэрыторый». Гэты крок цалкам адпавядае стратэгіі Расеі ў Абхазіі, Паўднёвай Асеціі і Прыднястроўі, упэўнены Іларыёнаў.

У аглядзе выкарыстаныя матэрыялы сайту inopressa.ru

XS
SM
MD
LG